Назвы забытых вёсак

Ёсць у Кіраўскім раёне вёска з назвай Самадумаўка. Завецца яна так, бо шмат дзясяткаў гадоў назад сяляне па сваім рашэнні і без панскага дазволу пасяліліся ў гэтай мясцовасці і пачалі жыць тут адной вёскай. А вось Збышын, наадварот, калісьці быў домам пана Збышынскага, лёкай якога, згодна з мясцовымі легендамі, вадзіўся з нячыстай сілай. 

Так выглядае карта ўсіх даследаваных турыстычных аб’ектаў і вёсак.

Такія цікавыя гісторыі пра вёсачкі сваёй малой радзімы даведаліся вучні сярэдняй школы № 2 Кіраўска імя К.П.Арлоўскага. Школьнікі аналізавалі назвы вёсак і найбліжэйшых прыродных аб’ектаў, працавалі з гістарычнымі і літаратурнымі крыніцамі і, канечне, шмат вандравалі і знаёміліся з мясцовымі жыхарамі. Падчас даследавання вучні даведаліся гісторыю айконімаў 212 населеных пунктаў і 24 легенды, звязаныя з гэтымі вёскамі і мястэчкамі.

— Многія з гэтых вёсак не знойдзеш на звычайнай карце: яны даўно зніклі, іх знаходжанне мы аднаўлялі па старых картах і ўспамінах старажылаў, — расказала кіраўнік праекта намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алена Міхайлаўна Каранкевіч. — Гэта дало нагоду для цэлага даследавання пра тое, як і чаму знікалі вёскі ў ХХ і ХХІ стагоддзях.

Поўны тэкст матэрыяла чытайце ў Настаўніцкай газеце № 49, 30 красавіка.

Мар’я ЯНКОВІЧ.