Навуковае свята для моладзі

- 15:14Навіны рэгіёнаў

З расійскага Серпухава ў Беларусь прыляцелі добрыя навіны. Нашы школьнікі цудоўна выступілі на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў і студэнтаў “Моладзь і інаватыка”.

Шукае і знаходзіць таленты канферэнцыя “Моладзь і інаватыка” ўжо 12 гадоў. Сёлета ўдзел у мерапрыемстве ўзялі больш за 500 чалавек з Балгарыі, Беларусі, Казахстана, Расіі. Удзельнікі канферэнцыі — школьнікі і студэнты. Свае даследаванні і вынаходніцтвы яны маглі прадставіць у рамках 26 секцый. Гэтай магчымасцю скарысталіся і юныя навукоўцы — навучэнцы ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці.

Работа навучэнцаў гімназіі № 1 Слуцка адзначана дыпломам І ступені. Вадзім Казак быў удастоены права выступіць на пленарным пасяджэнні. Ён прадставіў прысутным “Электронны дапаможнік “Далучэнне да космасу”, які распрацаваў разам з яшчэ адным вучнем гімназіі — Глебам Шурыгіным. Ствараць праект ім дапамагалі настаўніца фізікі Таццяна Яўгенаўна Максіменка і інжынер-праграміст Кацярына Сяргееўна Кавалёва.

Значных вышынь на канферэнцыі дасягнулі навучэнцы Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча: Васіль Стрыжнёў атрымаў дыплом ІІ ступені, а Глеб Крывуля — дыплом ІІІ ступені. Глеб даследаваў сімволіку і геральдыку кадэцкіх вучылішчаў Рэспублікі Беларусь і вынікі даследавання прадставіў у секцыі “Гісторыя”. Дапамагалі яму ў рабоце настаўніца гісторыі Вольга Міхайлаўна Мінец і настаўніца грамадазнаўства Валянціна Дзмітрыеўна Шаўчэнка.

Васіль Стрыжнёў пазнаёміў удзельнікаў канферэнцыі і журы з экскурсійным маршрутам па Слуцку пад назвай “Пад крылом Святой Сафіі”. Яго юнак распрацаваў пад кіраўніцтвам настаўніцы геаграфіі Людмілы Віктараўны Вечар і настаўніцы замежнай мовы Рады Мікалаеўны Спота і прадставіў у секцыі “Краязнаўства”.

Для ўдзельнікаў канферэнцыя “Моладзь і інаватыка” — гэта магчымасць не толькі заявіць пра сябе, але і сустрэць такіх жа зацікаўленых навукай юнакоў і дзяўчат, што пераўтварае канферэнцыю ў навуковае маладзёжнае свята.

Дар’я РЭВА.
Фота з уласнага архіва ўдзельнікаў канферэнцыі.