Не дзеля ўзнагарод — дзеля маральнага задавальнення

- 10:41Людзі адукацыі

Цяжка нават пералічыць тую колькасць грамат і ўзнагарод, якімі ўганаравана Людміла Уладзіміраўна Усціненка з Крычава. Сёння яна працуе метадыстам Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Крэчут”, да гэтага была спачатку кіраўніком гурткоў, потым — педагогам дадатковай адукацыі экалагічнага напрамку, працавала загадчыцай аддзела названага цэнтра творчасці.

Мае больш за 25 гадоў стажу ў дадатковай адукацыі, вопыт творчых пошукаў і дасягненняў, а галоўнае — любімых навучэнцаў, якіх вяла да перамог і новых здабыткаў. Чалавек па прыродзе сціплы, яна не любіць сябе хваліць, але калегі і кіраўніцтва з павагай ставяцца да яе як да чалавека і прафесіянала.

Адказнае стаўленне да працы і жаданне быць у лідарах сфарміраваліся ў будучага педагога яшчэ ў дзяцінстве. І не таму, што за гэта атрымаеш пахвалу, а таму, што хочацца працаваць на вынік, увесь час расці і развівацца.

— Родам я з вёскі Ніканавічы Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці. З маленства і дома, і ў школе нас прывучалі да працы і адказнага стаўлення да ўзятых на сябе абавязкаў. Бацькі дзесяць разоў не паўтаралі, што трэба зрабіць па гаспадарцы, іх аўтарытэт быў непарушны. Да таго ж, як кажуць, калі зрабіў справу — можна і на вуліцу да сяброў. У школе таксама многа працавалі на прысядзібным участку, і гэта было абавязковай формай выхавання. У выніку для мяне праца на зямлі, з раслінамі — гэта адпачынак і асалода, — гаворыць жанчына.

І хаця яшчэ дзяўчынкай сярод астатніх забаў перавагу аддавала гульні ў школу, у педагогіку Людміла трапіла не адразу. Спачатку атрымала прафесію кантралёра якасці гатовай прадукцыі, тры гады працавала на Магілёўскім камбінаце шаўковых тканін. А калі выйшла замуж і пераехала з сям’ёй у Крычаў, то пасля выхаду з дэкрэтнага водпуску вырашыла ўладкавацца ў дзіцячы сад памочнікам выхавальніка.

— Мне настолькі камфортна было ў дзіцячым калектыве, што я зразумела: вось яно — маё прызначэнне. Так, напэўна, трэба было, каб я параўнала розныя сферы дзейнасці і вырашыла, што мне бліжэй. Таму і скончыла Магілёўскае педагічнае вучылі­шча імя К.Д.Ушынскага. Але з дзеткамі-дашкольнікамі мне давялося працаваць толькі 10 гадоў, хаця лічыла тады, што выхавальнік дзіцячага сада — гэта мая любімая прафесія да пенсіі! На жаль, у 90-х адбываўся працэс змяншэння колькасці гэтых устаноў адукацыі — трапіў пад аптымізацыю і наш дзіцячы сад. Я засталася без працоўнага месца. У аддзеле адукацыі мне прапанавалі паспрабаваць свае сілы ў якасці кіраўніка гуртка ў Экалагічным цэнтры адукацыі і выхавання Крычава.

Так дадатковая адукацыя стала для жанчыны лёсам. На працягу многіх гадоў Людміла Уладзіміраўна вяла аб’яднанне па інтарэсах “Хатняе кветкаводства”. Выпускнікамі гуртка сталі дзясяткі дзяцей, захопленых любімай справай — доглядам раслін. За час існавання гуртка на базе ўстановы быў створаны “пакаёвы сад”, які налічваў каля сотні відаў раслін.

— Ведаеце, дзе б я ні была, адусюль везла незвычайныя расліны, каб пашырыць банк нашых зялёных прыгажуноў. У канцы 90-х — пачатку 2000-х гадоў не было такога распаўсюджвання раслін, як цяпер, толькі з’яўляліся магазіны кветак, дзе можна было набыць экзатычныя гаршковыя расліны. У выніку ў нас была выключная калекцыя, у гурток за незвычайнымі раслінамі, а таксама за парадамі, як іх даглядаць, прыходзілі з усяго горада, — з усмешкай успамінае жанчына.

