Не бачыць межаў і выходзіць за рамкі прапанаванага

- 12:09Вышэйшая школа

На фізічным факультэце БДУ створана студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя “Танкаплёначныя тэхналогіі”, сузаснавальнікам якой стала навукова-тэхнічная кампанія “Ізавак”. Галоўная задача — прыцягнуць студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў да творчай інавацыйнай дзейнасці, а таксама падрыхтаваць спецыялістаў у адпаведнасці з запытамі канкрэтнага заказчыка.

Навуковымі кіраўнікамі лабараторыі выступаюць загадчык кафедры энергафізікі фізічнага факультэта БДУ Міхаіл ЦІВАНАЎ і старшыня Савета дырэктараў групы кампаній “Ізавак” Уладзімір ШЫРЫПАЎ.

Для фізфакаўцаў і не толькі…

— У 2015 годзе пры кафедры энергафізікі мы арганізавалі навукова-папулярны семінар, на які сталі запрашаць вядомых людзей, — расказвае Міхаіл Ціванаў. — Некалькі разоў у нас выступалі замежныя прафесары, лекцыі чыталі дырэктары навукова-даследчых устаноў, акадэмікі, кіраўнікі інавацыйных кампаній. Адным з такіх запрошаных лектараў быў старшыня Савета дырэктараў групы кампаній “Ізавак” Уладзімір Якаўлевіч Шырыпаў, і яго выступленне выклікала вялікую зацікаўленасць у нашых студэнтаў. Потым мы рэалізавалі яшчэ некалькі сумесных ініцыятыў. У працэсе ўзаемадзеяння стала зразумела, што фізічны факультэт БДУ і навукова-тэхнічная кампанія “Ізавак” могуць быць карыснымі адно аднаму. Так з’явілася ідэя стварыць сумесную студэнцкую навукова-даследчую лабараторыю.

Згаданая лабараторыя будзе дзейнічаць на базе кафедры энергафізікі, але ўдзельнічаць у яе рабоце змогуць усе студэнты БДУ, якіх цікавіць прапанаваная тэматыка: нанатэхналогіі і 2D-матэрыялы, мікра- і нанаэлектроніка, фотавальтаіка (навука аб пераўтварэнні энергіі сонечнага выпраменьвання ў электраэнергію), фізіка паверхні. Дзейнасць лабараторыі мае на ўвазе правядзенне лекцыйных і практычных заняткаў, навуковых семінараў, канферэнцый і экскурсій у навукова-даследчыя і вытворчыя цэнтры, індывідуальнае кансультаванне студэнтаў, форумы і сустрэчы з экспертамі па адпаведных навуковых напрамках. На базе лабараторыі будуць выконвацца курсавыя, дыпломныя, аспіранцкія і бізнес-праекты. Удзел у фарміраванні тэматыкі навукова-даследчых работ будзе прымаць кампанія “Ізавак”.

— Ствараючы лабараторыю, мы вырашылі, што на першым месцы тут будзе навуковая творчасць, — гаворыць Міхаіл Ціванаў. — Студэнты могуць прыйсці сюды з любымі ідэямі, нават калі на першы погляд іх рэалізацыя падаецца немагчымай. Хай спрабуюць — гэта не вымагае вялікіх фінансавых укладанняў і ўмяшання ў тэхналагічныя працэсы кампаніі. Зацікаўленасць студэнтаў адпаведнымі распрацоўкамі, уцягванне іх у інавацыйныя працэсы прынясе несумненны плён. Дарэчы, самым актыўным студэнтам кампанія “Ізавак” будзе аказваць грантавую падтрымку.

Даведка

Навукова-тэхнічная кампанія “Ізавак” — найбуйнейшы ў СНД экспарцёр вакуумнай тэхнікі. Яе прадукцыю можна сустрэць у краінах Еўропы, Азіі і Паўночнай Амерыкі. Кампанія больш за 25 гадоў займаецца інавацыйнымі плёначнымі тэхналогіямі, стварэннем унікальнага вакуумнага напыляльнага абсталявання, іоннымі крыніцамі, тэхнікамі распыльвання і распрацоўкай адпаведнага праграмнага забеспячэння. На яе рахунку — шэраг паспяхова рэалізаваных праектаў для сусветных НighТech кампаній: Apple, Sharp, Samsung, Saint-Gobain, LG.

15 ідэй для будучых інавацый

Кампанія “Ізавак” ужо прапанавала студэнтам шэраг даследаванняў на будучы год: 15 тэм, звязаных з акумулятарамі, сонечнымі элементамі, аптычнымі матэрыяламі і г.д. Яны могуць стаць асновай курсавых, дыпломных праектаў, магістарскіх дысертацый або праводзіцца ў рамках навукова-даследчай работы студэнтаў. Плануецца, што па кожнай тэме будуць прызначаны кіраўнік ад кафедры энергафізікі і кансультант з боку кампаніі “Ізавак”.

