Не дапусціць новых ахвяр

Спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны Марцін Сайдзік па выніках пасяджэння ТКГ у Мінску заклікаў бакі канфлікту ва Украіне прытрымлівацца рэжыму спынення агню.

“Як вядома, у пачатку кастрычніка ва Украіне было прадоўжана дзеянне закона аб асаблівым статусе асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей. Са свайго боку я вітаю гэты факт як сведчанне прыхільнасці Украіны да мінскіх пагадненняў і мірнага вырашэння канфлікту”, — сказаў Марцін Сайдзік.

Ён адзначыў, што ў той жа час узрасла колькасць парушэнняў рэжыму спынення агню, і гэта непазбежна прыводзіць да новых ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва — на мінулым тыдні загінулі маці і дачка. “У сувязі з гэтым я яшчэ раз настойліва заклікаю ўсе бакі не дапускаць такога і праявіць строгую стрыманасць”, — падкрэсліў спецпрадстаўнік.

Гэтае пытанне стала ключавым у рабочай групе па бяспецы. Абмяркоўваліся дадатковыя меры па забеспячэнні доўгатэрміновага рэжыму спынення агню, пытанні развядзення сіл і сродкаў, а таксама практычнае ажыццяўленне гуманітарнага размініравання.

Гуманітарная рабочая група прадоўжыла дыскусію па пытаннях, звязаных з абменам тых, каго ўтрымліваюць, і пошукам тых, хто прапаў без вестак. Таксама абмяркоўваліся магчымасці паляпшэння ўмоў перасячэння лініі сутыкнення праз пункты пропуску.

У цэнтры ўвагі эканамічнай рабочай групы было водазабеспячэнне ў сістэмах “Карбаніт” і “Вада Данбаса”, уключаючы далейшыя крокі па рамонце Паўднёваданбаскага вадавода і работ у прамысловай зоне Аўдзееўкі. Палітычная ж падгрупа працягвала сваю работу па імплементацыі формулы Штайнмаера.

Спецпрадстаўнік звярнуў увагу, што першы намеснік кіраўніка СММ АБСЕ ва Украіне Аляксандр Хуг апошні раз удзельнічаў у пасяджэнні кантактнай групы. Ён пакідае сваю пасаду. Марцін Сайдзік ад імя ўсіх удзельнікаў ТКГ падзякаваў Аляксандру Хугу.

Наступнае пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны адбудзецца ў Мінску 6 лістапада.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *