Не арганізатары адукацыі, а метадычныя памочнікі

- 11:37Якасць адукацыі

У нас з’явілася новая кваліфікацыйная катэгорыя педагогаў — настаўнік-метадыст. На яго глядзяць па-рознаму і чакаюць рознага. Нават само паняцце “метадыст” трактуецца па-рознаму. З аднаго боку, метадыст — гэта спецыяліст па прымяненні пэўных методык, тэхналогій, распрацоўшык аўтарскіх метадаў і прыёмаў, а з другога — гэта ў пэўнай ступені і арганізар, які ведае, як і чаму можна навучыць маладога і нявопытнага настаўніка або таго, хто хоча нечаму навучыцца.

Настаўнік-метадыст, настаўнік працоўнага навучання сярэдняй школы № 13 Жлобіна Віталь Васільевіч Гузаў — даўні сябар і актыўны чытач нашай газеты. Акрамя таго, гэты чалавек вядомы сваёй неабыякавасцю да ўсіх працэсаў, што адбываюцца ў нашай сістэме адукацыі. Апошняя наша з ім размова была прысвечана ролі настаўнікаў-метадыстаў у сістэме павышэння кваліфікацыі. Пытанне гэтае сёння вельмі актуальнае, таму ёсць сэнс данесці да грамадскасці меркаванні на гэты конт не толькі тых, хто здолеў атрымаць кваліфікацыю метадыста, але і тых, хто з’яўляецца сапраўдным мэтрам у адукацыі.
Настаўнікам-метадыстам Віталь Васільевіч з’яўляецца трэці год. За гэты час ён назапасіў пэўны вопыт і выказаў жаданне ім падзяліцца. Педагог можа даць майстар-клас і па арганізацыйна-зместавым напаўненні ўрока, і па ажыццяўленні пазакласнай работы. На працягу апошніх двух гадоў Гузавым праводзяцца абласныя аўтарскія курсы. Трэба адзначыць, што курсы не з’яўляюцца яго абсалютным ноу-хау. Віталь Васільевіч праводзіў іх і раней, да атрымання катэгорыі настаўніка-метадыста. На жаль, доўжацца яны ўсяго толькі тыдзень і праводзяцца раз на год, тым не менш даюць плён.
Настаўнікі з задавальненнем прыязджаюць у сярэднюю школу № 13 Жлобіна да Віталя Васільевіча. Гэты момант, па словах майго суразмоўцы, вельмі важны, бо педагогі прыязджаюць вучыцца менавіта ў школу, а не, напрыклад, раённы аддзел адукацыі, каб паслухаць лекцыі ды па школах пахадзіць з экскурсіямі. Курсы носяць выключна практыка-арыентаваны характар, і многія адзначаюць, што прыехалі да Гузава “трудавікамі”, а ад’язджаюць настаўнікамі.
— Разам са слухачамі курсаў мы будуем мадэль урока па пэўнай тэме. Затым ідзём на ўрок, які праводжу я, і здымаем яго на відэа. Пры гэтым кожны слухач атрымлівае заданне: прасачыць і прааналізаваць пэўную частку ўрока. Пасля ўрока мы прыходзім у аўдыторыю, уключаем відэа і аналізуем гэты ўрок ад пачатку да канца, прычым са стоп-кадрамі. Абмяркоўваем усё, што было на ўроку, вызначаем, ці апраўдана гэта было, прагназуем, што можна было б зрабіць яшчэ і без чаго, магчыма, можна было абысціся. Больш за тое, заўсёды папярэджваю настаўнікаў, што буду наўмысна рабіць памылкі, якія яны павінны знайсці і патлумачыць, як іх можна было б пазбегнуць.
Другая частка курсаў практычная: настаўнікі выступаюць у ролі вучняў, якім даецца заданне стварыць аб’ект працы з нуля. Са школьнікамі такая работа можа праводзіцца на працягу паўгода, а са слухачамі мы ўмудраемся такі аб’ект стварыць за адны заняткі на працягу шасці гадзін. Вопыт і веды настаўнікаў дазваляюць ім зрабіць гэта за такі кароткі прамежак часу. Працэс уключае стварэнне графічнай, тэхналагічнай дакументацыі і непасрэдна сам выраб. Майстар-класы даю не толькі я, але і іншыя настаўнікі, якія маюць свае моцныя бакі. У прыватнасці, Дзмітрый Барысавіч Доўнар з нашай 13-й школы, Яўген Мікалаевіч Козел з раённай гімназіі Ельска. Яны з’яўляюцца і маімі суаўтарамі вучэбна-метадычнага дапаможніка для настаўнікаў “Працоўнае навучанне для 8 класа”.
