Развіццё інклюзіўных падыходаў да навучання з’яўляецца адной з найбольш актуальных праблем сучаснай сістэмы адукацыі. Аднак ці ўсе аднолькава разумеюць тэрмін “інклюзія”?
Сучаснаму грамадству не хапае інфармацыі для разумення сутнасці інклюзіі ў сучаснай школе.
Здаецца, яшчэ зусім нядаўна было выразнае раздзяленне: адны дзеці ішлі ў агульнаадукацыйныя школы, іншыя, з парушэннямі ў развіцці, накіроўваліся ў спецыяльную ўстанову. Бацькі апошніх усімі праўдамі і няпраўдамі змагаліся за тое, каб іх дзіця, няхай і крыху не такое, як яго аднагодкі, хадзіла ў звычайны дзіцячы сад, затым — у школу. І гэтае жаданне цалкам зразумелае, бо навучанне ў спецыялізаванай установе ізалявала дзіця ад паўнавартасных зносін з аднагодкамі.
Сёння да такіх дзяцей падыход іншы — не аддзяляць іх, а, наадварот, актыўна ўключаць у агульнаадукацыйны працэс, каб кожнае дзіця, незалежна ад здольнасцей, магчымасцей і асаблівасцей развіцця, магло атрымаць неабходную адукацыю не толькі ва ўстановах спецыяльнай, але і ва ўстановах дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі.
Зараз у Барысаўскім раёне 2451 дзіця з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, з іх 95% (2346) дзяцей ахоплены інтэграванай, інклюзіўнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай, 5% (105) атрымліваюць спецыяльную адукацыю дома і ў цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.
У раёне актыўна практыкуецца арганізацыя і правядзенне сумесных інклюзіўных мерапрыемстваў. Ва ўстановах адукацыі рэгулярна праводзяцца мерапрыемствы спартыўна-аздараўленчага характару з удзелам усіх дзяцей, у тым ліку з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і інваліднасцю. Вядзецца работа па фарміраванні інклюзіўнай талерантнасці сярод педагагічнай і бацькоўскай грамадскасці.
Мэта інклюзіўнай школы — даць усім дзецям магчымасць паўнавартаснага сацыяльнага жыцця, актыўнага ўдзелу ў калектыўных справах, стварыць умовы для ўзаемадзеяння і клопату адно аб адным. Інклюзія — гэта не толькі фізічная прысутнасць дзіцяці ў прасторы школы. Быць уключаным — азначае магчымасць актыўнага ўдзелу ў вучэбным працэсе з усведамленнем уласнага ўкладу ў грамадскае жыццё класа.
Гісторыя сярэдняй школы № 18 Барысава — гэта няпросты і доўгі шлях да стварэння “школы для ўсіх”. Удзел школы ў рэспубліканскім эксперыментальным праекце “Апрабацыя зместу вучэбных праграм спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, распрацаваных з улікам інклюзіўных падыходаў у адукацыі” наблізіла педагогаў да разумення неабходнасці адаптацыі адукацыйных праграм спецыяльнай адукацыі да рэальных умоў навучання школьнікаў з АПФР у класах інтэграванага навучання і выхавання.
Важным этапам у гісторыі школы стала рэалізацыя ў 2014—2018 гадах рэспубліканскага эксперыментальнага праекта “Апрабацыя мадэлі інклюзіўнай адукацыі ва ўстанове адукацыі”. У рамках міжнароднага праекта TEMPUSINOVEST “Усходняе партнёрства” ажыццяўлялася дыстанцыйнае павышэнне кваліфікацыі педагогаў — удзельнікаў эксперыментальнага праекта. Педагогі мелі магчымасць атрымаць не толькі тэарэтычныя веды, але і вывучыць практычны вопыт іншых устаноў адукацыі, у тым ліку за межамі Рэспублікі Беларусь.
Рэалізацыя рэспубліканскага эксперыментальнага праекта “Апрабацыя адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах інклюзіі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця” (2018—2022 гг.) садзейнічае павышэнню метадычнай дасведчанасці педагогаў, уключэнню ўсіх дзяцей у сумеснае навучанне, сацыяльнае ўзаемадзеянне і партнёрскія адносіны.
У рамках супрацоўніцтва са шведскай няўрадавай арганізацыяй ТАА “Надзея ХХІ стагоддзя” пры садзейнічанні Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі і Мінскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі быў зняты фільм пра асноўныя аспекты дзейнасці ўстановы ў рамках інтэграцыі і сацыялізацыі дзяцей з асаблівымі патрэбамі “На шляху да інклюзіўнай школы”. У 2020 годзе пры садзейнічанні грамадскай дабрачыннай арганізацыі ЮНІСЕФ створаны дакументальны фільм “Проста дзеці” аб сацыялізацыі ў школе навучэнцаў з АПФР. Абодва фільмы выкарыстоўваюцца ў рабоце з педагогамі і бацькамі для ўкаранення ідэй інклюзіўнай адукацыі.
