Навуку трэба ў першую чаргу павярнуць да таго, што патрэбна людзям і дзяржаве

- 11:27Інфармацыйная гадзіна

Пасля цырымоніі ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з навукоўцамі.

У ліку ўдзельнікаў мерапрыемства бы­ло шмат прадстаўнікоў медыцынскай галіны. У прыватнасці, пра свае дасягненні расказала доктар медыцынскіх навук, дацэнт, старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Людміла Макарына-Кібак.

“Вы не толькі вучоны, але і вялікі начальнік. Што адбываецца ў Міністэрстве аховы здароўя? Вы ў курсе справы? Колькі перасаджалі начальнікаў і так званых прагрэ­сіўных, таленавітых арганізатараў, галоўных урачоў я маю на ўвазе, артапедаў і іншых?” — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы.

Людміла Макарына-Кібак у адказ сказала, што ў курсе гэтых падзей, і выказала ўпэўненасць, што такое ў галіне не паўторыцца. Паводле яе слоў, перагледжаны падыходы да закупкі абсталявання, паводзін урачоў.

“Вы перш за ўсё камісію сваю павярніце ў парламенце менавіта на гэты напрамак. Нам гэта вельмі важна. Гэта нядобра, калі на святой справе людзі набіваюць кішэні, закупляючы невядома як лекавыя прэпараты, павялічваючы на чвэрць або на трэць іх кошт. І медыцынскае абсталяванне. Вы ведаеце, пра што ідзе гаворка, ды і ўсё наша грамадства ведае. Даравання ўрачам тут не будзе. Забудзьце пра сваю карпаратыўнасць. Я не той прэзідэнт, які будзе кланяцца вам таму, што вы ўрачы, і заплюшчваць вочы на той беспарадак, які творыцца ў ахове здароўя”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пра свае распрацоўкі на сустрэчы расказаў доктар медыцынскіх навук дацэнт 1-й кафедры дзіцячых хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Сяргей Байко. Вучоная ступень доктара яму прысуджана за ўдасканаленне і павышэнне эфектыўнасці замяшчальнай нырачнай тэрапіі ў дзяцей з вострай і хранічнай нырачнай недастатковасцю.

“У 2005 годзе мы пераехалі ў новы будынак 2-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы. За апошняе дзесяцігоддзе Рэспубліканскі цэнтр дзіцячай нефралогіі і замяшчальнай нырачнай тэрапіі стаў лепшым на ўсёй постсавецкай прасторы. Па выніках лячэння мы не ўступаем вядучым заходнім еўрапейскім клінікам”, — адзначыў медык.

Ён падрабязна расказаў пра сутнасць метадаў лячэння, якія выкарыстоўваюцца, што ў разы дазволіла знізіць лятальнасць сярод пацыентаў, індывідуалізаваць падыходы да дыягностыкі і лячэння.

Сяргей Байко таксама запрасіў Аляксандра Лукашэнку наведаць 2-ю гарадскую дзіцячую клінічную бальніцу: “Калі 14 гадоў назад, калі вы адкрывалі нашу клініку, мы гаварылі пра праблемы і перспектывы, то на сённяшні дзень ужо можам прадэманстраваць вынікі нашай працы”.

“Дзякуй! Я з вялікім задавальненнем прыеду ў бальніцу”, — адрэагаваў прэзідэнт.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, нягле­дзячы на дасягненні ўрачоў, у гэтай установе наўрад ці атрымаецца, як кажуць, адпа­чыць душой. “Асабліва калі дзеці. Для мяне гэта заў­сёды цяжкая сустрэча. Калі дзіця хварэе — гэта ўсё, — адзначыў беларускі лідар. — А вам дзякуй вялікі за дзетак! Гэта вельмі важная праблема, вельмі важная тэма”.

На сустрэчы абмяркоўваліся дасягненні вучоных у сферы ліцця. Пра гэта падрабязна расказаў доктар тэхнічных навук, дацэнт, загадчык кафедры “Машыны і тэхналогія ліцейнай вытворчасці” БНТУ Сяргей Ровін. Вучоная ступень доктара яму прысуджана за канцэптуальнае развіццё новага навуковага напрамку ў галіне рэцыклінгу дысперсных тэхнагенных металаадходаў. Прасцей кажучы, работа прысвечана рэсурсазберажэнню, і гэтая задача актуальная для ўсіх краін з развітым машынабудаваннем. Новая тэхналогія дазваляе эфектыўна перапрацоўваць адхо­ды сплаваў як каляровых, так і чорных металаў. У маштабах Беларусі размова ідзе пра штогадовае вяртанне ў вытворчасць да 200 тысяч тон чыгуну і сталі. Пры гэтым рэнтабельнасць вытворчых участкаў і цэхаў нават пры невялікіх аб’ёмах перапрацоўкі складзе не менш як 50 працэнтаў, а тэрмін акупнасці — не больш як год.

Аляксандр Лукашэнка зацікавіўся гэтай распрацоўкай і спытаў ва Уладзіміра Гусакова, як рэалізоўваюцца на практыцы гэтыя новаўвядзенні. Пры гэтым ён нагадаў, што кіраўніцтва НАН мае права непасрэдна ўзаемадзейнічаць з урадам па адпаведных пытаннях. Калі не ўдаецца знайсці ўзаемаразуменне, то ўжо адказныя асобы ў Савеце Міністраў павінны будуць адстойвац­ь свой пункт гледжання на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. “Але я не думаю, што вучоны бу­дзе прапаноўваць тое, што не рэалізоўваецца, і тое, што шкодна для дзяржавы з пункту гледжання перш за ўсё эканомікі”, — сказаў прэзідэнт.

