Назіраецца пазітыўны настрой

- 11:57Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Насельніцтва Беларусі настроена пазітыўна напярэдадні Усебеларускага народнага сходу, паведаміў дырэктар інфармацыйна-аналітычнага цэнтра (ІАЦ) Аляксей Дзербін.

Паводле даных ІАЦ, людзей найбольш хвалююць пытанні эканамічнага характару: цэны, тарыфы, даходы і г.д. “Абсалютная большасць настроена пазітыўна. У людзей ёсць упэўненасць у заўтрашнім дні”, — акцэнтаваў увагу дырэктар цэнтра.

“Адна з асноўных тэм (на Усебеларускім народным сходзе. — Заўв. БелТА.) — праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця. Гэта сапраўды тая тэма, якая закранае актуальныя для насельніцтва пытанні”, — сказаў Аляксей Дзербін.

Ён таксама растлумачыў, што ІАЦ не праводзіў спецыяльных даследаванняў адносна таго, якое стаўленне складваецца ў насельніцтва наконт Усебеларускага народнага сходу, што мае адбыцца. Пры гэтым Аляксей Дзербін адзначыў, што цэнтр пастаянна адсочвае настроі, якія ёсць у грамадстве. Для гэтага выкарыстоўваюцца сацыялагічныя апытанні і розныя адкрытыя крыніцы.