Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ: “Дзяцінства ў мяне было індывідуальнае. Не калектыўнае…”

- 12:56Моя школа

Папярэдняе інтэрв’ю з вядомым паэтам і публіцыстам, заслужаным журналістам Беларускага саюза журналістаў, ганаровым грамадзянінам Наваполацка, дырэктарам Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё (радыё “Беларусь”)Навумам Гальпяровічам мы друкавалі крыху больш за два гады назад, у пачатку 2013 года, з нагоды яго 65-годдзя. Тады Навум Якаўлевіч раскрыўся як глыбокі, шматгранны чалавек і творца з багатым жыццёвым досведам і не абыякавым да сучасных праблем сэрцам. І тады ж, расказваючы, у прыватнасці, пра сваё дзяцінства, ён паведаміў многія цікавыя факты пра полацкую школу, у якой вучыўся, пра сваіх школьных настаўнікаў. Фактычна гэта была адмысловая зачэпка для новага інтэрв’ю з ім, ужо цалкам сканцэнтраванага на дзіцячых успамінах пра школьныя гады. І сёння мы друкуем гэтае новае інтэрв’ю як бы ў працяг — ужо ў фармаце нашай рубрыкі “Мая школа”. У нечым Навум Якаўлевіч не мог не паўтарыцца (ну а як яшчэ і яшчэ раз не ўспомніць з удзячнасцю першую настаўніцу?!), на сёе-тое, пра што гаварыў раней, паглядзеў ужо зусім з іншага ракурсу, а пераважна расказаў пра незнаёмыя нам акалічнасці свайго дзяцінства, зрабіў новыя нечаканыя высновы.

— Навум Якаўлевіч, калі вы сёння азіраецеся на сваё дзяцінства, чым яно вам уяўляецца: нейкім блізкім берагам або якімсьці далёкім-далёкім гарызонтам?
— Тут, мне здаецца, дастаткова цяжка вызначыць, блізкім берагам ці далёкім гарызонтам. Я хутчэй назваў бы гэта падмуркам, вытокам або крыніцай усяго таго, што ёсць у мяне. Наогул, дзяцінства — гэта шчаслівая пара для кожнага чалавека. І для мяне гэтая пара была шчаслівай найперш таму, што была парой пазнавання свету. У 5 гадоў я навучыўся чытаць, ужо атрымаў уяўленне пра герояў, пра тое, што добра, а што дрэнна. Я жыў у прыгарадным пасёлку, які называўся Пітомнік (там вырошчвалі пладова-агароднінную прадукцыю, саджанцы і г.д.). Побач быў лес, поле, Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр — усё гэта стварала вельмі асаблівую аўру. І для мяне ад тых дзіцячых гадоў, ад той незабыўнай аўры вее такой пяшчотай… Я нават адну сваю аповесць назваў “Подых пяшчоты”. Таму што Полацк, Пітомнік для мяне — гэта і сапраўды подых пяшчоты.

— У Пітомніку жыло шмат дзяцей, вашых аднагодкаў?
— Дзеці жылі ў горадзе — там былі двары, там збіраліся нейкія кампаніі, там будавалі 9-ю полацкую школу, куды бацькі думалі аддаць мяне вучыцца. А ў Пітомніку нас, дзяцей, было зусім мала. З блізкіх мне па ўзросце фактычна толькі Вася і Міша. Вася быў на год за мяне малодшы, а Міша — на два. І яшчэ быў адзін старэйшы сябар Коля Голубеў. Яму было 14 гадоў, ён збіраў дэтэктарныя прыёмнікі. Потым ён стаў вялікім афіцэрам, нават, здаецца, генералам, хоць паходзіў з вельмі беднай сям’і. Вось і ўся такая была мая кампанія. І таму ўжо ў самым раннім дзяцінстве я многа думаў, многа марыў. Марыў у тым ліку пра тое, як пайду ў школу. Для мяне гэта было такое ўрачыстае жаданне: я вельмі хацеў пайсці ў школу! Мне здавалася, што ў школе ўсё добра, усё цікава. І насамрэч я пайшоў у 1 клас 9-й полацкай школы з вялікім нецярпеннем і жаданнем. Гэта, можа быць, сёння гучыць крыху наіўна для некаторых, але гэта было сапраўды так. Я хацеў у школу! І, дарэчы, вельмі перажываў, што нарадзіўся 14 студзеня, усё думаў: а калі бацькі аддадуць мяне вучыцца — да 7 гадоў ці пасля?

