Навука як інтэлектуальнае хобі

- 12:10Навука і інавацыі

Праблемы з выбарам будучай прафесіі ў Аляксандра Трафімука не было. Цікавасць да матэматыкі з’явілася ў яго дзякуючы настаўніцы Ніне Міхайлаўне Вашкевіч. За гэта сённяшні кандыдат фізіка-матэматычных навук ёй шчыра ўдзячны, як, дарэчы, і бацькам, якія падтрымалі сына і скіравалі яго здольнасці ў правільнае рэчышча.

Калі Аляксандр паступаў на фізіка-матэматычны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, то і не думаў, што яго так захопіць навуковая дзейнасць. Да яе здольнага хлопца заахвоціла кандыдат фізіка-матэматычных навук Таісія Ільінічна Шыла.
Малады чалавек скончыў магістратуру і аспірантуру Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, пасля чаго ў 26 гадоў абараніў дысертацыю на тэму “Канечныя групы з абмежаваннямі на сілаўскія падгрупы секцый” і вярнуўся ў alma mater у якасці выкладчыка.
У БрДУ імя А.С.Пушкіна 30-гадовы А.А.Трафімук прайшоў шлях ад выкладчыка кафедры алгебры і геаметрыі да яе загадчыка. Сёння ён працуе дацэнтам кафедры алгебры, геаметрыі і матэматычнага мадэлявання. Выкладае ўводзіны ў матэматыку, алгебру, тэорыю лічбаў, лічбавыя сістэмы, вылічальныя метады і камп’ютарнае мадэляванне, актуальныя праблемы алгебры і камп’ютарную алгебру.
А.А.Трафімук удзельнічаў у выкананні шэрага навукова-даследчых распрацовак і міжнароднага праекта TEMPUS, а таксама з’яўляўся лаўрэатам прэзідэнцкай стыпендыі для аспірантаў і таленавітых маладых навукоўцаў. На рахунку матэматыка шмат навуковых артыкулаў.
Аляксандр Аляксандравіч у выбары прафесіі не расчараваўся. Фінансавае пытанне ў навуковай дзейнасці не з’яўляецца для яго вызначальным, а цікавасць да навукі падсілкоўваецца прыроднай дапытлівасцю і незгасальнай мэтанакіраванасцю.
— Матэматыка — добрая зарадка для мозга, а навука — інтэлектуальнае хобі, — прызнаецца А.А.Трафімук, які ў вольны час любіць адправіцца ў грыбное паляванне ці на рыбалку, а таксама паганяць футбольны мяч.
Сфера навуковых інтарэсаў Аляксандра Аляксандравіча (тэорыя груп і іх класаў) сфарміравалася ў аспірантуры дзякуючы навуковаму кіраўніку, доктару фізіка-матэматычных навук, прафесару Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Віктару Сцяпанавічу Манахаву (гомельскую алгебраічную школу малады брэсцкі навуковец лічыць адной з лепшых у краіне). У абраным напрамку А.А.Трафімук плануе працаваць і далей, каб выйсці ўрэшце на доктарскую дысертацыю. Ёсць у яго і жаданне паўдзельнічаць у замежных стажыроўках.
Працаваць са студэнтамі Аляксандру Аляксандравічу падабаецца: “Мне вельмі важна адчуваць, што я даю моладзі карысныя веды”. У рабоце А.А.Трафімук прытрымліваецца дэмакратычнай і ўзаемапаважлівай манеры адносін са студэнтамі, але з’яўляецца надзвычай патрабавальным у дачыненні да вучэбнага працэсу.
— Як удаецца сумяшчаць навуковую дзейнасць і выкладчыцкую работу? Што падабаецца больш? — пытаюся ў маладога навукоўца.
— Сумяшчаць навуку з выкладаннем не складана. 70% часу аддаю навуцы. Да яе заахвочваю і здольных студэнтаў. Без навукі не ўяўляю свайго жыцця, — адказвае А.А.Трафімук.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара.