Навука зрушваць горы

На  факультэце горнай справы і інжынернай экалогіі БНТУ ўжо 14 гадоў дзейнічае навукова-творчае студэнцкае бюро “Гарняк”. Тут студэнты праводзяць даследаванні і распрацоўваюць тэхналогіі мадэрнізацыі горных машын. Кожны год вынікі іх работы атрымліваюць высокую ацэнку на міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцыях і конкурсах. Сёлета студэнты таксама адзначылі некалькі бліскучых перамог.

Рыгор Басалай.

Кіруе падраздзяленнем старшы выкладчык кафедры “Горныя машыны” факультэта горнай справы і інжынернай экалогіі Рыгор Антонавіч Басалай. Разам з калегамі ён далучае студэнтаў да навукі, матывуе іх на пошук новых ведаў і на сваім прыкладзе вучыць штодзённай упартай працы.

— На тэрыторыі Беларусі геолагамі ўстаноўлены значныя запасы карысных выкапняў. На радовішчах наладжана сучасная вытворчасць па здабычы і перапрацоўцы торфу, калійных і карбанатных угнаенняў, сапрапелю, нафты, а таксама абліцовачнага і будаўнічага каменю, пясчана-гравійных сумесей і цэменту. Гадавыя аб’ёмы вытворчасці вызначаюцца мільёнамі тон. Значны маштаб горных работ патрабуе выкарыстання сучасных высокапрадукцыйных і энерга­эфектыўных машын, — тлумачыць Рыгор Антонавіч важнасць даследаванняў, якія выконваюцца ў студэнцкім бюро “Гарняк”.

Сёння на горных прадпрыемст­вах эксплуатуецца шмат імпарт­най тэхнікі, але беларускія машынабудаўнікі сумесна з навуковымі, праектнымі арганізацыямі і канструктарскімі бюро інтэнсіўна развіва­юць вытворчасць айчынных машын. Руднікі і солеабагачальныя фабрыкі “Беларуськалія” забяспечваюцца тэхналагічным абсталяваннем, якое вырабляюць Салігорскі Інстытут праблем рэсурсазберажэння з Вопытнай вытворчасцю, а таксама “Ніва-Холдынг”. Іншыя горныя вытворчасці таксама бя­руць у эксплуатацыю беларускія распрацоўкі.

За 14-гадовы перыяд студэнты і магістранты НТСБ “Гарняк” прынялі ўдзел у рабоце 32-х міжнародных навуковых канферэнцый і 9-ці форумаў-конкурсаў. На іх рахунку — дзясяткі бліскучых перамог.

Многія вучні Рыгора Антонавіча Басалая падыходзяць да абароны дыпломных праектаў з уласнымі вынаходкамі, маючы заяўку на патэнт або ўжо з патэнтам. Гэта даволі вопытныя даследчыкі, якія ўмеюць працаваць на вынік. На цяперашні час больш за 20 навукова-тэхнічных распрацовак маладых “гарнякоў” абаронены патэнтамі Рэспублікі Беларусь.

І яшчэ адно незвычайнае дасягненне студэнцкага бюро “Гарняк”: за гады работы тут сфарміравалася ўжо некалькі сем’яў. Справа ў тым, што з кафедраў “Горныя машыны” і “Горныя работы” ў бюро прыходзяць хлопцы, а з кафедры “Экалогія” — дзяўчаты. Працуючы над агульнымі тэмамі, яны шмат часу право­дзяць разам. Нярэдка ўзнікаюць пачуцці, і маладыя людзі, заручаныя самой навукай, ствараюць сем’і.

Навукова-творчае студэнцкае бюро “Гарняк” дапамагае прадпрыемствам мадэрнізаваць тэхніку і абсталяванне. Студэнцкія распрацоўкі дазваляюць павысіць эксплуатацыйныя паказчыкі і надзейнасць горных машын, палепшыць прадукцыйнасць працы, сэканоміць энергію і тым самым павысіць якасць прадукцыі і прыбытак прадпрыемстваў.

Пра эфектыўнасць работы студэнцкага бюро “Гарняк” сведчаць шматлікія перамогі на розных конкурсах, а таксама ўвага да гэтага падраздзялення БНТУ з боку вытворцаў.

На Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў у 2020 годзе ад студэнцкага бюро “Гарняк” было пададзена 4 работы (секцыя “Машынабудаванне. Механіка машын. Надзейнасць і бяспека тэхнічных сістэм”). Нядаўна былі падведзены вынікі конкурсу: тры работы студэнтаў-гарнякоў атрымалі першую катэгорыю і адна стала лаўрэатам.

— Выканаўцы работы, якая прызнана лаўрэатам, — студэнты 4 курса Ілья Баровік і Наста Шчыгельская, — расказвае Рыгор Антонавіч. — Гэта творчыя, дапытлівыя людзі, і тэма іх распрацоўкі вельмі актуальная. Студэнты мадэлявалі рух крокавых экскаватараў і адвалаўтваральнікаў з мэтай павышэння эфектыўнасці іх работы. Трэба сказаць, што гэта надзвычай складаныя машыны, сапраўдныя гіганты. Калі вы бывалі ў Салігорску, то бачылі саляныя адвалы — там наверсе працуюць адвалаўтваральнікі. Яны вельмі габарытныя, памерам амаль з футбольнае поле, і бачныя за 10 кіламетраў. Адметна, што адвалаўтваральнік стаіць на апорным крузе адносна малога памеру, і калі з’явіцца нават невялікі крэн, ён можа паваліцца (такія выпадкі здараліся ў свеце). Страціць такую дарагую машыну нельга (яе кошт каля 5 млн долараў), таму стаіць задача павысіць яе ўстойлівасць. Мае студэнты займаліся гэтым пытаннем два гады і атрымалі добрыя вынікі. Сёння яны лаўрэаты.

Студэнт Ілья БАРОВІК:

“Я родам з Любані. Побач знаходзіцца наш калійны гігант “Беларуськалій”, а хутка будзе ўведзены ў эксплуатацыю “Слаўкалій”. Яшчэ ў школе я вызначыўся, што буду паступаць на факультэт горнай справы і інжынернай экалогіі БНТУ.

Дзякуючы Рыгору Антонавічу Басалаю, у мяне ёсць магчы­масць акрамя вучобы займацца яшчэ і навукай. У студэнцкім бюро “Гарняк” я ўжо 2 гады. Даследчая дзейнасць і супрацоўніцтва з іншымі маладымі навукоўцамі падкупляюць. Мы шмат выступаем на розных канферэнцыях, форумах, конкурсах. Напрыклад, нядаўна вярнуліся з XVII Міжнароднага форуму-конкурсу студэнтаў і маладых навукоўцаў “Актуальныя праблемы карыстання нетрамі”, што праходзіў у Санкт-Пецярбургу. Гэта велізарны вопыт, абмен ведамі і, вядома ж, зносіны з калегамі з іншых краін”.

Да гэтай перамогі Ілья і Наста ішлі даволі доўга. Так, летась яны прадстаўлялі сваю работу на міжнародным форуме-конкурсе студэнтаў і маладых навукоўцаў “Актуальныя праблемы выкарыстання нетраў”, які праводзіць Санкт-Пецярбургскі горны ўніверсітэт.

— У гэтым форуме прымаюць удзел звыш тысячы маладых даследчыкаў з больш чым 50 краін (рабочая мова — англійская), — расказвае Рыгор Антонавіч. — З мінулага года мерапрыемства праводзіцца пад эгідай
ЮНЕСКА, і я не ведаю, ці ёсць такія маштабныя форумы для мола­дзі па іншых напрамках навукі. Летась Ілья і Наста выйшлі ў фінал, іх работа атрымала высокую ацэнку экспертаў. Гэта надало студэнтам упэўненасці, яны пачалі працаваць з падвоенай сілай. Скажу шчыра, сёлета мы разлічвалі на перамогу, але, на жаль, не атрымалася. Мы, аднак, не адчайваемся. У Насты і Ільі наперадзе яшчэ цэлы курс, і я ўпэўнены, што ў іх будуць новыя напрацоўкі і новыя перамогі. Спадзяюся, што ў выніку яны змогуць падаць заяўку на патэнт.

А медалі з Санкт-Пецярбурга ўсё роўна прывезлі! Сапраўдны фурор на сёлетнім форуме зрабілі студэнткі-трэцякурсніцы Надзея Цяпава і Таццяна Астапенка, якія толькі год займаюцца ў “Гарняку”. Дзяўчаты пакарылі журы сваімі ведамі ў галіне шахт, падземнага транспарту, канвеераў і інш.

Зараз у студэнцкім бюро “Гарняк” ціха, усе з’ехалі на практыку. Рыгор Антонавіч прызнаецца, што без студэнтаў нязвыкла:

— З імі клапатліва, але без іх вельмі сумна.

У бюро звычайна займаюцца 15—17 чалавек. Рыгор Антонавіч знаходзіць час і гатовы працаваць з кожным. Ён даўно стварыў сваю методыку, якая і прыносіць добрыя вынікі.

— Нельга даваць студэнтам непасільныя заданні, бо яны хутка страцяць цікавасць да даследаванняў, — гаворыць выкладчык. — Нельга таксама даваць ім гатовыя матэрыялы, бо гэта не прынясе карысці. Мне ў свой час вельмі па­шчасціла з маім навуковым кіраўніком. Мікалай Уладзіміравіч Кіслоў казаў: “Ты напішы хоць некалькі радкоў па тэме, астатняе дапрацуем. Аднак я павінен ведаць, што тут ёсць твая думка”. Для мяне гэта арыенцір у рабоце са студэнтамі. Я прашу іх накі­даць думак, а ўжо потым дапамагаю ім сфармуляваць аснову і пачаць дзейнічаць.

Склад студэнцкага бюро “Гарняк” мяняецца кожныя два-тры гады. Выкладчыку ў такіх умовах і цікава, і цяжка.

— Не паспяваеш папраца­ваць з аднымі, а ўжо прыходзяць іншыя. І ўсе добрыя, усе лепшыя — і кожны раз пачынаеш работу нанова, — дзеліцца думкамі Рыгор Антонавіч. — Вядома, шмат студэн­таў просяцца ў бюро, але я ўсім кажу: калі мы ўжо пачынаем, то працаваць трэба сур’ёзна, на вынік. Не дзеля перамог, а каб студэнты адчулі: я змог! Я змагла! Гэта важна. У пазамінулым годзе на “БелАЗе” праходзіў міжнародны конкурс кейсаў. Удзельнічалі 7 універсітэтаў горнага профілю з розных краін. Адзін з маіх хлопцаў прызнаўся, што для яго гэта была надзвычайная падзея — выступіць на такім сур’ёзным форуме. Сказаў, што ў школе толькі аднойчы прамаўляў перад вялікай аўдыторыяй, а пасля ўжо ніколі не даво­дзілася прэзентаваць сваю работу. Хваляваўся, але справіўся — і ў яго быццам крылы выраслі. Таму з маладымі людзьмі трэба працаваць. Яны вельмі цэняць наш давер, хочуць дасягнуць плёну, і мы ведаем, што ўсё ў іх атрымаецца.

Усе вучні Рыгора Антонавіча працуюць па спецыяльнасці і заў­сёды з удзячнасцю ўспаміна­юць бюро “Гарняк”, дзе яны адчулі атмасферу творчасці.

— Я заўважыў, што вельмі эфектыўная работа ў тандэме, — гаворыць Рыгор Антонавіч. — Калі працуеш у пары, то не бывае сумна. Ёсць з кім пагаварыць, абмерка­ваць ідэю, нават канкурыраваць. Гэта падагравае цікавасць да работы.

Студэнтка Настасся ШЧЫГЕЛЬСКАЯ:

“Я вырасла ў Салігорску і яшчэ ў школе вырашыла, што хачу вучыцца на факультэце горнай справы і інжынернай экалогіі БНТУ. Рашэнне было больш чым усвядомленым, бо гэтая тэма мне вельмі блізкая.

Пад кіраўніцтвам Рыгора Антонавіча я займаюся навуковай дзейнасцю ў “Гарняку” ўжо 2 гады. Гэта вельмі займальна і пазнавальна. Мы маем добрыя поспехі, шмат дзе ўдзельнічаем, пашыраем свой кругагляд. Напрыклад, зусім нядаўна мы наведалі Санкт-Пецярбургскі горны ўніверсітэт. Наша тэма “Мадэляванне руху крокавых экскаватараў і адвала­ўтваральнікаў” аказалася там вельмі актуальнай. Мы хочам разві­ваць яе далей, каб палегчыць работу прадпрыемствам горназдабыўной прамысловасці”.

Два гады запар студэнцкае бюро “Гарняк” атрымлівае гранты Міністэрства адукацыі. Ёсць пэўнае фінансаванне, студэнты атрым­ліваюць грошы. Напрыклад, Ілья Баровік і Наста Шчыгельская з’яўляюцца адказнымі выканаўцамі па вельмі сур’ёзнай тэме даследаванняў для “БелАЗа”.

Студэнцкае бюро “Гарняк” падтрымлівае цесныя сувязі з прадпрыемствамі, якія выпускаюць горнае абсталяванне (Салігорскі Інстытут праблем рэсурсазберажэння з Вопытнай вытворчасцю, “БелАЗ”, “Ніва-Холдынг” і інш.). Гэта дапамагае разумець, якія рашэнні сапраўды актуальныя для прадпрыемстваў.

Студэнты-гарнякі спускаліся ў салігорскія шахты, бывалі ў Салігорскім Інстытуце праблем рэсурсазберажэння з Вопытнай вытворчасцю.

— Прадпрыемства ўзначаль­вае член-карэспандэнт Нацыя­нальнай акадэміі навук Віктар Якаўлевіч Прушак — чалавек вельмі адкрыты, творчы. Ён заўсёды падтрымлівае моладзь у плане пачынанняў. Ад усяго “Гарняка” я вельмі ўдзячны яму за плённае су­працоўніцтва, — гаворыць Рыгор Антонавіч. — Адзін з першых нашых гарнякоў Аляксандр Сяргеевіч Рамановіч зараз працуе генеральным дырэктарам “Ніва-Холдынга”, і мы таксама вельмі эфектыўна ўзаема­дзейнічаем. Немагчыма дасяг­нуць значных вынікаў, седзячы толькі ва ўніверсітэце. Каб трымаць калектыў у пастаянным творчым пошуку, трэба жыць праблемамі вытворчасці і перспектывамі горнай справы.

* * *

Студэнцкае бюро “Гарняк” вельмі плённа супрацоўнічае і з замежнымі партнёрамі. Сёлета Санкт-Пецярбургскі горны ўніверсітэт (найстарэйшы тэхнічны ўніверсітэт Расіі) арганізоўвае летнюю школу для студэнтаў. Запрашэнне атрымаў і БНТУ, прычым гаспадары выдаткоўваюць сродкі на праезд, пражыванне і харчаванне беларускіх студэнтаў-гарнякоў. Днямі 50 лепшых прадстаўнікоў факультэта горнай справы і інжынернай экалогіі адправяцца ў Санкт-Пецярбург. Іх чакаюць два тыдні тэматычных лекцый, цікавых сустрэч з навукоўцамі і гарнякамі-практыкамі, а таксама насычаная культурная праграма.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва герояў.