Не каб удзельнічаць, а каб перамагаць!

Вынікі спартакіяды навучэнцаў “Алімп” у рамках спартакіяды Саюзнай дзяржавы падведзены ў Магілёве. Маштабнае спартыўнае мерапрыемства праходзіла на тэрыторыі рэгіёна ўжо пяты раз. Яго ўдзельнікамі сталі беларускія і расійскія школьнікі ва ўзросце 12—13 гадоў.

“Такія спаборніцтвы — крок на шляху да заваявання сур’ёзных медалёў і выдатны вопыт для маладых спартсменаў: тут кожны знойдзе, чаму павучыцца, — адзначыў начальнік упраўлення планавання і арганізацыйнай работы Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Уладзімір Уладзіміравіч Каваленя. — Мы ўбачылі сур’ёзную канкурэнцыю з боку расійскіх каманд, паглядзелі, якія падыходы і індывідуальныя тэхнікі ў іх існуюць — і гэта добрая школа. Нягледзячы на канкурэнцыю, нашы каманды правялі годны бой, прадэманстравалі сваю сістэму падрыхтоўкі, якая прыносіць высокія вынікі не толькі ў гульнявых, але і ў інтэлектуальных відах спорту — такіх, як шахматы. І гэта вельмі знамянальна: літаральна на мінулым тыдні Міжнароднай шахматнай федэрацыяй было прынята рашэнне правесці Сусветную шахматную алімпіяду 2022 года ў Мінску”.

Барацьба за прызавыя месцы была напружанай, а імкненне ўдзельнікаў да перамогі — упартым. У асабістым першынстве па шахматах сярод дзяўчат месцы размеркаваліся наступным чынам: 1-е месца — Аляксандра Шабан (Брэсцкая вобласць), 2-е месца — Аляксандра Тарасенка (Брэсцкая вобласць), 3-е месца Варвара Палякова (Магілёўская вобласць). У асабістым першынстве па шахматах сярод юнакоў лепшымі прызнаны: 1-е месца — Максім Чыпіга (Растоўская вобласць), 2-е месца — Расціслаў Клімко (Брэсцкая вобласць), 3-е месца — Вадзім Васільчанка (Растоўская вобласць).

У камандным першынстве па шахматах “золата” спаборніцтваў заваявала Брэсцкая вобласць (трэнер каманды Юрый Віктаравіч Крулікоўскі), “серабро” — Арлоўская вобласць (трэнер каманды Андрэй Мікалаевіч Лунёў), “бронзу” — Растоўская вобласць (трэнер каманды Алена Мікалаеўна Данчанка).

Запаветны кубак першынства па валейболе сярод дзяўчат і дыпломы першай ступені дасталіся камандзе Чэлябінскай вобласці (трэнер Альбіна Юр’еўна Вафіна), другі вынік — у каманды Пскоўскай вобласці (трэнер Аляксандр Аляксеевіч Шараў), трэці — у прадстаўнікоў Рэспублікі Паўночная Асеція — Аланія (трэнер Фаціма Аляксандраўна Казаева).

Першае месца ў спаборніцтвах па хакеі заваявала каманда Гродзенскай вобласці (трэнеры Андрэй Іосіфавіч Жыгала, Алёна Юр’еўна Сасім), 2-е месца — каманда Растоўскай вобласці (трэнеры Васіль Фёдаравіч Азарчук, Уладзіслаў Яўгенавіч Багданаў), 3-е месца — каманда Смаленскай вобласці (трэнеры Андрэй Андрэевіч Цімерташаў, Дзмітрый Мікалаевіч Смірноў).

“Мы прыехалі сюды не каб паўдзельнічаць, а каб перамагчы, — падзяліўся трэнер каманды-пераможцы “Прынёманскія ястрабы” Андрэй Жыгала. — Мы рыхтаваліся да гэтай спартакіяды вельмі ўпарта, і вынік аказаўся станоўчым. Сапернікі былі моцныя, але нашы хлопцы выклаліся на ўсе 100%. Іх нават не трэба было моцна зараджаць на перамогу: калі ў першы дзень гульняў яны ўбачылі ўзровень іншых хакеістаў, самі рваліся ў бой. Для нас спартакіяда — гэта не прахадныя спаборніцтвы, а добрая пляцоўка для абмену вопытам і павышэння спартыўнага майстэрства”.

На думку Уладзіміра Гаўрылавіча Юдко, дырэктара Магілёўскага абласнога комплекснага цэнтра алімпійскага рэзерву і галоўнага суддзі спаборніцтваў, спартакіяда прайшла на вельмі высокім арганізацыйным узроўні, што дазволіла камандам-удзельніцам цалкам засяродзіцца на гульні. “Мы назіралі напружаную барацьбу па ўсіх відах спорту: і ў хакеі, і ў валейболе, і ў шахматах, — адзначыў ён. — Кожны імкнуўся паказаць самы лепшы вынік. Думаю, што спартсменам, удзельнікам спартакіяды, гэтае мерапрыемства запомніцца надоўга, а многія з іх усё ж застануцца ў вялікім спорце і будуць дасягаць самых высокіх спартыўных вынікаў”.

Спартакіяда навучэнцаў “Алімп” у рамках спартакіяды Саюзнай дзяржавы сабрала на магілёўскай зямлі каля 200 юных таленавітых спартсменаў з шэрага рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Ад Расійскай Федэрацыі ў спаборніцтвах прынялі ўд зел зборныя Чэлябінскай, Пскоўскай, Самарскай, Растоўскай, Арлоўскай, Смаленскай, Маскоўскай абласцей, а таксама Рэспублікі Паўночная Асеція — Аланія; ад Рэспублікі Беларусь — Брэсцкай, Магілёўскай, Гродзенскай, Мінскай абласцей і Мінска.

Спартакіяда праходзіла ўжо пятнаццаты раз, аднак упершыню — як адно з мерапрыемстваў форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Яна аб’яднала ў сабе не толькі спаборніцтва, але і шырокую культурна-масавую праграму. Так, дзеці пазнаёміліся са славутасцямі Магілёва, правялі вечар дружбы, наведалі этнаграфічны комплекс “Зялёны Гай” і Магілёўскі заасад. Таксама школьнікі былі задзейнічаны ў мерапрыемствах V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які праходзіў у Магілёве 10—12 кастрычніка.
Арганізатарамі спартакіяды Саюзнай дзяржавы “Алімп” з’яўляюцца Пастаянны Камітэт Саюзнай дзяржавы, Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і Міністэрства спорту Расійскай Федэрацыі. У 2018 годзе на яе правядзенне было выдаткавана 35 млн расійскіх рублёў.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *