Не інакш, як пашчасціла!

З аднаго боку, складаныя навуковыя выкладкі, а з другога — простыя і шчырыя cловы

Загадчык кафедры “Парашковая металургія, зварка і тэхналогія матэрыялаў” механіка-тэхналагічнага факультэта БНТУ Фёдар Іванавіч Панцялеенка — вядомы вучоны ў галіне матэрыялазнаўства. Член-карэспандэнт НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі, доктар тэхнічных навук, прафесар. Зрабіў значны ўклад у распрацоўку новага класа сучасных кампазіцыйных матэрыялаў і ахоўных пакрыццяў. Ім створана навуковая школа па гэтым кірунку. Інавацыйныя тэхналогіі, распрацаваныя вучоным, укаранёны на многіх вытворчасцях Беларусі, Украіны, Расіі, Паўднёвай Карэі і іншых краін.

Сёлета выйшла ў свет кніга Фёдара Панцялеенкі “Карані”, дзе вучоны расказвае  пра свой радавод, пра два ўніверсітэты — БНТУ і ПДУ, якім ён аддаў больш як паўвека жыцця, пра людзей, з кім пашчасціла працаваць і сябраваць. Таксама ў кнізе шмат вершаў, якія аўтар прысвяціў сваім родным, калегам і нават цэлым калектывам.

“Ад чыстых каранёў”

Фёдар Іванавіч нарадзіўся ў вёсцы Крукавічы Калінкавіцкага раёна ў 1950 годзе. “Мне, беларусу, як і маім аднагодкам, якія нарадзіліся дакладна ў сярэдзіне ХХ стагоддзя, пашчасціла не ведаць, што такое вайна, і мірна пражыць на роднай зямлі. Але нам прыйшлося стаць сведкамі ці ўдзел­ьнікамі шэрага значных з’яў і падзей у жыцці маёй роднай краіны. Бадай, найбольш значнай з’явай быў пераход ад сель­скай, у якой яшчэ да сярэдзіны ХХ стагоддзя пераважную колькасць жыхароў скла­далі вяскоўцы, да ўрбанізаванай краіны. Безумоўна, гэта выклікала ўзлёт літаратуры, навукі, культуры, тэхнікі, эка­номікі ў цэлым дзякуючы ў значнай ступені таму, што шчыры, працавіты вясковы беларус узяў і прынёс ад сваіх чыстых каранёў”, — расказвае ў прадмове да сваёй кнігі Фёдар Іванавіч.

“На жаль, ні аднаго cа сваіх родных дзядоў і пра­дзедаў ні па татавай, ні па мамінай лініі я не бачыў, бо іх усіх — сумленных землябаробаў і адказных воінаў — павыбівалі шматлікія войны, якія бязлітасным катком пракаціліся па роднай Беларусі… — Фёдар Іванавіч прызнаецца, што ў дзяцінстве вельмі зайздросціў сваім сябрам, у якіх былі дзяды. — Праз маю малую радзіму праходзіла вастрыё аперацыі “Баграціён”, ішлі жорсткія кровапралітныя баі. І калі мама майго таты з дзецьмі і старымі хавалася ад немцаў у лесе (як яны каза­лі, у куранях — самаробных шала­шах-паўзямлянках), то ўся маміна радня апы­нулася ў Азарыцкім канцлагеры, многія там і засталіся назаўсёды”.

Фёдар Іванавіч упэўнены, што чалавек, які паважае свой род, павінен ведаць продкаў хаця б да чацвёртага калена. Ён пільна вывучае гісторыю ўласнай сям’і і сам склаў свой радавод. Некаторыя галінкі радавога дрэва цягнуцца далёка ўглыб ХІХ стагоддзя. Вучоны ганарыцца, што “як знакамітыя людзі, так і простыя радавыя, шчыра працавалі, ніколі не было ў родзе ні здраднікаў, ні паліцаяў, ні бандытаў”.

 “Сёння ў кожнага з нас ёсць магчымасць, заплаціўшы пэўныя грошы, атрымаць з дапамогай адпаведных архіўных службаў свой радавод. Але ўсё-такі каштоўней тыя звесткі, якія здабываеш сам усё жыццё з аповедаў родных і блізкіх, і самім складзены радавод”, — гаворыць Фёдар Панцялеенка.

Яго кніга “Карані” — гэта памяць і бясконцая павага да сям’і, да любімых бацькоў, да малой радзімы, якая дагэтуль не адпускае, сілкуе энергіяй і натхняе.

“Лёс мой — палітэх”

У юнацтве Фёдар Панцялеенка вагаўся паміж двума напрамкамі, дзе хацеў бы прадоўжыць вучобу: паміж журналістыкай у БДУ і інжынернай справай у палітэху. У выніку справай жыцця выбраў навуку, але любоў да трапнага ёмістага слова пра­нёс праз усё жыццё.

Упершыню парог галоўнага корпуса Беларускага політэхнічнага інстытута Фёдар Панцялеенка пераступіў 16-гадовым юнаком улетку 1966 года. “Пераступіў, палюбіў і зразумеў — гэта мой выбар на ўсё жыццё”, — прызнаецца вучоны. На жаль, з першага разу з-за чацвёркі па пісьмовай матэматыцы трапіць у лік студэнтаў БПІ не ўдалося. Каб паступіць на самую прэстыжную спецыяльнасць “Прыборы дакладнай механікі”, яму, як медалісту, патрэбна была толькі пяцёрка, бо на 50 месцаў прэтэндавала 60 медалістаў. І хоць па астатніх прадметах (фізіцы, хіміі, вуснай матэматыцы і нават па рускай мове) былі пяцёркі, аднаго бала Фёдару Панцялеенку ўсё ж не хапіла.

Вярнуўся ў родную вёску і год працаваў у калгасе ветэрынарным са­нітарам, адначасова вучыўся ў завочнай фізіка-матэматычнай школе пры БДУ. Наступная спроба была ўдалай: здаўшы экзамен па хіміі на “пяць”, Фёдар Панцялеенка паступіў на механіка-тэхналагічны факультэт БПІ (спецыяльнасць “Металазнаўства, абсталяванне і тэхналогія тэрмічнай апрацоўкі металаў”).

Забягаючы наперад, трэба сказаць, што інжынерная справа стала жыццёвым выбарам усёй сям’і Панцялеенка: жонкі Людмілы Мікалаеўны — выпускніцы інжынерна-педагагічнага факультэта БПІ, а таксама іх дачкі і сына.

Фёдар Іванавіч з задавальненнем успа­мінае студэнцкія гады, калі спазнаваў не толькі навуку, але і культурнае жыццё сталіцы. Менавіта тады ён на ўсё жыццё палюбіў тэатр. На доўгія гады завязвалася сяброў­ства ў інстытуцкіх аўдыторыях, навуковых лабараторыях, у будаўнічых атрадах.

Пасля заканчэння БПІ ў 1972 годзе Фёдар Панцялеенка пачаў працаваць у Полацкім дзяржаўным універсітэце (тады — філіял Беларускага тэхналагічнага інстытута). Там прайшоў шлях ад малодшага навуковага супрацоўніка да прарэктара па навуковай рабоце.

Не спяшайся…

Шэрыя аблокі
Нізенька плывуць,
Восень за сабою
У Беларусь нясуць.
Лес стаіць пануры,
Скінуўшы лісты.
Дожджык муку сее,
Дробны і густы.
Ціха і нязвыкла
Дрэмле сівы бор.
Дубы векавыя
Скінулі убор.
Восень ціха шэпча:
“Ты бяжыш куды?
Не спяшайся, хлопча,
І ідзі сюды.
Сядзь пад хмурай елкай,
Крыху адпачні.
Не сумуй, наступяць
Сонечныя дні”.

Наваполацкі перыяд у жыцці Фёдара Іванавіча быў надзвычай плённым. Вучоны вельмі хутка абараніў кандыдацкую дысертацыю і паглыбіўся ў вялікую навуку. Разам з калегамі ён наведвае розныя куткі СССР, распрацаваныя імі тэхналогіі ўмацавання і аднаўлення дэталей машын укараняюцца ў розных галінах прамысловасці (цепла- і атам­най энергетыцы, нафтаперапрацоўцы і нафта­хіміі, мато­рарамонтнай вытворчасці і інш.). Усё гэта дае Фёдару Іванавічу неацэнны вопыт і дазваляе стварыць навуковую школу ў галіне ўзмацняльна-аднаўленчых тэхналогій, якая атрымала міжнароднае прызнанне.

У 1992 годзе Фёдар Панцялеенка стано­віцца доктарам тэхнічных навук, праз год — прафесарам, у 2004 годзе — членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук.

Гэта быў неверагодна насычаны, поўны здзяйсненняў перыяд. У сваім прысвячэнні Полацкаму ўніверсітэту Фёдар Іванавіч на­пісаў:

“Дзеткі ж тут нарадзіліся,
Многа ў працы ўдалося.
З успамінаў найлепшае
У галаве засталося”.

