Не дарма сябруем са спортам

- 12:02Навіны рэгіёнаў

Каманда Гомельскай вобласці заняла 1-е месца ў рэспубліканскіх спаборніцтвах па летнім мнагаборстве “Здароўе”. Яны прайшлі сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаных у гарадской мясцовасці.

На спартыўных базах Пінска змагаліся каманды шасці абласцей і Мінска. Школьнікі павінны былі паказаць свае ўменні ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі са становішча стоячы, скачках у даўжыню з месца, згінанні і выпростванні рук ва ўпоры лежачы (дзяўчаты), падцягванні на высокім турніку (юнакі), бегу на дыстанцыі 30 м, 1000 м, 1500 м, 3000 м.

Гомельскую вобласць прадстаўлялі навучэнцы ўстаноў адукацыі Мазырскага, Светлагорскага, Жлобінскага раёнаў, Чыгуначнага, Савецкага, Цэнтральнага раёнаў Гомеля.


Гімназісты з Рагачова сталі сярэбранымі прызёрамі рэспубліканскіх спаборніцтваў “Белая ладдзя — 2021”.

Гэты турнір прайшоў у Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па шахматах і шашках. У ім прынялі ўдзел 14 каманд устаноў агульнай сярэдняй адукацыі — пераможцаў абласных адборачных спаборніцтваў. Гомельскую вобласць прадстаўлялі каманды навучэнцаў гімназіі Рагачова і гімназіі № 56 Гомеля. Платон Жмуткоў (9 клас), Іван Пятрэнка (8 клас), Максім Матыскін (7 клас), Вольга Гіруева (7 клас) з Рагачова заваявалі на турніры “серабро”.


Першая каманда Спецыялізаванага ліцэя МНС Гомеля стала пераможцай шостага рэспубліканскага турніру “Футбол — твой сябар назаўсёды”.

У спаборніцтвах прынялі ўдзел 16 каманд дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, дзіцячых вёсак і кадэцкіх вучылішчаў Беларусі. Сярэбраным прызёрам гэтых спаборніцтваў стала каманда SOS-Дзіцячай вёскі з Мар’інай Горкі, 3-е месца — у другой каманды гомельскага ліцэя МНС. Лепшым гульцом прызнаны прадстаўнік пераможцаў Сяргей Катаман.

У конкурсе “Лепшая насценгазета” перамагла каманда Мазырскага дзіцячага дома, якая атрымала ва ўзнагароду фірменны футбольны мяч з аўтографамі гульцоў нацыянальнай зборнай Беларусі.

Асацыяцыя “Беларускай федэрацыі футбола” ўзнагародзіла ўсіх памятнымі прызамі. Акрамя таго, кожная ўстанова-ўдзельніца атрымала ў падарунак футбольныя мячы, камплекты формы і памятныя кубкі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.