Інклюзія — гэта не толькі фізічная прысутнасць дзіцяці ў прасторы школы. Быць уключаным — азначае магчымасць актыўнага ўдзелу ў вучэбным працэсе з усведамленнем уласнага ўкладу ў грамадскае жыццё класа.
Сёння ў школе вучацца 852 навучэнцы, з іх 78 навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, у тым ліку дзеці з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату і расстройствамі аўтыстычнага спектра. Гэта 18 класаў інтэграванага навучання і выхавання, у якіх працуюць 67 педагогаў, з іх 44 з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй. Для навучэнцаў з улікам псіхафізічных асаблівасцей створаны спецыяльныя ўмовы і безбар’ернае асяроддзе. У штаце супрацоўнікаў — памочнікі выхавальніка (выхавальнікі) для персанальнага суправаджэння ў адукацыйным працэсе навучэнцаў з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату і расстройствамі аўтыстычнага спектра, настаўнік адаптыўнай фізічнай культуры. Арганізаваны падвоз да месца навучання.
З вопытам работы прыходзіць перакананне, што безбар’ернасць — комплекснае паняцце, якое ўключае не толькі наяўнасць пандусаў, поручняў, сродкаў перамяшчэння і іншага жыццёва важнага абсталявання. Вельмі важна стварэнне адзінай адукацыйнай прасторы для навучання звычайных дзяцей і дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця для таго, каб у будучыні ўсе дзеці з асаблівасцямі сталі паўнапраўнымі членамі грамадства, было забяспечана іх далейшае жыццеўладкаванне, з ранняга ўзросту ліквідавана ізаляцыя ад здаровых аднагодкаў.
Навучэнцы з АПФР — актыўныя ўдзельнікі школьнага жыцця. З’яўляючыся часткай вялікага дзіцячага калектыву, нашы асаблівыя навучэнцы маюць магчымасць праявіць свае здольнасці: дзеці неаднаразовыя лаўрэаты і дыпламанты рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод”, удзельнікі міжнароднай інтэрнэт-гульні “Наша Беларусь: мэты ўстойлівага развіцця — складовыя элементы свету” і г.д. І няхай перамог яшчэ не так шмат, але яны вельмі значныя як для саміх навучэнцаў, так і для іх педагогаў.
Імкненне да інклюзіўнай адукацыі патрабуе ўключэння ў адукацыйны працэс бацькоў як паўнапраўных удзельнікаў. Калектыў школы ўсведамляе, што поспех у многім залежыць ад арганізацыі работы з сем’ямі навучэнцаў. У школе працуюць бацькоўскія клубы “Сям’я” і “Мастацтва быць бацькамі”. На пасяджэннях клубаў разглядаюцца найбольш хвалюючыя пытанні сучаснай адукацыі і выхавання, арганізуецца сумесная адпачынкавая дзейнасць дзяцей і бацькоў, фарміруюцца асновы талерантнасці. У аснове работы — сямейна-цэнтраваныя віды дапамогі. У пасяджэннях клубаў прымае ўдзел уся сям’я (тата, мама, брат, сястра).
Адным з важных напрамкаў у рабоце па фарміраванні талерантнасці з’яўляецца супрацоўніцтва школы з санаторным яслямі-садам № 35 Барысава. У рамках педагагічнага праекта “Арганізацыя пераемнасці дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі як фактар фарміравання талерантнага стаўлення да дзяцей з парушэннямі зроку”, распрацаванага педагогамі ясляў-сада, навучэнцы пачатковых класаў з задавальненнем удзельнічаюць у сумесных адукацыйных мерапрыемствах, наведваюць малышоў у дзіцячым садзе і прымаюць у сябе ў гасцях. Падчас зносін паміж дзецьмі сціраюцца ўсе адрозненні — фізічныя, знешнія, узроставыя, саступаючы месца цікавасці, творчасці, узаемаразуменню і супрацоўніцтву.
Інклюзія пачынаецца са змянення нашага мыслення. Няма паняцця “яны”, ёсць толькі “мы”, і знешнія адрозненні не адыгрываюць ніякай ролі. Навучыць чытаць, пісаць, лічыць можна любое дзіця. А вось навучыць суперажываць, дапамагаць, прымаць непадобнасць, быць добрым і міласэрным — гэта магчыма толькі калі мы не побач, а разам.
Людміла ПОЙТА,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Барысаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі;
Анжэла МАЗУРКЕВІЧ,
дырэктар сярэдняй школы № 18 Барысава.





