Не бачыць бар’ераў

- 12:03Інклюзія, Сацыяльны ракурс

Курс на інклюзію ў заслаўскай сярэдняй школе № 2 імя М.К.Пуцейкі быў узяты яшчэ ў 1996 годзе з адкрыцця першага спецыяльнага класа для дзяцей з цяжкасцямі навучання.

Больш за 10 гадоў школа з’яўляецца ў Мінскім раёне цэнтрам па арганізацыі інтэграванага навучання і выхавання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. 

— Сёння ва ўстанове налічваецца каля 1000 вучняў, з якіх каля 100 дзяцей з АПФР, у тым ліку 32 дзіцяці з інваліднасцю. Вучні з асаблівасцямі займаюцца ў шасці класах інтэграванага навучання і выхавання і адным спецыяльным для дзяцей з ДЦП. Некаторыя пражываюць у іншых  населеных пунктах Мінскага раёна, іх на заняткі прывозяць бацькі. Ва ўстанове створана безбар’ернае асяроддзе: пандус, тактыльная плітка, пад’ёмнік, маўленчы інфарматар, санвузел, даступны для дзяцей з рухальнымі парушэннямі, — расказала намеснік дырэктара школы па вучэбнай рабоце Наталля Уладзіміраўна Маліноўская. — Мы працуем па розных вучэбных планах і праграмах спецыяльнай адукацыі: для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, парушэннямі слыху і зроку, па праграмах ЦКРНіР і дапаможнай школы, у рамках надомнага навучання. З дзецьмі, якія маюць патрэбу ў карэкцыйнай дапамозе, займаюцца настаўнікі-дэфектолагі, якіх у школе сем. Дадаткова з дзецьмі з аўтызмам працуе цьютар. Летам у школе арганізоўваецца 9-дзённы кругласутачны інклюзіўны лагер Мінскага раёна. 

 Сацыялагічныя і дыягнастычныя даследаванні, праведзеныя ў рамках рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання талерантнасці ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу праз арганізацыю прадукцыйнага ўзаемадзеяння з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”, паказалі, што талерантнасць школьнікаў, бацькоў і педагогаў з кожным годам узрастае. Перш за ўсё дзеці не бачаць бар’ераў для зносін з асаблівымі равеснікамі. 

Кожны новы навучальны год у школе пачынаецца з абмеркавання пытанняў інклюзіі з бацькамі, якіх часта хвалюе, ці будзе ў інтэграваным класе настаўнік удзяляць дастаткова ўвагі звычайным вучням. Летась, напрыклад, ва ўстанову прыйшлі дзеці з вельмі рознымі парушэннямі развіцця, аб’яднаць іх разам было немагчыма, таму ўсе чатыры першыя класы былі інтэграваныя. А сёлета набралі два такія першыя класы з чатырох. Праблем з бацькамі не ўзнікла. Пры неабходнасці псіхолаг і настаўнікі-дэфектолагі арганізоўваюць для іх трэнінгі па прыняцці дзяцей з АПФР. 

Ёсць выпадкі, калі бацькі не хочуць бачыць праблемы дзіцяці, баяцца звярнуцца па спецыя­лізаваную дапамогу, памылкова думаючы, што гэта можа дрэнна паўплываць на перспектывы дзіцяці, напрыклад, што ў атэстаце будзе нейкая пазнака аб заканчэнні інтэграванага класа. Так страчваецца каштоўны час, калі спецыялісты могуць аказаць неабходную дапамогу. Але праблема нікуды не знікае, а часта нарастае. Здараецца і адваротная сітуацыя, калі спецыяльна ў школу № 2 Заслаўя з іншых устаноў Мінскага раёна прыводзяць дзяцей з асаблівасцямі, каб тут атрымаць належную падтрымку.  

Я чытаю шмат літаратуры, метадычных матэрыялаў, парады педагогаў розных краін па рабоце з дзецьмі з АПФР і зрабіла выснову, што псіхалагічна такія дзеці самыя звычайныя. Проста яны ў большай ступені, чым астатнія, залежныя ад дарослых. Каля іх павінен знаходзіцца чалавек, якому яны могуць давяраць. Ім неабходна дапамагаць, але не рабіць за іх работу. 

Лізавета Шамрук.

Знаёмімся з Лізаветай Ігараўнай Шамрук, настаўніцай мастацтва і класным кіраўніком спецыяльнага класа для дзяцей з ДЦП, і яе падапечнымі Лізаветай Бекетавай і Кацярынай Бяловай, жыхаркамі Заслаўя. Да нядаўняга часу ў гэтым класе вучыўся яшчэ і хлопчык (пакінуў школу па прычыне пераезду сям’і). Кожны дзень на заняткі дзяўчынак прывозяць бацькі, на стаянцы для іх аўтамабіля прадугледжана асобнае парковачнае месца. Кабінет, дзе займаюцца вучаніцы, размешчаны на першым паверсе побач з санітарным пакоем. Паколькі дзяўчынкі перамяшчаюцца на калясцы, настаўнікі-прадметнікі самі прыходзяць да іх.    

— У тых, хто мае парушэнні функцый апорна-рухальнага апарату, часта прысутнічаюць спадарожныя парушэнні зроку і маўлення. Такія дзеці хутка стамляюцца, у іх свая спецыфіка ўспрымання інфармацыі, узнікаюць праблемы з пісьмом, — адзначае педагог. — У пачатковай школе Ліза і Каця вучыліся ў інтэграваным класе на працягу 5 гадоў па праграме для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні. Цяпер дзяўчынкі зай­маюцца ў 9 класе. Настаўнік фізкультуры і настаўнік-дэфектолаг праводзяць з імі дадатковыя карэкцыйныя заняткі. Вучаніц на працягу дня суправаджае памочнік выхавальніка.  

Быць класным кіраўніком у спецыяльным класе — адказнасць і такая ж паўнацэнная работа, як і ў звычайным класе. Дзяўчынкі і іх бацькі заўсёды сустракаюць мяне з усмешкай, з імі можна наладзіць канструктыўны дыялог. Ліза і Каця па большасці прадметаў вучацца на 9—10 балаў. Калі ўзнікаюць складанасці, настаўнікі ідуць насустрач і займаюцца з імі дадаткова. Да таго ж дзяўчынкі вельмі старанныя, вучацца самі. У класе яны сядзяць за невялікімі, анатамічна зручнымі для іх партамі, на якіх размешчаны камп’ютары з маніторамі на спецыяльных трымальніках, каб можна было ставіць іх пад вуглом. Дзяўчынкі пішуць ад рукі і друкуюць на клавіятуры. Інтэрактыўная дошка ў іх класе — першы памочнік настаўнікаў пры правядзенні ўрокаў.  

Разважаючы пра будучыню маіх выхаванак, штудзірую зборнікі з інфармацыяй аб установах сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, дзе шукаю даступныя для дзяцей з рухальнымі абмежаваннямі прафесіі. Насцярожвае адсут­насць безбар’ернага асяроддзя ў многіх установах адукацыі. Веру, што для Лізы і Каці знойдзецца прымальны варыянт для навучання.   

Надзея ЦЕРАХАВА. 
Фота аўтара.