Не капіруе, а адаптуе

- 9:05Рознае, Якасць адукацыі

Яўген Пархоменка працуе настаўнікам фізікі ў Перарастоўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Добрушскага раёна пакуль толькі 4 гады, але ў педагагічным асяроддзі знаходзіцца ўсё сваё жыццё. Яго бацькі — настаўнікі, якія і натхнілі сына на педагогіку, няглядзечы на тое, што ён бачыў і адваротны бок гэтай прафесіі. Але, як заўважыў сам Яўген, яго не пужалі ні стосы сшыткаў, ні кучы папер, з якімі працавалі штодзень бацькі. Пасля заканчэння Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Яўген стаў настаўнічаць. У школу трапіў па размеркаванні і адразу пагрузіўся ў яе вірлівае жыццё.

Адчувалася, што Яўген з настаўніцкай сям’і. Яго маці Наталля Валянцінаўна — настаўніца матэматыкі, а бацька Іван Валянцінавіч — былы настаўнік рускай мовы і літаратуры, таму ў педагагічным і вучнёўскім калектывах мой суразмоўца адаптаваўся адразу. І пытанні: “Як вас сустрэла школа?”, “З якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца?” успрыняў нават як дзіўныя. Але пасля ўсё ж адказаў: “Нармальна. Да калег заўсёды можна звярнуцца з пытаннем, ды і з дзецьмі склаліся добрыя адносіны. Праблем з адаптацыяй не ўзнікла. А вопыт, як гаворыцца, прыходзіць з гадамі, таму калі і ўзнікалі праблемы, то па ходзе ўсё вырашалася. Акрамя таго, заўсёды можна звярнуцца да бацькоў, якія дадуць параду”.

Яўген Іванавіч стварае ўражанне спакойнага і ўдумлівага педагога, які імкнецца не толькі да ўдасканалення, але і да аналізу таго, што адбываецца вакол. З вучнямі ён будуе партнёрскія адносіны і глыбока перакананы ў тым, што найпершая задача педагога — зняць з сябе карону. “Гэта неабходна, каб быць з вучнем на адной прыступцы. Інакш яго не зразумееш і не ўспрымеш як партнёра. Тут яшчэ важна захаваць баланс субардынацыі: не задушыць сваім аўтарытэтам і не дапусціць панібрацтва. Баланс прыходзіць на ўзроўні адчуванняў, і я імкнуся ў сябе такое шостае пачуццё развіваць”, — працягваў нашу размову педагог.

Далей Яўген Пархоменка, гаворачы пра свой прафесійны рост, адзначыў, што пачынаючы настаўнік і той, хто хоць ужо некаторы час папрацаваў, — два абсалютна розныя настаўнікі. Прынамсі, цяпер яму не трэба падрабязна распісваць планы-канспекты сваіх урокаў. Не, ён іх, канечне, рыхтуе, але на дапамогу прыйшлі інфармацыйныя тэхналогіі, таму зараз, калі назапашана ўрочная база, на першы план выходзіць адаптацыя напрацовак да канкрэтнага класа. Свае ўрокі Яўген Іванавіч праводзіць без шпаргалак, тым больш што не заўсёды ўдаецца весці заняткі запланаваным рэчышчы. Стыхія ў выглядзе настрою класа, яго жадання ці нежадання працаваць па прапанаванай схеме можа ўсё разбурыць. У такой сітуацыі ратуе ўменне імправізаваць.

Па меркаванні майго суразмоўцы, эфектыўны ўрок — гэта той, на якім настаўнік дасягнуў пастаўленай мэты, што азначае: навучэнцы могуць самастойна аперыраваць паняццямі і разумеюць сутнасць фізічных з’яў, якія вывучаюцца. А ўрок, дзе ўсе атрымалі “дзясяткі”, не эфектыўны, а хутчэй нават дзіўны. Калі дзеці працуюць з жаданнем і агеньчыкамі ў вачах нягледзячы на адзнакі, а пасля званка сыходзяць з добрым настроем — гэта ўжо ідэальны ўрок. Дасягаць такога эфекту дапамагаюць самыя розныя метады і прыёмы.

