Навука пачынаецца тут

Рыхтуючыся да II з’езда вучоных краіны, “Настаўніцкая газета” паставіла мэтай прэзентаваць універсітэцкую навуку — і не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах, дзе таксама выконваюцца даследаванні сусветнага ўзроўню. Паказаць розныя напрамкі: хімію, біятэхналогіі, тэхнічныя навукі, гуманітарыстыку… Расказаць пра нашых вучоных — дасведчаных, аўтарытэтных і зусім маладых, якія толькі пачынаюць свой шлях у навуку. Пагрузіць чытача ў жывое ўніверсітэцкае асяроддзе, дзе кіпіць навуковая творчасць і нараджаюцца новыя навукоўцы.

Трэба сказаць, што пастаўленая мэта, аказалася звышскладанай, бо вымушае асягнуць неабсяжнае. У нашых універсітэтах ствараюць спадарожнікі, сінтэзуюць лекі, развіваюць 3D-друк… Вучоныя ўдзельнічаюць у глабальных міжнародных праектах (Вялікі адронны калайдар, флагманскі еўрапейскі праект “Графен” і інш.), прыкладаючы руку (розум, талент) да новых цікавых адкрыццяў. Кожны паасобку і ўсе разам яны робяць вялікую справу — сваімі вынаходкамі мяняюць наша жыццё, і нашу краіну, і свет.

Вялікая навука пачынаецца тут — у вышэйшай школе. Толькі ў сістэме Міністэрства адукацыі працуе звыш 1300 дактароў і каля 850 кандыдатаў навук, 35 акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў НАН Беларусі. Варта адзначыць, што ўніверсітэцкая навука — гэта не толькі даследаванні і распрацоўкі. Дзякуючы намаганням вучоных, павышаецца якасць падрыхтоўкі спецыялістаў. Ідучы ўслед за іх дасягненнямі, фарміруецца маладое пакаленне даследчыкаў.

Сёння ва ўніверсітэтах Міністэрства адукацыі дзейнічае звыш 200 студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый для тых, хто ўжо праявіў схільнасць да навукі. Універсітэцкая навука ідзе шырокім фронтам: тысячы маладых людзей спрабуюць сілы, набываюць вопыт навуковага асэнсавання свету і прымяраюць на сябе нялёгкую мантыю вучонага. Вынікам стануць сотні талковых аспірантаў, а потым — і вучоных, якія будуць рухаць айчынную і сусветную навуку.

Так склалася, што ў нас добра ведаюць спартсменаў, палітыкаў, дзеячаў культуры. Было б добра, каб такую шырокую вядомасць мелі і вучоныя. Гэтыя апантаныя, творчыя, захопленыя сваёй справай людзі дастойны таго, каб імі ганарыліся.

Задача папулярызацыі навукі ў значнай ступені вырашалася ў Год навукі — мы шмат пісалі пра вучоных і іх распрацоўкі. Цяпер вялікая надзея ўскладаецца на ІІ з’езд вучоных краіны. Гэта вельмі значная падзея для ўсёй навуковай галіны, якая адкрывае магчымасці для шырокіх дыскусій і прыняцця важных рашэнняў.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *