Ёсць людзі, нібы зоркі. Яны гараць самі і запальваюць іншых: эмоцыямі, ідэямі, натхненнем. У адносінах да педагога гэта каштоўней удвая, бо ён здольны перадаць свой запал падрастаючаму пакаленню. Менавіта такой зоркай бачаць Віктара Філіпенку ўсе, хто яго акружае.
Сёння Віктар Віктаравіч — намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Гомельскага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага. Сюды ён прыйшоў у 2005 годзе, каб атрымаць прафесію настаўніка, ды так і застаўся ў сценах сваёй альма-матар. Выкладчыкі адразу заўважылі здольнага, творчага, працавітага хлопца, які прыйшоў у каледж з цвёрдым намерам зрабіць педагогіку часткай свайго жыцця. Гэта якраз той выпадак, калі чалавека нельга ўбачыць ні ў якой іншай прафесіі. Такую выснову зрабіў і дырэктар установы, таму яшчэ на першым курсе сказаў Віктару, што ў будучыні хоча бачыць яго ў ліку выкладчыкаў каледжа.
Пачынаў працоўную дзейнасць Віктар Філіпенка культарганізатарам, адначасова атрымліваючы вышэйшую адукацыю ў БДПУ імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя”. Атрымаўшы дыплом аб вышэйшай адукацыі ў 2013 годзе, малады педагог быў назначаны на пасаду загадчыка аддзялення спецыяльнасцей “Пачатковая адукацыя”, “Музычная адукацыя”, а праз год стаў намеснікам дырэктара.
“Пашанцавала хлопцу!” — махне рукой нехта. Але ж, як казаў французскі пісьменнік Жуль Рэнар, чалавек, якому пашанцавала, — гэта чалавек, які рабіў тое, што іншыя толькі збіраліся рабіць. Віктар Віктаравіч шмат працаваў, займаўся самаадукацыяй, вывучаў лепшы вопыт. Зараз ён прафесіянал, здольны аналізаваць і прымаць рашэнні. За яго плячыма — магістратура, а ў лістападзе намеснік дырэктара Гомельскага педкаледжа пасля паспяховай здачы кандыдацкіх экзаменаў залічаны ў аспірантуру Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі. Не дазваляць душы ленавацца — дэвіз нашага героя.
Сёння ўжо цяжка ўявіць сабе каледж без Віктара Філіпенкі. Без яго ўдзелу не праходзіць ні адно мерапрыемства, арганізатарскія здольнасці не даюць сядзець на месцы. Навучэнцы яго любяць, бо ён разумее іх і размаўляе з імі на адной мове. Пры гэтым аўтарытэт педагога застаецца цвёрдым як сярод дзяцей, так і сярод калег.
Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.