Разам з тым погляды на методыку выкладання пачынаючага Яўгена Іванавіча і цяперашняга змяніліся прынцыпова. Гэта адбылося пасля знаёмства са стратэгіяй актыўнай ацэнкі. У мінулым годзе ён закончыў дыстанцыйныя курсы па засваенні актыўнай ацэнкі, затым у Яўгена Іванавіча была магчымасць пабываць у навучальных установах Варшавы (Польшча), дзе практыкуецца актыўная ацэнка.

“Спачатку мне было проста цікава. Быццам бы я раблю тое самае, але пры звароце да актыўнай ацэнкі атрымліваецца іншы вынік. Актыўная ацэнка больш дэмакратычная ў адносінах да вучня. Асабліва гэта адчуваецца, калі выкладанне ідзе ў межах традыцыйнага ўрока.

Калі гаварыць пра яе прымяненне на маіх уроках, то ў чыстым выглядзе не выкарыстоўваю, а адаптую да стандартаў нашай адукацыйнай сістэмы. Мне падабаецца, што ў стратэгіі актыўнай ацэнкі няма адзнакі. Там неабходна кожнаму ў класе напісаць каментарый. Канечне, гэта вельмі затратная справа, але тое, што яна дае значна лепшыя вынікі, факт. Класіка ў нашым постіндустрыяльным грамадстве не заўсёды эфектыўная”, — адзначыў Яўген Пархоменка.

Увогуле, па яго меркаванні, універсальнай методыкі не існуе. Ды і немагчыма, каб адна і тая ж методыка падыходзіла для кожнага настаўніка і ўсіх вучняў без выключэння. Як заўважыў мой суразмоўца, сёння, каб знайсці “ключык” да кожнага навучэнца, трэба шукаць падыходы. Менавіта яны становяцца ключавымі ў наладжванні ўзаемаадносін паміж настаўнікам і вучнем.

***

Затым педагагічныя і метадычныя здабыткі Яўгена Іванавіча папоўнілі веды па медыяадукацыі. Медыяадукацыю настаўнік разглядае як адзін са шляхоў павышэння цікавасці да прадмета. З гэтай досыць новай для беларускай педагогікі з’явай ён пазнаёміўся ў знакамітым летніку для настаўнікаў, які штогод ладзіцца ў Альхоўцы. А ўсё новае натхняе на перамены ў сабе. Гэтак жа здарылася і з настаўнікам фізікі Перарастоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, які вырашыў капнуць глыбей і рабіць навучэнцаў медыякампетэнтнымі на сваіх уроках.

“Мы з вамі жывём у медыяпрасторы, якая ствараецца рознымі спосабамі: інтэрнэтам, тэлебачаннем, газетамі, часопісамі. Пры гэтым усе навіны могуць быць пададзены абсалютна з розных бакоў. Усё залежыць ад мэты выдання або журналіста. Вобразна кажучы, у кожнага свая праўда. Менавіта таму важным з’яўляецца фарміраванне ў навучэнцаў прынцыпаў крытычнага мыслення і ўмення аналізаваць інфармацыю.

На курсах у Альхоўцы гаварылася пра тое, як сфарміраваць гэтую самую медыякампетэнтнасць. Не аспрэчыш, што гэта задача абсалютна кожнага настаўніка. Работа ў гэтым напрамку можа праводзіцца як на класных ды інфармацыйных гадзінах, так і практычна на кожным уроку па кожным прадмеце. Здавалася б, усё проста на ўроку інфарматыкі. Там ёсць шмат спосабаў займацца гэтым пытаннем. Як жа гэта можна зрабіць на ўроках фізікі? Зноў жа нічога складанага няма. Найперш, для таго каб нешта сфарміраваць, трэба ведаць, што мы фарміруем.

