Навуковая тэрыторыя 2.0

- 9:40Навука і інавацыі

У Нацыянальнай акадэміі навук праходзіць XVIII Міжнародная навуковая канферэнцыя маладых вучоных “Моладзь у навуцы — 2.0’21”. 

У форуме прымаюць удзел каля 250 маладых навукоўцаў. Гасцямі мерапрыемства сталі вучоныя НАН Беларусі, студэнты, магістранты, аспіранты, прадстаўнікі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі і школьнікі. Таксама запрошаны навукоўцы — кіраўнікі саветаў маладых вучоных акадэмій навук, якія ўваходзяць у склад Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук. 

Работа даследчыкаў вядзецца па біялагічным, гуманітарным, аграрным, медыцынскім, фізіка-матэматычным, хімічным напрамках і ў кантэксце навук пра Зямлю. Навучэнцы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі і школьнікі маюць магчымасць наведаць секцыі “Першы крок у навуку”, дзе разглядаюцца прыродазнаўчыя і гуманітарныя дысцыпліны. 

На пленарнае пасяджэнне ў першы дзень прыйшлі супрацоўніцы Нацыянальнай акадэміі навук Яна Варанец і Алеся Усціменка (на здымку). На канферэнцыі яны раскажуць пра свае распрацоўкі і паслухаюць спецыялістаў сумежных галін. На падобных канферэнцыях дзяўчаты — частыя госці. Яна займаецца атрыманнем германа-сілікатнага шкла, Алеся вывучае ўласцівасці чорных пакрыццяў, якія прымяняюцца для патрэб касманаўтыкі. Маладыя даследчыцы спадзяюцца, што сёлетняя канферэнцыя стане пляцоўкай, дзе яны знойдуць новыя асабістыя і прафесійныя кантакты.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.