Навука становіцца паспяховым бізнесам

- 10:54Актуально, Апошнія запісы

3 жніўня адбылося ганаровае адкрыццё інавацыйнага цэнтра тэхнапарка БНТУ. Гэтую значную падзею прыйшлі раздзяліць з калектывам універсітэта старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях А.Г.Шумілін, першы намеснік міністра адукацыі В.А.Богуш, намеснік міністра аховы здароўя І.Г.Ласіцкі, кіраўнік апарату НАН П.А.Віцязь, партнёры і прадстаўнікі навукі, бізнесу і прамысловасці нашай краіны.

Заглядваючы ў гісторыю развіцця і станаўлення тэхнапарка БНТУ, якому сёлета спаўняецца 25 гадоў, не перастаеш здзіўляцца яго імкліваму ўзлёту ў інавацыйным развіцці і яго паспяховай дзейнасці ў статусе вядучага ўніверсітэцкага навукова-тэхналагічнага парка. За гэты час створана развітая і гібкая структура навукова-інавацыйных і маркетынгавых падраздзяленняў, наладжаны плённыя партнёрскія адносіны з вядучымі навукова-даследчымі і інавацыйнымі інстытутамі краін блізкага і далёкага замежжа.

Сёння “Палітэхнік” — гэта сучасная інфраструктура, сэрвіс-зона для паспяховага ўзаемадзеяння стартапаў, бізнесу, вучоных і інвестараў. Гэта вельмі важнае звяно навукова-адукацыйнага і вытворчага кластара ўніверсітэта, якому адведзена функцыя камерцыялізацыі распрацовак БНТУ праз стварэнне новых інавацыйных прадпрыемстваў і вытворчасцей і ў далейшым прасоўвання іх на рынак.

За час дзейнасці тэхнапарка БНТУ было створана 20 кампаній-рэзідэнтаў. Разам з імі былі распрацаваны і працягваюць удасканальвацца больш за 50 перадавых тэхналогій і прадуктаў у сферах медыцыны, апрацоўкі металу, энергетыкі, экалогіі, будаўніцтва, інфармацыйных тэхналогій. Прадукцыя тэхнапарка прадстаўляецца на шматлікіх міжнародных выставах і форумах і рэалізуецца ў 35 краінах свету.

Тэхнапарк — гэта месца, дзе навука становіцца паспяховым бізнесам. Як адзначыў генеральны дырэктар “Палітэхніка” Ю.Г.Аляксееў, тэхнапарк імкнецца падтрымліваць супрацоўніцтва ў галіне навукі і тэхнікі са стратэгічнымі партнёрамі Беларусі і зацікаўлены ў павелічэнні экспарту навукова-тэхнічнай прадукцыі. Тэхнапарк вядзе цеснае ўзаемадзеянне з такімі краінамі, як Расія, Украіна, Казахстан, Кітай, і на яго базе Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях сумесна з Міністэрствам адукацыі адкрылі цэнтры навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва з гэтымі краінамі. Усяго ў тэхнапарку дзейнічае восем такіх цэнтраў.

Вялікую значнасць адкрыцця новага інавацыйнага цэнтра адзначыў старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях А.Г.Шумілін.

Па яго словах, у Дзяржаўнай праграме інавацыйнага развіцця нашай краіны, акрамя традыцыйнай стаўкі на буйныя вытворчасці і інавацыйныя праекты, удзелена вялікая ўвага стварэнню неабходнай інфраструктуры.
— Сёння трэба павысіць ролю малога і сярэдняга інавацыйнага прадпрымальніцтва ў развіцці нашай эканомікі, — заявіў А.Г.Шумілін. — Мы маем таленавітую, творчую, наватарскую моладзь, якой трэба ствараць спрыяльныя ўмовы для рэалізацыі сваіх ідэй, для распачынання свайго бізнесу, арганізацыі вытворчасці і развіцця міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы навукі і інавацый.

Кіраўнік Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях паведаміў, што ў тэхнапарку БНТУ знаходзіцца адзін з найбуйнейшых цэнтраў супрацоўніцтва ў навукова-тэхнічнай галіне з кітайскімі калегамі. Стварэнне новага інавацыйнага цэнтра дазволіць даць яшчэ адзін імпульс для развіцця сумесных праектаў дзвюх краін.

— Новая пляцоўка ўпісваецца ў агульную канцэпцыю нашага супрацоўніцтва, — адзначыў А.Г.Шумілін. — Там будуць нараджацца ідэі, стартапы, якія перарастуць у бізнес-інкубатары Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень”, а паспяховыя праекты рэалізуюцца ў буйныя вытворчасці як у Беларусі, так і ў Кітаі.

Як было адзначана, у нашай краіне развіццю дзейнасці тэхнапаркаў удзяляецца асаблівая ўвага. Іх успрымаюць як эфектыўныя пляцоўкі для арганізацыі інавацыйных і высокатэхналагічных вытворчасцей. На сёння ў тэхнапарках краіны задзейнічана 1,5 тысячы чалавек. Толькі за мінулы год там было выраблена інавацыйнай прадукцыі на суму $40 млн. За апошнія пяць гадоў у арганізацыях — рэзідэнтах тэхнапаркаў Беларусі колькасць рабочых месцаў і аб’ём вытворчасці інавацыйнай прадукцыі павялічыліся больш чым у два разы.

У ходзе мерапрыемства быў арганізаваны паказ інавацыйных прадуктаў і вытворчасцей, былі прадстаўлены ўнікальныя тэхналогіі і распрацоўкі ў галіне медыцыны, сучасных тэхналогій інжынерыі і многія іншыя праекты, якія сталі прызнаным дасягненнем тэхнапарка.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.