Звяртаючыся да старшыні прэзідыу­ма НАН Уладзіміра Гусакова, Аляксандр Лукашэнка сказаў: “Вы не мяркуйце, вы па­трабуйце, каб гэта было асвоена і ўкаранёна. У вас на гэта ёсць усе правы”.

рэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным наладзіць у Беларусі эфектыўную сістэму перапрацоўкі адходаў і выпрацоўкі другаснай сыравіны.

“Гэта вельмі важная праблема для Беларусі. Па другаснай сыравіне і адходах”, — сказаў прэзідэнт.

Ён прывёў прыклад, што ў шэрагу дзяржаў уся шклатара ў асноўным вырабляецца з другаснай сыравіны. “А ў нас? Мы, бачыце, багатыя. Мы проста расхлябаныя і разбэшчаныя, як кажуць у Беларусі”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Адміністрацыі прэзідэнта даручана ўзяць на строгі кантроль адпаведныя пытанні. “Адходы, макулатура, металічныя вырабы разнастайныя, асабліва пластык — гэта трэба ўсё збіраць. Усюды павінен быць парадак”, — адзначыў прэзідэнт.

Ён дадаў, што ў Беларусі любыя напіткі ў большасці прадаюцца ў пластыкавай тары. Прэзідэнт таксама спаслаўся на праведзенае ў Расіі даследаванне, што большасць смярцей у сваёй аснове звязана з няякасным харчаваннем.

“Ужо развітыя краіны, якія балеюць за сваіх грамадзян, адмаўляюцца ад пластыку. Я нядаўна даручыў зняць пластыкавыя бутэлькі і тару на першым этапе і замяніць на шкло. Тым больш што ў нас развітая гэтая сфера прамысловасці. Гэта неадкладна трэба рэалізоўваць”, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі хутка пачне работу атамная электрастанцыя, а таксама ў значнай ступені мадэрнізаваны ўжо існуючыя энергамагутнасці. У выніку размова ідзе не толькі пра магчымасць экспарту электраэнергіі, але і пашырэнне яе выкарыстання ўнутры краіны. “Давайце мы забяспечым уласнае насельніцтва — створым энергаэфектыўныя бытавыя пліты і прыборы, і цэны каб былі пад’ёмныя. Хаця б на ўзроўні прыроднага газу для насельніцтва. Замест саляркі і бензіну заменім на электрамабілі. І такая была пастаў­лена задача акадэміі навук, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Вы ў гэтым го­дзе выканаеце гэтую задачу — пачынаючы ад электравеласіпедаў і заканчваючы трактарам, МАЗам на электрычнай цязе? Каб сваё было”.

Прэзідэнт расказаў, што ён і сам карыстаецца, напрыклад, электраматацыклам, праўда, пакуль у асноўным з кітайскіх камплектуючых: “Тое, што вы з Кітая прывезлі, зрабілі там электраматацыкл і мне прывезлі для выпрабаванняў, гэта добра. Пастаянна перамяшчаюся дзе толькі можна на гэтым электрычным матацыкле. Штука цудоўная. Але гэта кітайскае, акрамя рамы, якую вы там зварылі. А нам трэба сваё. Перш за ўсё, батарэя”.

Старшыня прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў далажыў, што цяпер вядзецца работа над цэлай лінейкай электратранспарту. “Веласіпед, скутар, цяпер над матацыклам беларускім працуем. Што тычыцца электрамабіляў, той першы ўзор, які мы дэманстравалі, цяпер дапрацаваны. Ужо зрабілі электрамінівэн, невялікія электрычныя камунальную машыну і грузавічок. І мы ўжо гатовы вам прадэманстраваць гэтыя распрацоўкі”, — сказаў кіраўнік акадэміі навук.

Уладзімір Гусакоў паведаміў пра планы да канца 2019 года стварыць у НАН невялікую эксперыментальную вытворчасць адпаведных распрацовак.

Ён таксама расказаў, што вучоныя ўжо стварылі айчынную батарэю-накапляльнік, якая цяпер праходзіць выпрабаванні. Па многіх параметрах выраб не ўступае замежным аналагам. “Ён на зусім іншай аснове — графенавай, а не літыевай. Літый вельмі дарагі, і сыравінная база ёсць толькі ў Кітаі. А графену ў нас дастаткова вытворчасці. Паставілі ўжо на электрамабіль і электравеласіпеды айчын­ныя батарэі-накапляльнікі, право­дзяцца выпрабаванні”, — адзначыў Ула­дзімір Гусакоў.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што электрамабілі, як і электратранс­парт у цэлым, — гэта менавіта той напрамак, які трэба развіваць у Беларусі.

“Галоўнае, што для людзей, нашай Беларусі — гэта выйсце. Электрычныя аўтамабілі ўжо не будучыня, а сучаснае ўсёй планеты. І нам тут адставаць ні ў якім разе нельга. Таму недзе да канца гэтага года паглядзім, на што мы выйшлі”, — заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ў цэлым адзначыў, што навуку трэба ў першую чаргу павярнуць да таго, што патрэбна людзям і дзяржаве. “Пажадана, каб у нас не было гэтых прахадных тэм, — сказаў ён. — Вучоныя павінны займацца тым, што патрэбна цяпер для эканомікі, для жыцця людзей, не забываючы пра фундаментальныя даследаванні там, дзе неабходна нашай краіне, што можам прадаць”.