— І што вырашылі на сямейнай нарадзе?
— Бацькі вырашылі, што пасля 7 гадоў. Яны проста якраз чакалі, пакуль пабудуюць і адкрыюць 9-ю полацкую школу.

— Памятаеце першую школьную лінейку?
— Усё памятаю: першую лінейку, увесь першы дзень у школе, першыя падручнікі… І вось цікава, што ў школу мяне ніхто не вадзіў. Толькі на лінейку першы раз бацькі звадзілі і больш не вадзілі, бо ім не хапала часу. А школа ж знаходзілася не ў двары, як гэта ў гарадах сёння. Трэба было прайсці праз тапалёвы гаёк, праз чыгуначны пераезд, праз вуліцу — 20—25 хвілін такой дастаткова таропкай хады. Але гэтая дарога для мяне адразу, з 1 класа, стала ў радасць.

— І, напэўна ж, добра памятаеце сваю першую настаўніцу?
— Безумоўна. Яна, Тамара Фёдараўна Кананок, гэта ўвогуле асобная размова. Дзякуй богу, яна яшчэ жывая. Жыве ў Наваполацку, ёй ужо за 80. Я пры любым выпадку стараюся ёй патэлефанаваць, пагаварыць… Сёння я нават з цяжкасцю падбяру словы пра тое, кім яна была для мяне. Найвышэйшае шчасце, найвышэйшая асалода… Незямная істота. Яна была зусім маладая, калі ўзяла наш клас. Толькі што скончыла Полацкае педвучылішча. Потым завочна вучылася ў педінстытуце, і калі мы з пачатковай школы перайшлі на другую ступень, яна стала нашым класным кіраўніком — такім чынам, мы былі яе першым у жыцці выпускам, які яна правяла з 1 па 11 клас. У сярэдніх і старшых класах выкладала рускую мову і літаратуру. У школе мне здавалася, што гэта самы важны ў маім жыцці чалавек. Памятаю, я неяк прачытаў кніжку пра Юрыя Смірнова, пра тое, што яму на грудзях выразалі зоркі, але ён нікога не выдаў, загінуў смерцю героя. А на наступны дзень сяджу на ўроку ў Тамары Фёдараўны і думаю: а я ж так болю баюся, а калі б мне выразалі зоркі на грудзях, то я, можа, і выдаў бы ўсіх… А вось Тамара Фёдараўна думае, што я такі харошы, а я ж зусім і не харошы… Яна гэты мой стан заўважыла і пытаецца: “Навум, а што ты ўсё хаваеш позірк? Што здарылася?” Такі вось быў выпадак. Я пра яго расказаў да таго, што маё стаўленне да Тамары Фёдараўны сапраўды было як да самага справядлівага, самага строгага і ў той жа час самага блізкага чалавека. Можа быць, нават больш трапяткое стаўленне, чым да ўласных бацькоў.

— Вучоба ў пачатковай школе давалася лёгка?
— Так. Бо я ж казаў ужо, што навучыўся чытаць яшчэ да школы, прычым чытаў бегла. Амаль цэлы год да школы хадзіў у гарадскую бібліятэку. І тая ж Тамара Фёдараўна мяне часам прасіла пачытаць на ўроку для дзяцей казку, і я выходзіў, чытаў. З аднаго боку, гэта было добра, а з другога — не вельмі, бо ў пачатковай школе я нават крыху разленаваўся, думаў, што ўсё так проста. І ў 5 класе мне давялося даведацца, што такое вучыць урокі, што вучоба — гэта не такая ўжо і простая рэч. Але, забягаючы наперад, я хачу сказаць: тое, што я атрымаў у школе з самага пачатку, было вельмі важным у маім жыцці. Я нават маю зараз на ўвазе не столькі веды, колькі нейкія маральныя ўрокі, маральнае задавальненне. І любоў да школы ў мяне была таксама вельмі трапяткая. Напрыклад, калі многім іншым маім аднакласнікам хацелася, каб школьныя канікулы доўжыліся як мага больш, я ў жніўні ўжо чакаў і не мог дачакацца, калі нас выклічуць у школу і раздадуць новыя падручнікі. І гэтыя новыя падручнікі я перачытваў па некалькі разоў яшчэ да 1 верасня. Добра памятаю вокладкі гэтых падручнікаў. Запомніліся нават некаторыя тэксты. Скажам, на адной з першых старонак падручніка па рускай літаратуры “Родная речь” для 2 класа былі такія радкі: “Вспомним нынешнее лето, // Эти дни и вечера! // Сколько песен было спето // В тёплый вечер у костра! // Мы на озеро лесное // Уходили далеко. // Пили вкусное парное // С лёгкой пенкой молоко. // Огороды мы пололи, // Загорали у реки // И в большом колхозном поле // Собирали колоски!”