Вось вам элементарны прыклад. Абсалютна кожны з настаўнікаў фізікі расказвае пра радыеактыўнасць і ядзерныя рэакцыі. Гаворым мы і пра атамныя электрастанцыі, выкарыстанне якіх мае як станоўчыя, так і негатыўныя наступствы. Калі мы хочам сфарміраваць у вучняў негатыўнае стаўленне да гэтага пытання, то інфармацыю можна паднесці з дапамогай адпаведнага відэароліка, якіх на YouTube вельмі шмат. Калі ж мы хочам, каб у навучэнцаў з’явілася станоўчае стаўленне да атамных электрастанцый, то мы зноў можам паказаць адпаведны відэаролік.

А цяпер давайце паглядзім на ўсё крыху інакш. Выкладчыкі таксама людзі, і ў кожнага сваё стаўленне да гэтай тэматыкі. І менш за ўсё патрэбна, каб мы як транслятары інфармацыі навязвалі сваё меркаванне дзецям. Я ўвогуле на уроках гавару, што дзеці маюць права сумнявацца ў той інфармацыі, якую ім даю. Яны маюць права адстойваць свой пункт гледжання. І такія дзеці ёсць, няхай іх і нямнога.

Дык як жа павінен зрабіць сучасны педагог, даючы любую інфармацыю? Натуральна, мы павінны паказаць навучэнцам два відэафрагменты і дапамагчы знайсці залатую сярэдзіну. Гэта значыць, і ў першым відэа — праўда, і ў другім — таксама. Толькі аўтары як першага, так і другога роліка нешта не агучылі, і карцінка атрымалася аднабокай. А ісціна недзе пасярэдзіне. І мы павінны разам з дзецьмі знайсці гэтую ісціну, што з’яўляецца развіццём крытычнага мыслення і медыякампетэнтнасці”, — патлумачыў Яўген Іванавіч.
На прынцыпах медыяадукацыі грунтуецца ўся ўрочная дзейнасць педагога. Ён увесь час дае падставы сумнявацца, і яго вучні пастаянна шукаюць адказы на пытанні кшталту: гэта добра ці дрэнна, карысна ці шкодна, неабходна ці можна абысціся? На яго думку, неабходна разгледзець усе варыянты, каб дзеці пасля без сумнення выбралі самы правільны.

Прыведзены вышэй прыклад Яўген Іванавіч разглядаў са сваімі вучнямі на факультатыве. Спачатку яны пагаварылі пра тое, што атамная энергетыка — гэта добра, адносна танна, калі ўсё працуе ў штатным рэжыме, то не наносіць шкоды навакольнаму асяроддзю. А з другога боку, мы маем аварыю на Чарнобыльскай АЭС. І дзеці разважалі, апелюючы аргументамі і фактамі.

“Прывяду яшчэ адзін прыклад. На ўроках мы вельмі часта звяртаемся да асоб навукоўцаў-фізікаў, але, як правіла, гаворым пра тое, калі жыў і чым адметны чалавек. Карацей, асабліва не паглыбляемся ў асобу. Але ж тут ёсць над чым паразважаць. Напрыклад, над тым, хто з’яўляецца вынаходнікам тэорыі адноснасці: Эйнштэйн або Пуанкарэ? У навуковых колах спрэчкі працягваюцца па сённяшні дзень”, — працягваў настаўнік.

Урокі з пастаноўкай праблемы вымагаюць карпатлівай падрыхтоўкі настаўніка. Паставіць праблемнае пытанне — палова справы. Самае складанае — спрагназаваць ход такога ўрока. Ніколі не ведаеш наперад, куды прывядуць думкі і разважанні вучняў, таму настаўніку трэба ўвесь час быць напагатове, каб адказаць на самае неверагоднае пытанне або накіраваць клас у патрэбнае рэчышча.

