Не хапіла 0,09 секунды

Настасся Каракоўская спынілася за крок ад п’едэстала на спаборніцтвах па плаванні на 30-й Сусветнай летняй універсіядзе ў Неапалі. Да “бронзы” на дыстанцыі 50 м вольным стылем спартсменцы не хапіла 0,09 секунды.

25,24 сек — такі вынік паказала Настасся ў фінальным заплыве, зусім няшмат саступіўшы прадстаўніцы Вялікабрытаніі Эмілі Барклай (25,15 сек). “Серабро” — у спартсменкі з Германіі Джэсікі Фельснер (25,12 сек). Залаты медаль павезла ў ЗША плыўчыха Кі-Лі Пэры, яе вынік — 25,08 сек.

“Гэта асабісты рэкорд Настассі, — адзначыла адразу пасля выступлення асабісты трэнер Вольга Сяргееўна Яскевіч. — Гэта другая ўніверсіяда для спартсменкі. На спаборніцтвах у Тайбэі (Кітай) спартсменцы скарыўся толькі паўфінал. Зараз Каракоўская дабралася да фіналу. Будзем спадзявацца, што наступная ўніверсіяда дазволіць нам убачыць сябе ў медальным заліку”.

23,48 сек — такі рэкорд універсіяды на гэтай дыстанцыі, усталяваны нашай суайчынніцай Аляксандрай Герасіменяй у Казані ў 2013 годзе.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Вячаслава ПАТЫША.