— А хто аўтар гэтых радкоў?
— Не памятаю аўтара! Проста вось зрокавай памяццю памятаю тую вокладку з рэпрадукцыяй карціны з жытам. Адгортваеш вокладку — і далей вось ішоў гэты вершык. Прычым ніхто ж не загадваў яго вучыць, а я памятаю яго з 2 класа да сёння! Колькі разоў адгортваў тую вокладку, столькі разоў чытаў той вершык…
(Смяецца. — М.Ч.)

— Ну і, відаць, ужо тады ў вашай душы жыў паэт… А скажыце, пазней, у сярэдніх і тым больш старшых класах, у вас не было праблем з такімі прадметамі, як матэматыка, алгебра, геаметрыя, хімія, фізіка?
— Прадметы гуманітарнага кірунку мне былі больш цікавыя. І вось парадаксальна (гэта можа быць у пэўным сэнсе нават нейкім павучальным прыкладам для сённяшніх маладых бацькоў): тое, што я прыйшоў у школу падрыхтаваным па літаратуры і мове, саслужыла мне дрэнную службу ў сэнсе вывучэння іншых больш складаных прадметаў. І я шчыра прызнаюся, што ўсе розныя там сінусы, косінусы, тангенсы і катангенсы даваліся мне цяжэй — тут трэба было ўжо прыкладаць намаганні. Нейкія чацвёркі па гэтых прадметах я ўсё-такі атрымліваў. Але калі я ўжо рыхтаваўся да экзаменаў на атэстат сталасці, сур’ёзна баяўся, што магу праваліць тую ж алгебру ці геаметрыю. Усё-такі запушчанасці тут было многа. Дзякуй богу, усё абышлося, і ў атэстаце па дакладных прадметах у мяне былі чацвёркі.

— Якую замежную мову вы вывучалі ў школе?
— Англійскую. Да яе ставіўся з цікавасцю. Больш за тое, па рэкамендацыі настаўніцы Маі Іванаўны пасля школы спрабаваў паступаць у Інстытут замежных моў. Праўда, не паступіў, не хапіла аднаго бала. Тады гэта было для мяне, безумоўна, вялікім засмучэннем. Але сёння я пра гэта не шкадую, бо потым лёс шчасліва звязаў мяне з журналістыкай. Адзінае, шкадую, што ўсё-такі ў свой час не вывучыў англійскую мову так, як хацелася б. Ужо ў сталым узросце, калі я ўзначаліў дырэкцыю міжнароднага радыёвяшчання, пайшоў на курсы па англійскай у Дом афіцэраў, дзе ўжо адвучыўся з усёй адказнасцю. Там, дарэчы, група ў нас была такая цікавая: і адзінаццацікласнікі, і такія, як я. Але выкладчыца там мяне таксама хваліла! (Усміхаецца. — М.Ч.)

— Раскажыце цяпер, калі ласка, пра сваіх школьных сяброў. Яны многае для вас значылі ў дзяцінстве?
— Яны і цяпер значаць многае для мяне. Адзін з іх, Валодзя Казлоў, прыйшоў да нас у 4 класе. У яго бацька быў ваенны, яны прыехалі тады з Літвы, дзе ён служыў. І так атрымалася, што мы з Валодзем адразу ж пасябравалі. Пасля школы ён закончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін, прыехаў працаваць у Наваполацк, і якраз па яго ініцыятыве я пайшоў працаваць на радыё, на “Палімір”. Так сталася, што потым ён трагічна загінуў. Гэта быў першы сапраўдны школьны сябар.
Ужо недзе ў 8 класе з’явіліся новыя сябры, з якімі я потым сябраваў доўгія гады. Гэта Саша Канавалаў (ён мастак, жыве ў Полацку, выстаўляецца на многіх прэстыжных выставах), Валодзя Варпаховіч (на жаль, рана пайшоў з жыцця). Гэтае сяброўства — мяне, Сашы, Валодзі — зарадзілася ўжо на агульных інтарэсах. Яны малявалі, яны, як і я, пісалі вершы.
І павінен згадаць яшчэ аднаго сябра — Віктара Стасевіча. Таксама мастак, прычым вельмі цікавы. Цяпер жыве ў Барысаве. Віктар, дарэчы, у свой час прывучыў мяне слухаць класічную музыку — Вівальдзі, Баха, Бетховена, Моцарта. У той час, калі ўсе любілі слухаць “Бітлз”, “АББА”, розныя польскія папулярныя гурты, ён сядзеў у падвале і слухаў класіку. І я, памятаю, прыходзіў да яго ў той падвал, сядзеў з ім, слухаў “яго” музыку, захапляўся ў першую чаргу яго захапленнем, а тое яго захапленне рабілася паступова і маім захапленнем…
Я вельмі ўдзячны школе, школьным гадам за тое, што яны звялі мяне з гэтымі людзьмі.