Наступны этап — работа з адоранымі дзецьмі, удзельнікамі алімпіяд, якія таксама праводзяць майстар-класы, прадстаўляючы свае алімпіядныя вырабы. Яны выступаюць з іх абаронай, паказваюць суправаджальную дакументацыю. Усё гэта адбываецца ў рэжыме дыялогу са слухачамі. Калі падчас курсаў не будзе такіх зносін, то эфектыўнасць іх будзе нізкая. Канечне, свой вопыт можна апісаць і выдаць метадычны дапаможнік ці распаўсюдзіць відэа, але калі няма жывой гутаркі, то эфект ад такой перадачы вопыту будзе мізэрны.
Але тут хачу засяродзіцца на такім моманце. Натуральна, калі я праводжу курсы, то выпадаю з адукацыйнага працэсу ў сваёй навучальнай установе. Аднак у мяне ёсць раўназначная замена. Са мной працуе выдатны настаўнік, які без праблем замяняе мяне на гэты тыдзень, калі праходзяць курсы. Што рабіць настаўніку-метадысту, які працуе ў школе адзін і замены не мае? Мяркую, трэба перагледзець фарміраванне стаўкі настаўнікаў-метадыстаў. Напрыклад, вучыць дзяцей у сваёй школе ён будзе на працягу 16 гадзін, астатнія чатыры адпрацуе ўжо ў ролі настаўніка-метадыста. У вобласці ведаюць змест усіх курсаў настаўнікаў-метадыстаў. Ёсць графік і тэмы, таму педагогі, якім неабходна павысіць свой прафесійны ўзровень, могуць паехаць і павучыцца ў сваіх больш вопытных калег у адведзены для гэтага тэрмін. І яшчэ: настаўнікі-метадысты павінны абавязкова працаваць у школах, інакш яны страцяць сваю кваліфікацыю. Так, гэта нялёгка — сумяшчаць два віды дзейнасці, але ж мы не проста настаўнікі, мы — метадысты. І фактычна кожны наш урок павінен быць, як адкрыты. Прынамсі, я заўсёды запрашаю сваіх калег на любы са сваіх урокаў, і яны прыходзяць, прычым з усяго горада.
Вяртаючыся да сваіх курсаў, хачу заўважыць, што яны эфектыўныя менавіта на базе школы, бо тут створаны патрэбныя ўмовы. У прынцыпе, па такой схеме могуць працаваць многія настаўнікі-метадысты, бо ў кожнага з іх напрацавана свая база, — адзначыў Віталь Васільевіч.
Гаварылі мы і пра ролю раённых вучэбна-метадычных кабінетаў. Сёння з розных крыніц паступае інфармацыя пра тое, што неабходна рабіць рэгіянальныя (адзін на некалькі раёнаў) метадычныя кабінеты. У свой час Віталь Васільевіч працаваў метадыстам у метадычным кабінеце, таму дакладна ведае, якія ён выконвае функцыі. У прыватнасці, арганізатарскія.
А на сённяшні дзень метадыст раённага метадычнага кабінета — гэта больш арганізатар у адукацыі, чым метадыст, бо вядзе некалькі прадметаў адначасова. Але насамрэч метадыст павінен быць усё ж метадыстам, а не арганізатарам. Па меркаванні Віталя Васільевіча, павінна быць дакладнае раздзяленне: або арганізатар адукацыі, або метадыст. Тут узнікае заканамернае пытанне: “Што рабіць?”
— На, жаль, я дакладна не ведаю колькасці метадыстаў па рэспубліцы. У Гомельскай вобласці іх нямнога. І ці будзе нейкая карысць ад таго, што, напрыклад, у Жлобіне зрабіць адзін метадычны кабінет на некалькі раёнаў? Пытанні ўзнікаюць нават з пункту погляду лагістыкі: як дабірацца людзям з аддаленых населеных пунктаў? І наколькі метадысты з гэтых рэгіянальных метадычных кабінетаў будуць сапраўднымі прафесіяналамі, здольнымі аказаць неабходную метадычную дапамогу настаўніку?
Калі гаворка ідзе пра нейкае рэфармаванне раённых метадычных кабінетаў і надзяленне метадыстаў у большай ступені арганізатарскімі паўнамоцтвамі, то мне здаецца, што да работы такіх кабінетаў павінны далучацца настаўнікі-метадысты. Напрыклад, у нашай Гомельскай вобласці ў абласным інстытуце развіцця адукацыі ёсць спецыяліст, які дакладна ведае, дзе ў вобласці ёсць настаўнік-метадыст і што ён можа зрабіць, каб дапамагчы тым, каму гэта патрэбна. Але зноў-такі для такой дапамогі павінны быць вы-дзелены пэўныя гадзіны. Больш за тое, настаўнікі-метадысты павінны вучыць настаўнікаў не толькі са свайго рэгіёна, але і з усёй рэспублікі. Тут вялікую ролю можа адыграць Рэспубліканская асацыяцыя настаўнікаў-метадыстаў. Майстар-класы праводзяцца, але іх вельмі мала, — лічыць Віталь Васільевіч Гузаў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