Не было заданняў, якія б здзівілі або спалохалі дзяцей. Педагогі і вучні — аб выніках рэпетыцыйнага ЦЭ

- 11:01Актуально

Рэпетыцыйны ЦЭ 11-класнікі гімназіі № 5 імя У.С. Караткевіча Гродна здавалі на базе Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Педагогі ўстановы прымалі ўдзел у гэтым мерапрыемстве ў якасці арганізатараў. Падвялі і вынікі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

 

Як бы ні мяняліся правілы правядзення выніковай атэстацыі, яе формы, віды і нормы адзнак, задача ў педагогаў застаецца нязменнай — якасная падрыхтоўка вучняў да іспытаў, — адзначае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 5 імя У.С. Караткевіча Гродна Наталля Мацвейчык. — У гэтым навучальным годзе ў 11-м класе нашай гімназіі займаюцца 28 дзяцей, 15 з іх вывучаюць у профільнай групе рускую мову і біялогію на павышаным узроўні, а 13 — рускую і англійскую мовы на павышаным узроўні. Дадатковая падрыхтоўка вядзецца за кошт гадзін факультатываў, стымулюючых і падтрымліваючых заняткаў, індывідуальных кансультацый, заняткаў у алімпіядных групах, а таксама дзякуючы рэалізацыі праграм платных адукацыйных паслуг. У старшых класах гімназіі працуюць толькі настаўнікі першай і вышэйшай катэгорыі. З адзінаццацікласнікамі і іх бацькамі я асабіста праводжу індывідуальныя кансультацыі, дзе разам абмяркоўваем адукацыйную траекторыю дзяцей. Псіхолаг праводзіць прафдыягностыку.

Для здачы пробнага ЦЭ гімназісты сёлета выбралі 5 вучэбных прадметаў: матэматыку, гісторыю Беларусі, хімію, біялогію, фізіку. Калі вучні даведаліся пра структуру ЦЭ, што ў іх не будзе заданняў 5-га ўзроўню і можна абмежавацца базавым узроўнем падрыхтоўкі, яны адкарэкціравалі свае планы. Напрыклад, у профільнай групе, дзе біялогія вывучаецца на павышаным узроўні, адным з самых папулярных прадметаў для здачы пробнага ЦЭ стала хімія — прадмет, які ў спісе ўступных выпрабаванняў ва ўніверсітэты звычайна ідзе ў пары з біялогіяй. Дзеці, якія вывучаюць англійскую мову на павышаным узроўні, выбіралі для здачы пробнага ЦЭ парны прадмет гісторыю Беларусі. У выніку, са слоў дзяцей, 18 % атрымалі адзнакі вышэйшыя, чым у другой чвэрці, 36 % пацвердзілі свае адзнакі і 46 % здалі ніжэй за адзнакі ў чвэрці. Вучням, якія атрымалі вынікі ніжэйшыя, чым у чвэрці, педагогі прапанавалі наведваць дадатковыя заняткі па прадметах.

З 15 вучняў, якія вывучаюць у гімназіі біялогію на павышаным узроўні, толькі трое здавалі рэпетыцыйны ЦЭ, — расказала настаўніца біялогіі гімназіі Юлія Абуховіч. — Адзін пацвердзіў адзнаку ў чвэрці, а двое на 1 бал палепшылі свой вынік. Дзеці адзначалі, што на экзамене не было заданняў, якія б іх здзівілі або спалохалі. Да ўсіх заданняў мы рыхтаваліся не толькі на ўроках, але і на падтрымліваючых і стымулюючых занятках, факультатыве, у алімпіяднай групе. Мы сістэматызуем і абагульняем веды па ўсім курсе біялогіі.

Для кагосьці з вучняў ужо вырашылася дылема, які прадмет здаваць у якасці ЦЭ, а які — падчас ЦТ. А некаторыя яшчэ сумняваюцца, як адзін наш вучань, які здаў і рэпетыцыйны ЦЭ, і рэпетыцыйнае ЦТ па біялогіі з аднолькавым вынікам. Але час падумаць у яго яшчэ ёсць.

Вучаніца 11-га класа гімназіі Бажэна Мурына ідзе на залаты медаль. З 5-га класа захапляецца англійскай мовай і штогод перамагае на 2-м этапе рэспубліканскай алімпіяды па прадмеце.

У якасці пробнага ЦЭ я здавала матэматыку, — гаворыць дзяўчынка. — Набрала 78 балаў, гэта 10-ка. Такім чынам, я павысіла свой вынік на 1 бал, у чвэрці мела 9 балаў. Я ўдзельнічала і ў РТ па матэматыцы, дзе атрымала 72 балы. ЦЭ мне здаўся прасцейшым, чым РТ, бо ў ім не было заданняў 5-га узроўню. Да таго ж, у мяне было больш часу на падрыхтоўку да іспыту (РТ здавала ў пачатку навучальнага года).

Для паступлення ва ўніверсітэт мне патрэбна матэматыка і англійская мова, выбрала для сябе эканамічны кірунак. Па англійскай мове падчас першага этапу РТ я атрымала 100 балаў. І вырашыла, што ў якасці ЦЭ буду здаваць матэматыку, а на ЦТ здам англійскую мову, бо больш упэўнена сябе ў ёй адчуваю. За высокую падрыхтоўку па прадметах я ўдзячна педагогам гімназіі. Актыўна займаюся самастойна.

Надзея ЦЕРАХАВА