— Які самы смешны выпадак прыгадваецца вам з дзяцінства?
— Такіх выпадкаў было шмат. Але, мабыць, самы смешны наступны. Калі я прачытаў “ТВТ” Янкі Маўра, я прыйшоў да Валодзі Казлова і кажу яму: “Давай і мы створым сваё тайнае таварыства!” Ён таксама загарэўся: “Давай!” Мы тады сабраліся з аднакласнікамі на ўскраіне Пітомніка. Але мы яшчэ не ведалі, чым будзем займацца ў гэтым нашым тайным таварыстве. І пачалі абмяркоўваць. Былі розныя прапановы. Нехта, памятаю, прапанаваў употай трусоў гадаваць. Так ні на чым не сышліся, але затое выбралі кіраўніцтва: Валодзя Казлоў стаў камандзірам, а я стаў камісарам. А Уладзік Мацюшэўскі, як высветлілася, перад тым, як з намі збірацца, сказаў сваёй маме: “Мне трэба на тайнае таварыства”. І яго мама пабегла ў школу. А потым, назаўтра, нам усыпалі за тое тайнае таварыства напоўніцу. Да дырэктара павялі, распытвалі доўга, маўляў, а што ў нас за тайнае таварыства, а што нас не задавальняе ў школе і г.д. Так вось тайнае таварыства ў нас лопнула, па сутнасці, і не стварыўшыся.

9-12.jpg(Сайт)— Вы сябравалі ў школе са спортам?
— Са спортам, у прыватнасці з футболам, у мяне былі цікавыя стасункі. Да 8 класа я гуляў у футбол дрэнна. Мне ўрэшце стала сорамна за гэта, і пасля 7 класа я ўсе летнія канікулы прысвяціў футболу: упарта набіваў мячык, бясконца гуляў з Васькам і Мішкам у нашым тапалёвым гайку і г.д. І што вы думаеце? Калі пасля канікул мы пачалі гуляць у футбол ужо са школьнымі таварышамі, усе раптам ахнулі. У першых жа гульнях я пачаў забіваць галы, цэлячы ў “дзявяткі”. І неўзабаве мяне ўзялі ў зборную школы. Гэта быў такі гонар для мяне, момант пераадолення сябе. Словам, я тады быццам стаў у сваіх жа вачах мужчынам.

