Назарбаеў атрымаў права пажыццёва ўзначальваць Савет бяспекі

- 11:03Інфармацыйная гадзіна

Закон “Аб Савеце бяспекі Рэспублікі Казахстан”, згодна з якім першаму Прэзідэнту Казахстана Нурсултану Назарбаеву пажыццёва належыць права ўзначальваць Савет бяспекі, уступіў у сілу. Дакумент апублікаваны ў газеце “Казахстанская праўда”.

У законе адзначаецца, што “першаму Прэзідэнту Рэспублікі Казахстан — Елбасы з прычыны яго гістарычнай місіі пажыццёва належыць права ўзначальваць Савет бяспекі ў якасці старшыні”.

Дакумент вызначае прававы статус, кампетэнцыю і арганізацыю дзейнасці Савета бяспекі Казахстана. У маі бягучага года ён быў прыняты парламентам. Прэзідэнт Казахстана падпісаў яго 5 ліпеня. Канстытуцыйны савет прызнаў дакумент адпаведным Канстытуцыі.

Савет бяспекі з’яўляецца канстытуцыйным органам, які ўтвараецца Прэзідэнтам Казахстана і каардынуе правядзенне адзінай дзяржаўнай палітыкі ў сферы гарантавання нацыянальнай бяспекі і абараназдольнасці краіны ў мэтах захавання ўнутрыпалітычнай стабільнасці, канстытуцыйнага ладу, дзяржаўнай незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці і нацыянальных інтарэсаў Казахстана на міжнароднай арэне.

“Рашэнні Савета бяспекі і старшыні савета з’яўляюцца абавязковымі і падлягаюць няўхільнаму выкананню дзяржаўнымі органамі, арганізацыямі і службовымі асобамі Рэспублікі Казахстан”, — гаворыцца ў дакуменце.