Усе тэмы новыя, перспектыўныя — і для кампаніi “Ізавак”, і для фізічнага факультэта яны ўяўляюць вялікую цікавасць. Ужо восенню будзе арганізаваны сумесны семінар, дзе вучоныя і вытворцы абмяркуюць, як скіраваць фундаментальныя веды ў прыкладное рэчышча.

— Вельмі добра, што студэнты змогуць займацца фундаментальнай навукай, але з прывязваннем да патрэб канкрэтнага прадпрыемства, — гаворыць Міхаіл Ціванаў. — Кампанія “Ізавак” будзе прапаноўваць нам розныя аб’екты для даследаванняў і, адпаведна, дапамагаць у іх правядзенні. Справа ў тым, што на нашым факультэце створана даволі добрая база аналітычнага абсталявання, а вось сучасная тэхналагічная база адсутнічае. І ёсць шмат цікавых ідэй, задумак, але няма магчымасці іх матэрыялізаваць. Мы ўвесь час мусім шукаць партнёраў, у тым ліку за мяжой, якія зацікаўлены ў сумеснай рэалізацыі навуковых ідэй. У прыватнасці, манаслойныя матэрыялы для даследаванняў вырабляюць карэйскія партнёры, але гэта нязручна — Паўднёвая Карэя за тысячы кіламетраў ад Беларусі. Цяпер у многіх выпадках кампанія “Ізавак” можа вырабіць неабходныя нам аб’екты для даследаванняў, цікавыя з пункту гледжання навукі.

Міхаіл Сяргеевіч адзначыў, што па згаданай тэматыцы фізічны факультэт актыўна супрацоўнічае з польскімі, карэйскімі, індыйскімі, літоўскімі, расійскімі вучонымі. Але каб ісці далей і ўдзельнічаць у праграмах міжнароднай тэхнічнай дапамогі, напрыклад, праграме “Гарызонт 2025”, пажадана мець сур’ёзнага тэхналагічнага партнёра. З кампаніяй “Ізавак”, якая ўжо мае імя на сусветным рынку інавацыйнага абсталявання, фізічны факультэт можа рэалізоўваць сумесныя праекты, пад якія рэальна прыцягнуць замежнае фінансаванне.

— Мы даўно працуем у галіне танкаплёначных тэхналогій, — заўважыў Міхаіл Ціванаў, — але з кампаніяй “Ізавак” наша работа стане яшчэ больш цікавай, практыка-арыентаванай і, як мы спадзяёмся, зверне ўвагу студэнтаў на інавацыйную вытворчасць. Мы штогод арганізоўваем для моладзі экскурсіі ў акадэмічныя інстытуты, а зараз уключым у сваю арбіту навукаёмістыя вытворчыя прадпрыемствы, дзе ёсць вельмі цікавае абсталяванне і вырабляецца сучасная інавацыйная прадукцыя.

Займацца навукай і зарабляць, як у ІТ

— Праблема ў тым, што ІТ-сфера перацягвае да сябе моладзь, якая магла б займацца навукаёмістай вытворчасцю, — гаворыць Міхаіл Ціванаў. — І нават такія паспяховыя кампаніі, як “Ізавак”, адчуваюць кадравы голад (хаця кампанія досыць вялікая, толькі ў Мінску ў яе каля 150 супрацоўнікаў, ёсць вытворчасць на Тайвані). Зарплаты і ўмовы працы там — на ўзроўні ІТ-сферы. Аднак ва ўсіх на слыху ІТ, і вытворчым кампаніям канкурыраваць з ІТ-гігантамі досыць складана.

У канцы мінулага года некалькі вытворчых кампаній, у тым ліку “Ізавак”, заснавалі асацыяцыю “Інавацыйная прыборавытворчасць”, і адно з асноўных пытанняў для іх — узнаўленне кадраў. Вытворцы хочуць, каб спецыялісты прыходзілі да іх мэтанакіравана, а не па рэшткавым прынцыпе. І сумесную студэнцкую лабараторыю, створаную на фізічным факультэце БДУ, кампанія “Ізавак” разглядае ў тым ліку як пляцоўку для “вырошчвання” высокакваліфікаваных, адмыслова падрыхтаваных спецыялістаў.

— Сёння высокатэхналагічныя кампаніі “палююць” на нашых выпускнікоў, — кажа Міхаіл Ціванаў. — Так, у адрозненне ад выпускнікоў тэхнічных спецыяльнасцей, яны не заўсёды ўмеюць карыстацца пэўным абсталяваннем. Але яны з’яўляюцца тымі рэдкімі спецыялістамі, якія не бачаць межаў і заўсёды могуць выйсці за рамкі прапанаванага. Яны здольны шукаць і знаходзіць штосьці новае — на фізічным факультэце мы вучым іх гэтаму. Спадзяёмся, што ў новай лабараторыі нашы студэнты знойдуць цікавыя тэмы для сваіх даследаванняў, якія стануць асновай сур’ёзных інавацыйных распрацовак. Гэта дазволіць ім займацца навукай і зарабляць, як у ІТ.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.