— Дарэчы, вось гэты момант — стаць мужчынам. Для вашага пакалення хлопцаў гэта было сапраўды важным? Пытаюся не проста так, а таму, што, назіраючы за сённяшнімі падлеткамі, не магу не заўважыць, што сапраўдная, так бы мовіць, класічная мужнасць далёка не заўсёды ўпісваецца ў іх ідэалы, як, зрэшты, і жаноцкасць для цяперашніх дзяўчат.
— Я разумею, пра што вы. Для большасці з нас стаць сапраўдным мужчынам было прынцыповай справай. Але ў сувязі з вашым пытаннем хацеў бы сказаць і пра яшчэ адзін бок нашага дзяцінства. Безумоўна, на ўскраіне горада, дзе жылі мае сябры, і ў прыгарадзе, дзе я жыў, усякае было… Скажам, я ўспамінаў Валодзю Казлова, Сашу Канавалава — яны былі з сем’яў нармальных, нават інтэлігентных. Можа быць, і мая сям’я не была такой дрэннай, хоць бацька быў з простых людзей, нават сярэдняй адукацыі не меў, але мама закончыла ў свой час у Ленінградзе педінстытут. А так у большасці сваёй мае аднакласнікі выхоўваліся ў простых рабочых сем’ях, і дзяцінства ў многіх было цяжкое: бацькі і выпівалі, і білі. Двое з маіх аднакласнікаў сталі рэцыдывістамі. І ўспамінаецца такі выпадак. Быў сярод нашых аднакласнікаў адзін цяжкі падлетак. І раптам, калі мы ўступалі ў камсамол, ён захацеў уступіць разам з намі. Тады, здзівіўшыся, яму сказалі ў школе, маўляў, Валодзя, калі збярэш вось такую і такую колькасць металалому, тады цябе прымем. І ён звярнуўся да мяне, каб я дапамог. Мы збіралі ўсю ноч гэты металалом. Яго прынялі ў камсамол. А праз гады гэты Валодзя стаў адным з вельмі паважаных людзей на “Нафтане” ў Наваполацку, быў сакратаром партыйнай арганізацыі і г.д.
І другі выпадак. Яшчэ адзін мой аднакласнік Толя Галубнічы (у яго бацька сядзеў, маці моцна хварэла) таксама быў з цяжкіх, але ў 8 класе заняўся вольнай барацьбой, і спорт выцягнуў яго з жыццёвай багны. Потым ён паступіў у Віцебскі ветэрынарны інстытут, паспяхова скончыў яго, як урач працаваў нават у гарачых кропках, у Афганістане. У яго вельмі добрая сям’я. І аднойчы мы, аднакласнікі, сабраліся ў Тамары Фёдараўны і пачалі ўспамінаць: што і як з кім атрымалася па жыцці. Успомнілі ў тым ліку і рэцыдывістаў-аднакласнікаў. Нехта іх пашкадаваў. А Толя абурыўся: “А што вы іх шкадуеце? Вось жа ў мяне такія ж самыя былі магчымасці, але ж я стаў чалавекам!” Я гэта ўсё кажу да таго, што і ў нашым пакаленні паняцці “стаць мужчынам”, “стаць чалавекам” разумеліся па-рознаму.
Дарэчы, наша 9-я полацкая школа, такая, здавалася б, непрэстыжная, нецэнтральная, дала вельмі многа цікавых людзей. У нашай школе вучыліся Мікалай Ільніцкі, былы дырэктар Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка, Таццяна Савельева, былая дырэктар бібліятэчнай сістэмы Полацка, многія выдатныя настаўнікі… І я гэтым вельмі ганаруся. Цяпер, калі я прыязджаю ў сваю родную школу, там, канечне ж, ужо нікога няма з маіх настаўнікаў і ніхто там мяне не памятае. Але я ўсё роўна адчуваю, што гэтая школа мая. І калі мяне просяць паказаць, у якім класе я вучыўся, я паказваю: вось гэты клас на першым паверсе. І тады настаўнікі збіраюць дзяцей і просяць для іх урок правесці. Я падарыў ім частку ўласнай бібліятэкі…

— Навум Якаўлевіч, вяртаючыся да вашых настаўнікаў, каго, акрамя вашага класнага кіраўніка Тамары Фёдараўны, вы ўспамінаеце з асаблівай цеплынёй?
— Настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Алену Дзмітрыеўну Цітову, якая ў нашай рускамоўнай школе заўсёды размаўляла на беларускай мове. Нашу школьную бібліятэкарку (імя і прозвішча ўжо не згадаю), якая таксама размаўляла выключна па-беларуску. Я не пераставаў здзіўляцца той жа Алене Дзмітрыеўне, што яна гаварыла з намі па-беларуску і ў паходах, і на класных гадзінах. Гэта ж усё адкладвалася ў душы. А яшчэ ўзгадваю з цеплынёй нашага настаўніка гісторыі Якава Аляксандравіча Рывіна, чалавека энцыклапедычных ведаў. Знешне ён быў такі замкнуты і строгі, але ён так цікава расказваў, што я пэўны час хацеў нават быць гісторыкам. Ён стварыў гістарычны гурток у школе. І, памятаю, мы з сябрамі хадзілі, пісалі гісторыю полацкіх вуліц. Якаў Аляксандравіч таксама вельмі істотна паўплываў на тое, пра што я потым, праз гады, думаў і да чаго імкнуўся.

— Дзяцінства, школа да вас часта прыходзяць у снах?
— Часта. Вось гэты школьны двор, вось гэты высокі бераг Палаты, на якім стаіць наша школа, вось гэты чыгуначны мост побач… І ўнізе сама Палата вірлівая… І тыя вулачкі… І той жа Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, куда я бегаў праз лес… І тыя сцяжынкі, дзе я на лыжах адзін… І тая сажалка, на якой я вучыўся катацца на каньках ноччу… Адзін пры поўні… Насамрэч, я многа часу праводзіў адзін. Гэта было такое індывідуальнае дзяцінства, не вельмі калектыўнае. І, можа быць, гэта давала якраз магчымасць паназіраць, падумаць. І, можа быць, таму яно часта і сніцца сёння.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара і з сямейнага архіва Навума ГАЛЬПЯРОВІЧА.