У 2006 годзе, праз 40 гадоў пасля таго, як першы раз пераступіў парог БПІ, Фёдар Іванавіч вяртаецца ў сваю альма-матар — цяпер ужо ў Беларускі нацыя­нальны тэхнічны ўніверсітэт. Спачатку на кіраўніцтва кафедрай, а з 2008 па 2016 год працуе на пасадзе першага прарэктара.

Увесь час — і ў Наваполацку, і ў Мін­ску — Фёдар Панцялеенка вядзе актыўную навукова-педагагічную дзейнасць. Ён пад­рыхтаваў двух дактароў і 10 кандыдатаў тэхнічных навук. З’яўляецца аўтарам звыш 500 навуковых прац, у тым ліку 27 мана­графій, даведнікаў, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў. Мае 70 патэнтаў і аўтарскіх пасведчанняў на вынаходствы. Уваходзіць у рэдкалегіі шэрага аўтарытэтных міжнародных навукова-тэхнічных часопісаў.

Прафесар ведае англійскую, нямецкую, польскую мовы. І ён не проста ў трэндзе новых напрамкаў у навуцы і тэхналогій, а сам стварае гэтыя трэнды. Яго лекцыі заўсёды насычаныя і цікавыя. У вольны час Фёдар Іванавіч займаецца садоўніцтвам. Любіць “ціхае паляванне”. Піша шчырыя вершы — як на рускай, так і на беларускай мове.

“Вось вазьму я водпуск,
Сяду на пянёк,
Буду пісаць вершыкі
Кажненькі дзянёк.

Жонка бліны з мёдам
Будзе падаваць
І віна чырвонага
Шкелік наліваць.

А як надакучыць
Словы рыфмаваць,
Дзедаў кошык у рукі —
Дый грыбы збіраць.

Назбіраю кошык,
Можа, паўкаша.
Але ж ужо нацешацца
Цела і душа”.

Золата жыцця

У кнізе “Карані” змешчана некалькі тузінаў вершаў, якія Фёдар Панцялеенка прысвяціў сваім родным і калегам. Для кожнага, з кім жыў і працаваў разам, прафесар знайшоў добрыя словы. Душэўная шчодрасць, дабрыня, шчырасць Фёдара Іванавіча чуюцца ў кожным радку. Безумоўна, вялікая мудрасць вызначае чалавека, які праз жыццё спаткаў столькі сяброў.

Пра людзей, якія былі побач, Фёдар Іванавіч кажа не інакш, як пашчасціла. Пашчасціла пазнаёміцца! Пашчасціла разам працаваць! Пашчасціла сябраваць!..

У сваёй кнізе ён паспрабаваў успомніць усіх, з кім “пашчасціла працаваць у Наваполацку”. Пералік прозвішчаў пайшоў на другую сотню. Ну ў каго яшчэ зной­дзецца столькі не проста знаёмых, а вельмі блізкіх, паважаных і любімых калег?!

Навука, сябры і, вядома, сям’я — вось золата жыцця Фёдара Панцялеенкі. Яго багацце і радасць.

Самыя цёплыя радкі сваіх вершаў Фёдар Іванавіч прысвячае любімай сям’і. Вось, напрыклад, словы з віншавання дач­цэ з нагоды яе 20-годдзя:

“Маленькая наша Кацюшка-дачушка,
Давай мы цябе пацягаем за вушкі.
Шмат часу ў капусце мы з мамай шукалі,
З найлепшых дзяўчынак цябе выбіралі…”

або пажаданне сыну Аляксею:

“У навуцы болей шчыраваць,
А вынік будзе, безумоўна,
Бо што сам змог напрацаваць,
З’яўляецца найбольш каштоўным”.

Для буйнога вучонага-металурга паэ­зія — гэта яшчэ адзін, эмацыянальна-чуллівы, спосаб даследавання жыцця. З адна­го боку, дыягностыка і неразбуральны кантроль металаканструкцый, а з другога — неразбуральны кантроль эмоцый і пачуццяў. З аднаго боку, складаныя навуковыя выкладкі, а з другога — простыя і шчырыя словы. Навука і паэзія — два крылы таленавітага чалавека!

Пра творчасць і ўнутраную патрэбу пісаць вершы сам Фёдар Іванавіч гаворыць так:

“Справа нялёгкая, нават цяжкая —
Гэта не бульбу капаць.
Ціхенька ў душу просяцца словы,
Мушу паспрабаваць!”

Поспехаў вам, Фёдар Іванавіч, у навуцы і творчасці!

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.