Навука падобная на час, яна заўсёды ідзе наперад і ніколі назад!

“З-за чаго сёння ў школе вельмі мітусліва? Таму што мы адкрываем “Тыдзень навукі і творчасці — 2017”, — з гэтых слоў у сярэдняй школе № 4 Магілёва пачаўся Тыдзень навукі. Для настаўнікаў і вучняў Тыдзень навукі і творчасці з’явіўся падставай заняцца даследаваннямі, а таксама магчымасцю праявіць творчыя здольнасці ў навуковай дзейнасці. Правядзенне падобных мерапрыемстваў уводзіцца ў вучэбна-выхаваўчы працэс школы з мэтай павышэння цікавасці навучэнцаў да вывучэння прадметаў школьнага цыкла, развіцця пазнавальнай і творчай актыўнасці дзяцей, павышэння прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў.

Кожны вучэбны дзень нёс пэўную прадметную накіраванасць.

“Эксперыментальная лабараторыя” (хімія, біялогія, фізіка) адчыніла свае дзверы для вучняў школы. Навучэнцы 8—11 класаў прынялі ўдзел у інтэлектуальнай гульні, у паўзах дзецям паказвалі займальныя доследы. Акрамя гэтага, навучэнцы старшых класаў дэманстравалі доследы малодшым школьнікам.

У фае школы праходзіў конкурс-выстава на лепшую насценгазету, прысвечаную тэматыцы тыдня. Пераможцамі ў гэтым конкурсе сталі 2 “А”, 2 “В”, 3 “А”, 4 “А”, 4 “Б”, 5 “Б”, 6 “А”, 9 “А” класы.

Выніковым мерапрыемствам тыдня стала агульнашкольнае тэатралізаванае прадстаўленне, на якім былі падведзены вынікі, узнагароджаны пераможцы конкурсаў, а таксама дзеці, якія прымалі актыўны ўдзел у Тыдні навукі і творчасці.

Алена СТУДНЕВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 4 Магілёва.