Спецыяльны прадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе па Украіне Марцін Сайдзік адзначае прагрэс у аднаўленні інфраструктуры ў зоне канфлікту ва Украіне. Аб гэтым ён заявіў журналістам.
“Ёсць значныя крокі па аднаўленні чыгуначных зносін і ліній электраперадачы. Можна сказаць, з кожным днём павялічваюцца аб’ёмы паставак вугалю на тэрыторыю, падкантрольную ўраду Украіны. Зразумела, гэта вельмі важна для энергазабеспячэння, у прыватнасці зімой. Але, паўтару, у гэтым пытанні вельмі важна вырашыць праблему размініравання”, — сказаў Марцін Сайдзік.
Ён адзначыў, што рабочая група па эканамічных пытаннях таксама сканцэнтравана на праблеме аднаўлення водазабеспячэння. “Яна прадоўжыла абмеркаванне гэтага, але зноў жа гэта звязана з пытаннем размініравання тэрыторыі”, — сказаў на заканчэнне спецпрадстаўнік.