Быць заўсёды ў інтэлектуальным тонусе Яўгену Іванавічу дапамагае самаадукацыя і рознага кшталту курсы павышэння кваліфікацыі, з якіх ён вяртаецца з новымі ідэямі для сваіх урокаў. Педагог не прыхільнік сляпога капіравання. Усе метадычныя прыёмы ён адаптуе пад сябе і сваіх вучняў. Акрамя актыўнай ацэнкі і медыяадукацыі, ёсць у метадычнай скарбонцы Яўгена Іванавіча і досвед па перавернутым класе. І педагог дакладна ведае, з якімі вучнямі перавернуты клас спрацуе, а з якімі такая задума не прынясе ніякай карысці. У яго разуменні сучасны настаўнік — гэта свайго роду кампілятар розных методык і тэхналогій. Дзецям падабаецца, калі на ўроках прысутнічае разнастайнасць.

***

У размове з Яўгенам Іванавічам не магла абмінуць увагай і новаўвядзенне наступнага навучальнага года, калі фізіка будзе вывучацца з 7 класа. Сярод навукоўцаў існуе меркаванне, што гэта не вельмі добра, што такім чынам мы робім крок назад. Аднак настаўнікі-практыкі, наадварот, адзначаюць: такое рашэнне было апраўданым. Маўляў, у шостым класе дзеці ўсё роўна не ўспрымалі фізіку так, як некалі меркавалася. Яна для іх была занадта цяжкім прадметам.

Гэтую навіну настаўнік фізікі з Перарастоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы таксама ўспрыняў з пазітывам. І гэта нягледзячы на тое, што такія перамены выклікаюць пэўную страту гадзін на вывучэнне прадмета. “Насамрэч, шасцікласнікі з-за свайго ўзросту яшчэ не ў стане ацэньваць крытычна тое, пра што з імі мы гаворым на ўроку фізікі. Адзінае, з таго што забралі ў шостым класе, можна было б вярнуць у дзявятым, дзе дзвюх гадзін катастрафічна не хапае і дзе вывучаюцца дастаткова няпростыя тэмы. Ды і якасць фізічных ведаў у нашых школьнікаў зніжаецца”, — мяркуе настаўнік.

На яго думку, такую сітуацыю можа выправіць профільнае навучанне і перадпрофільная падрыхтоўка. Пагаджуся з Яўгенам Іванавічам, які адзначыў, што сістэма адукацыі павінна быць больш гібкай у адносінах да кожнага вучня. Нельга ўсіх зрабіць аднолькава гарманічнымі асобамі. Гэта ў прынцыпе немагчыма ўжо таму, што мы ўсе розныя ад прыроды. Профільнае навучанне задае вектар развіцця кожнага вучня. Цяпер вельмі важна правільна раздзяліць змест базавага і профільнага навучання.

“Безумоўна, кожны вучань павінен валодаць неабходнай колькасцю ведаў па фізіцы. Але як вызначыць гэтую неабходную колькасць? Магчыма, у базавых класах трэба тлумачыць фізічныя паняцці, з’явы, каб вучань ведаў, што такое ёсць і для чаго гэта патрэбна. Калі пасля ён адчуе неабходнасць паглыбіцца ў нейкую тэму або ў фізіку ўвогуле, то ён гэта зробіць, не сумнявайцеся. Наша задача — дапамагчы і накіраваць”, — працягваў свае разважанні Яўген Пархоменка.

Мне ж хочацца дадаць, што Яўген Іванавіч — педагог з вялікім патэнцыялам. Ён чалавек шырокіх поглядаў, са сваёй сістэмай меркаванняў. Яго імкненне да аналізу рэчаў і падзей з фармуляваннем абгрунтаваных высноў прываблівае вучняў і робіць іх не толькі медыякампетэнтнымі, але і сапраўднымі асобамі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.