Названы лепшыя чыгуначныя вакзалы краіны

Беларуская чыгунка падвяла вынікі штогадовага рэспубліканскага агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання чыгуначных вакзалаў, паведамілі ў прэс-цэнтры БЧ.

У аглядзе прымалі ўдзел пазакласныя вакзалы, а таксама вакзалы I, II і III класаў. Сярод пазакласных першае месца заняў вакзал станцыі Брэст-Цэнтральны. Ён уваходзіць у лік помнікаў архітэктуры Беларусі, з’яўляецца дзеючым “музеем мармуру пад адкрытым небам”. “Чыгуначны вакзал Брэста — адзін са старэйшых у Беларусі. У маі бягучага года яму споўнілася 132 гады. Унікальны будынак вакзала гарманічна ўпісваецца ў стыль сучаснага горада. Гэта вароты краіны ў Еўропу. У сярэднім кожны месяц яго паслугамі карыстаюцца амаль 300 тысяч пасажыраў”, — адзначылі ў прэс-цэнтры.

Другое месца сярод пазакласных прысуджана вакзалу станцыі Мінск-Пасажырскі.

Сярод вакзалаў I класа на першым месцы па выніках агляду — Орша-Цэнтральная, на другім месцы — Гродна. Сярод вакзалаў II класа перамогу атрымаў вакзал станцыі Полацк, на другім месцы — Пінск. Пераможцам сярод вакзалаў III класа прызнаны вакзал станцыі Крычаў, на другім месцы — Лунінец.

Упершыню штогадовы рэспубліканскі агляд санітарнага стану і добраўпарадкавання чыгуначных вакзалаў адбыўся ў 2001 годзе. Правядзенне мерапрыемства сведчыць пра значнасць, якую магістраль надае абнаўленню пасажырскіх вакзалаў, укараненне новых форм абслугоўвання пасажыраў.