Назаві па-беларуску

У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Свіслачы прайшоў дзень беларускай мовы. Выхаванцы ўдзельнічалі ў цікавых мерапрыемствах, прысвечаных далучэнню да роднай мовы і культуры роднага краю.

Падчас акцыі “Гавары са мной па-беларуску” гутарылі аб Беларусі і яе прыгожай сталіцы — Мінску, аб родным горадзе Свіслачы, назвах яго вуліц, мясцовых традыцыях і звычаях. Зладзілі шмат гульняў-імправізацый, моўна-дыдактычных гульняў: “Назаві па-беларуску”, “Назаві адным словам”, “Расказ аб родным горадзе”. Выхаванцы атрымалі асалоду і шмат станоўчых уражанняў ад беларускіх народных гульняў “Грушка”, “Блін гарыць”, “Гарлачык”, “Спрытны верабей”, “Шэры кот”.

У беларускіх нацыянальных касцюмах дзеці з задавальненнем пазіравалі перад камерай. Усе атрымалі цудоўныя фотаздымкі на памяць.

Прадоўжыўся тэматычны дзень чытаннем твораў на беларускай мове. Слухаць любімыя казкі “Дзяцел, Лісіца і Варона”, “Залатая яблынька”, “Заяц і Вожык”, “Кот Максім”, “Лісіца-хітрыца”, “Разумная дачка”, “Як Сцёпка з панам гаварыў” дзеці гатовы бясконца. Актыўныя слухачы атрымалі сувеніры.

Супрацоўнікі дашкольнай установы падрыхтавалі вясёлую і яскравую музычную пастаноўку лялечнага тэатра па матывах беларускай казкі “Сабака і воўк”: дзеці вучыліся дабрыні, суперажыванню, уменню знаходзіць выйсце з самых крытычных сітуацый.

Завяршыўся гэты дзень вясёлай “беларускай” дыскатэкай. Пад беларускую народную і завадную сучасную музыку танцавалі ўсе: і дарослыя, і дзеці.

Ірына ГРЫНЦЭВІЧ,
выхавальніца дашкольнай адукацыі Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы.