Гаворка пра настаўніка — нялёгкая задача. З аднаго боку, ужо выказана шмат слоў удзячнасці прадстаўнікам гэтай прафесіі за іх цяжкую, але надзвычай важную працу. З другога боку, напісана столькі слоў аб ролі і прызначэнні настаўніка ў грамадстве. Здаецца, цяжка знайсці новую тэму для разважанняў. І ўсё ж такі хочацца зноў сказаць нешта важнае пра настаўніка.
Наталля Рыгораўна Барысенка, настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Касцюковіч, належыць да ліку тых педагогаў, якія сумяшчаюць у сабе вялізны педагагічны вопыт, глыбокія прадметныя веды і па-сапраўднаму творчыя і душэўныя адносіны да самога працэсу навучання.
Больш за 20 гадоў працуе яна настаўніцай. За гэты час у Наталлі Рыгораўны склалася педагагічнае крэда, на яе думку, простае і вечнае, як сама педагогіка: “Любіць, паважаць у вучню асобу, чалавека, верыць у яго магчымасці, падтрымліваць лепшае, добрае, светлае”. Менавіта такую педагогіку можна назваць педагогікай супрацоўніцтва, заснаванай на ўзаемным даверы настаўнікаў і вучняў.
Наталля Рыгораўна часта паўтарае, што быць настаўнікам — гэта ўскласці на сябе велізарны цяжар не толькі радасці, але і трывогі, клопату, адказнасці за выхаванне маладога пакалення. Гэта больш аддаваць, чым браць, пастаянна падтрымліваць свой аўтарытэт “лепшага чалавека на зямлі”. Настаўнік — гэта чалавек, у якога больш трывожна і больш напружана, чым у іншых, б’ецца сэрца.
Наталля Рыгораўна — спрадвечны руплівец, нястомны шукальнік. Кожны яе ўрок — гэта незабыўная сустрэча з роднай мовай, літаратурай, культурай. Яна шчодра аддае свае веды і цяпло душы вучням. На кожных занятках імкнецца ператварыць веды ў перакананні, каб узрушыць, уключыць у працэс пазнання сэрцы дзяцей, каб развіць іх лепшыя якасці, пераадолець іх нерашучасць, няўпэўненасць у сваіх сілах. На ўроках літаратуры вучні не толькі аналізуюць мастацкія творы, але і інсцэніруюць іх, складаюць вершы, апавяданні, казкі.
Н.Р.Барысенка — таленавіты педагог. Яна валодае сваёй асаблівай методыкай выкладання, якая дае высокія вынікі. Яе вучні неаднаразова станавіліся пераможцамі і прызёрамі алімпіяд, творчых конкурсаў, конкурсаў работ вучняў даследчага характару: Аліна Галафаст — дыплом I ступені ў Адкрытым рэспубліканскім конкурсе па беларускай літаратуры; Кацярына Бурдзялёва — дыплом II ступені ў Рэспубліканскім конкурсе навукова-даследчых і творчых работ “Памяць роду: мінулае вачыма сучаснікаў”; Ганна Патапенка — дыплом III ступені ў лінгвістычнай алімпіядзе МДУ імя А.А.Куляшова, дыплом II ступені ў Рэспубліканскім конкурсе работ вучняў даследчага характару.
Наталля Рыгораўна — настаўнік, які не нясе веды, а вядзе да іх. Яна паказвае сваім вучням шляхі да вяршынь думкі, маральных вышынь, духоўнага ўдасканалення. Сваей плённай штодзённай працай яна даказвае: не бывае таленавітых дзяцей без дапытлівых і шукаючых настаўнікаў.
Святлана КАСЦЯНКОВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 1 Касцюковіч Магілёўскай вобласці.