Не быць абыякавымі да добраўпарадкавання малой радзімы

- 12:48Інфармацыйная гадзіна

Мясцовыя жыхары павінны больш актыўна праяўляць ініцыятыву ў пытаннях добраўпарадкавання свайго краю. Такое меркаванне выказаў памочнік прэзідэнта інспектар па Віцебскай вобласці Віталій Воўк па выніках выязнога прыёму грамадзян у Браславе.

“Важна, каб жыхары самі праяўлялі ініцыятыву, звярталіся з прапановамі ў органы ўлады”, — падкрэсліў Віталій Воўк. Ён выказаў меркаванне аб неабходнасці аб’яднання намаганняў мясцовых жыхароў і прадстаўнікоў органаў улады і прывёў у якасці прыкладу браслаўчаніна, які прыйшоў на прыём. Пражыўшы дзесяць гадоў у Мінску, мужчына вярнуўся на малую радзіму, каб менавіта тут гадаваць сваіх траіх дзяцей. На прыёме неабыякавы да свайго горада грамадзянін выказаў шэраг рацыянальных прапаноў па добраўпарадкаванні, прыбіранні смецця, арганізацыі веладарожак і г.д. “Усе ідэі па паляпшэнні горада мы прапанавалі яму накіраваць у райвыканкам. Яны будуць улічаны пры падрыхтоўцы Браслава да абласнога свята “Дажынкі”, якое горад будзе прымаць у 2019 годзе”, — адзначыў памочнік прэзідэнта.

Віталій Воўк акцэнтаваў увагу на значнасці асабістых прыёмаў грамадзян. “Яны з’яўляюцца важнай сувяззю з насельніцтвам, дапамагаюць разумець, наколькі ўлады прымаюць правільныя рашэнні, каб людзі жылі на сваёй малой радзіме і рэалізоўвалі сябе”, — дадаў ён.

Што тычыцца праведзенага прыёму, Віталій Воўк станоўча адзначыў работу мясцовых органаў улады: “У цэлым бачна, што яны працуюць з насельніцтвам. Тэмы ўзнімаліся розныя, былі і складаныя. Аднак нейкіх асаблівых пытанняў не прагучала”.

Мясцовы пошукавік-энтузіяст, работнік райпо, звярнуўся па фінансавую дапамогу для арганізацыі аперацыі па пошуку амерыканскага знішчальніка Другой сусветнай вайны “Аэракобра”, які ў гады вайны зрабіў вымушаную пасадку на мясцовым балоце. На думку Віталія Воўка, гэта вельмі цікавая і важная тэма. Да яго пошуку плануецца прыцягнуць воінскія падраздзяленні, пошукавікаў і іншых зацікаўленых.

Пытанне падтаплення ў міжсезонне адразу некалькіх гарадскіх вуліц агучыла сям’я, якая пражывае па вул.Багдановіча. З улікам актуальнасці тэмы памочнік прэзідэнта даручыў падняць праект забудовы на прадмет наяўнасці меліярацыйнага канала.

Таксама звярталіся мясцовыя жыхары па пытаннях рассялення, спынення страхавых выплат, добраўпарадкавання вуліцы Ленінскай, будаўніцтва аўтамабільнай стаянкі для абслугоўвання сістэмы электроннага браніравання часу перасячэння дзяржграніцы з Латвіяй аўтатранспартам у пункце пропуску “Урбаны”, засялення ўчастка тэрыторыі каля нафтаправода “Дружба”. Раней гэтая тэрыторыя, паводле слоў заяўнікаў, належала да ворных зямель. Па ўсіх пытаннях дадзены адпаведныя даручэнні.