Не хапіла зусім нямнога

ХХХ Сусветная летняя ўніверсіяда ў Неапалі стала для беларускай дэлегацыі багатай на 4-я месцы. Гэты раз зусім нямнога да прызавога месца не хапіла тэнісістцы Ганне Кубаравай.

У адзіночным разрадзе ў барацьбе за “бронзу” студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры прайграла спартсменцы з Ганконга Эдыс Вонг Чонг — 6:4, 1:6, 3:6.

Настасся Паўленка, якая таксама прадстаўляе гэты ўніверсітэт, выбыла з барацьбы за выхад у 16 наймацнейшых.

У мужчынскім адзіночным разрадзе Аляксандр Лявоненка прайграў за выхад у Round of 32. А Іван Лютарэвіч спыніўся на барацьбе за выхад у 16 наймацнейшых тэнісістаў.

“Для спартсменаў з Азіі ў Неапалі прыемны клімат і прывычнае грунтавое пакрыццё, — адзначыў адзін з трэнераў каманды тэнісістаў на ўніверсіядзе Павел Каранец. — Нашы гульцы настроены ў асноўным на хуткую гульню, таксама яны не зусім адаптаваны да тэмпературы і вільготнасці. Аня Кубарава паказала вельмі нядрэнны ўзровень гульні. Зусім нямнога ёй не хапіла да бронзавага медаля”.

У парным разрадзе Іван Лютарэвіч і Аляксандр Лявоненка прайгралі ў другім крузе 1-м сеяным турніру — спартсменам з Казахстана на вырашальным тай-брэйку — 14:12.

“Матч быў вельмі шчыльным, але, як часта бывае ў тэнісе, не хапіла шанцавання, — падкрэсліў Павел Каранец. — У плане пасеву не вельмі пашанцала і нашай жаночай пары Кубарава — Паўленка. Ужо ў першым крузе спартсменкі прайгралі пары з ЗША, дзе традыцыйна вельмі моцны ўніверсітэцкі тэніс. Таксама гэта звязана з тым, што нашы дзяўчаты проста не згуляны, у Мінску яны гуляюць на розных базах і не трэніруюцца разам. У парным разрадзе разуменне партнёра — ключавы момант”.

У змяшаным разрадзе Іван Лютарэвіч і Ганна Кубарава прайгралі за выхад у васьмёрку наймацнейшых пары з Партугаліі з лікам 11:9 на вырашальным тай-брэйку. Гэты матч склаўся драматычна. У тэнісе тай-брэйк лічыцца латарэяй. На жаль, усё вырашылася не на карысць нашых спартсменаў”.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Марыі КОЖДАН.