Таксама адным з напрамкаў, які пранесла Людміла Уладзіміраўна праз усю педагагічную дзейнасць, стала работа з прыродным матэрыялам. Прыярытэтнымі матэрыяламі з’яўляліся бяроста і саломка.

Ва ўстанове годнае месца займа­юць пано і карціны, зробленыя рукамі юных умельцаў з аб’яднанняў “Залатая саломка” і “Жывая бяроста”, якія існавалі пад кіраўніцтвам Людмілы Уладзіміраўны. Больш за тое, Людміла Уладзіміраўна падрыхтавала годную змену педагогаў, якія змаглі працягнуць і развіваць далей гэты кірунак.

Велізарная заслуга належыць ёй у захаванні і папулярызацыі такога рэдкага кірунку ў творчасці, як работа з бяростай. У 2017 го­дзе праграма дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Жывая бяроста” заняла на Рэспубліканскай выставе-конкурсе вучэбна-метадычных матэрыялаў навукова-метадычнага і педагагічнага вопыту ганаровае 2-е месца. Праграма разлічана на 3 гады, па ёй і цяпер выпускаюцца выхаванцы, якія вывучылі асновы работы з бяростай.

У 2016 годзе праект “Жывая бяроста” ўдзельнічаў у конкурсе VIII Invest Weekend “Бізнес-экалогія-турызм”, арганізаваным Магілёўскім гарадскім цэнтрам развіцця малога прадпрымальніцтва, і быў адзначаны дыпломам I ступені ў намінацыі “Лепшая старт-ідэя”. У 2017 годзе праект быў паспяхова прадстаўлены на кірмашы мясцовых ініцыятыў у Краснаполлі Магілёўскай вобласці ў рамках праекта “Майстэрня мясцовых экалагічных ініцыятыў для развіцця мікрарэгіёнаў”, які рэалізуецца Міжнародным фондам развіцця сельскіх тэрыторый пры падтрымцы Праграмы малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду. На рэалізацыю праекта выдзяляліся грашовыя сродкі, на якія набыты драўляныя рамкі, інструменты для апрацоўкі і нарыхтоўкі бяросты, клеявыя пісталеты, фігурныя нажы, дзіркакол, фурнітура з прыроднага матэрыялу і многае іншае, што патрэбна для дзейнасці аб’яднання.

За гады работы Людміла Уладзіміраўна адзначана шматлікімі граматамі, у тым ліку і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Але больш за ўсё яе радуюць поспехі вучняў. Не пералічыць усе іх дыпломы, граматы і дасягненні. Вось толькі некаторыя з мера­прыемстваў, у якіх перамагалі яе гурткоўцы: абласная акцыя “Марш паркаў”, рэспубліканскі конкурс “Юннат”, рэспубліканскі конкурс-выстава “Лёд. Кветкі. Фантазія”, абласны конкурс “Захаваем нашу зямлю блакітнай і зялёнай”, рэспубліканскі конкурс юных аранжыроўшчыкаў “Мелодыі вясны”, абласная выстава-конкурс “Магілёўская скарбонка” і многія іншыя.

— Работа з дзецьмі для мяне была цікавай, разнастайнай, заўсёды па душы. Калі ты ўзаемадзейнічаеш з падрастаючым пакаленнем, то гэта ўдвая адказная задача, таму што ты выхоўваеш сваім прыкладам, працуеш праз пачуцці і жадаючы навучыць новым навыкам, у тым ліку вучыш і адносінам у калектыве, адаптацыі ў грамадстве. А калі гэта занятак, дзе ўключаецца творчасць, развіваюцца густ і эстэтыка, то гэта таксама аб’ядноўвае, фарміруе асаблівыя адносіны з выхаванцамі. Да мяне ў аб’ядненне пры­ходзілі нават сем’ямі: сястрычка прыводзіла брата, маці — дачку. Няма нічога другаснага ў выхаванні, мае значэнне ўсё, і калі агульны вынік тваёй працы — прыгожы, добразычлівы і шчыры чалавек, то што можа быць лепш? — падагульняе Людміла Уладзіміраўна.

Таццяна ЛАПАЦІНА.
Фота з асабістага архіва Л.У.Усціненка.