Назіранне, даследаванне, адкрыццё

- 14:42Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Падрыхтоўка дзіцяці да даследчай дзейнасці, навучанне яго ўменням і навыкам даследчага пошуку становяцца найважнейшай задачай адукацыі і сучаснага настаўніка.

Педагог павінен навучыць дзяцей агульным даследчым уменням і навыкам: уменню бачыць праблему, задаваць пытанні, выказваць гіпотэзы, даваць азначэнне паняццям, уменню класіфікаваць, весці назіранне, ведаць методыку правядзення эксперымента, самастойна рабіць высновы, даказваць і абараняць свае ідэі. 

Мне, як і кожнаму настаўніку, вельмі важна, каб матэрыял, які вывучаецца, быў цікавы, даступны дзецям, важна знайсці шляхі для стварэння сітуацыі поспеху, дапамагчы дзіцяці паверыць у свае сілы. 

Задача настаўніка не проста перадаць веды, а забяспечыць самастойную дзейнасць навучэнцаў. На ўсіх этапах настаўнік павінен выступаць як памочнік, гэта значыць, кансульта­ваць, матываваць, дапама­гаць. 

З першага класа пачынаю далучаць сваіх вучняў да ўдзелу ў праектна-даследчай дзейнасці на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці. У сваёй рабоце пераважна выкарыстоўваю гульні і заданні, якія дазваляюць актывізаваць даследчую дзейнасць дзяцей. Стараюся праводзіць урокі так, каб дзеці адчувалі сябе маленькімі даследчыкамі. Такі падыход да навучання выклікае ў іх цікавасць, і матэрыял лёгка запамінаецца.

На ўроках і факультатыўных занятках знаёмлю навучэнцаў з паняццямі “даследаванне”, “інфармацыя”, “крыніцы інфармацыі”, “тэорыя”, “веданне”, “назіранне”, “адкрыццё”, “вынік”, “выснова” і інш. Фармірую ўменне бачыць праблемы, задаваць пытанні, назіраць, праводзіць эксперыменты. 

Уменне задаваць пытанні з’яўляецца найважнейшай умовай для даследавання. Таксама абавязковай умовай для развіцця даследчай дзейнасці з’яўляецца ўменне даваць азначэнне паняццям. Звычайныя загадкі і крыжаванкі будуць для гэтага самымі лепшымі практыкаваннямі. Вялікую ўвагу ўдзяляю развіццю ўмення дзяцей працаваць са здабытай інфармацыяй: вылучаць галоўны, значны матэрыял і прадстаўляць вынікі сваёй творчай працы. 

Пры фарміраванні да­следчых уменняў і навыкаў вучняў выкарыстоўваю факультатыўныя заняткі для вучняў 1—2 класаў “Я пазнаю свет, ці Што? Навошта? і Чаму?” і “Юныя даследчыкі, або Прыступкі на шляху да адкрыцця” для навучэнцаў 3—4 класаў, мэта якіх — развіццё даследчых здольнасцей вучняў.

Поспех даследчай дзейнасці ў многім залежыць ад яе арганізацыі. Каб вызначыцца з тэмай даследавання, спачатку трэба навучыць дзяцей выяўляць праблемы, а потым ад праблемы пераходзіць да тэмы даследавання. У 3—4 класах дзеці могуць самі выбіраць тэму даследавання. Настаўнік толькі павінен накіраваць іх да правільнага выбару. 

Пасля таго як сфармулявана тэма даследавання, мэта, неабходна прадумаць задачы работы. Вырашыўшы іх, вучні дасягнуць пастаўленай мэты, а таксама выкажуць гіпотэзу, якую будуць правяраць. Задачы і гіпотэза агучваюцца і карэкціруюцца падчас калектыўнай гутаркі. 

Задача настаўніка не проста перадаць веды, а забяспечыць самастойную дзейнасць навучэнцаў. На ўсіх этапах настаўнік павінен выступаць як памочнік, гэта значыць, кансультаваць, матываваць, дапама­гаць.

Каб даследчыку вырашыць пастаўленыя задачы і праверыць гіпотэзу, трэба таксама ўзброіцца інструментамі, а інструменты даследчыка — гэта метады даследавання. Таму прапаную юным даследчыкам метады, якія яны мо­гуць выкарыстоўваць у сваёй рабоце.

Вучні, абапіраючыся на сфармуляваную мэту і задачы, выбіраюць метады даследавання. Пасля пачынаецца даследчая дзейнасць: дзеці актыўна працуюць, аналізуюць і абагульняюць атрыманыя матэрыялы, праводзяць даследаванне. Я выконваю ролю кансультанта: дапамагаю сістэматызаваць сабраную інфармацыю.

Калі сабраныя матэрыялы апрацаваны і праве­дзена абмеркаванне атрыманых вынікаў, прапаную вярнуцца да задач і паглядзець, адказалі даследчыкі на пастаўленыя ў іх пытанні ці не.

На этапе абароны кансультую дзяцей, як павінны быць аформлены работы. Пры прадстаўленні работ часта выкарыстоўваем прэзентацыі, раздатачны матэрыял (брашуры, буклеты, прадукты даследавання), якія даказваюць эфектыўнасць праведзенай працы. 

З кожным годам цікавасць дзяцей да даследчай дзейнасці ўзрастае, а метады яе арганізацыі і спосабы правядзення ўдасканальваюцца, дзякуючы сур’ёзнай рабоце над памылкамі і новым творчым знаходкам.

Мы ганарымся тым, што, удзельнічаючы ў раённым конкурсе даследчых работ, навучэнцы нашай школы неаднаразова былі адзначаны дыпломамі.

Мой вопыт паказвае, што:

    • усе вучні пачатковай школы гатовы і могуць стаць юнымі даследчыкамі як на ўроку, так і па-за ім: пад кіраўніцтвам настаўніка і самастойна;
    • усе прыёмы і методыкі даступныя, калі іх адаптаваць да тых, з кім працуеш;
    • школьнае жыццё напаўняецца сэнсам, важнымі справамі, як для саміх дзяцей, так і для школы;
    • педагогу неабходна, прадумаўшы свае дзеянні да дробязей, злучыць усё ў сістэму і паспрабаваць рэалізаваць задуманае.

Святлана ШАМЯНКОВА,
настаўніца пачатковых класаў
Ленінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Краснапольскага раёна.