Не можа быць краіны без урача і настаўніка

- 9:34Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі патрабуе эфектыўнага расходавання сродкаў і аптымальнага падыходу ў рабоце медустаноў. Аб гэтым ён заявіў, наведваючы ў Оршы гарадскую бальніцу № 1 імя Сямашкі.

Аляксандр Лукашэнка ў дэталях цікавіўся арганіза­цыя­й медыцынскай дапамогі ва ўстановах аховы здароўя, у тым ліку работай прыёмных аддзяленняў, колькасцю і эфектыўнасцю выкарыстання аперацыйных, лячэннем пацыентаў на тэрыторыі Аршанскага раёна ў цэлым.

Разам з неабходнасцю забяспечыць даступнасць усяго спектра медпаслуг для насельніцтва ўсё павінна быць па-гаспадарску і аптымальна, звярнуў увагу Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што бальніцы, умоўна кажучы, не павінны ператварацца ў санаторыі і дамы адпачынку і ва ўмовах стацыянара пацыенты павінны знаходзіцца аптымальную коль­касць часу.

— Трэба грошы траціць на зарплату ўрачоў, іх прафесійны рост і тэхніку. Аперацыйныя павінны быць ідэальныя, — сказаў беларускі лідар.

У краіне, адзначыў кіраўнік дзяржавы, ужо шмат пабудавана сучасных лячэбных устаноў:
— Не трэба палацы будаваць. Мы іх пабудавалі ўжо. Таму трэба ўсё аптымальна выкарыстоўваць, па-гаспадарску. Трэба лічыць грошы, нават у ахове здароўя…Кавід для нас — вопыт. Мы ўсе сур’ёзна разварушыліся, убачылі слабыя месцы і ўсялякія празмернас­ці, якія ў нас ёсць. Гэта для нас важна. Для мяне важная гэтая аптымізацыя. Трэба сканцэнтра­ваць грошы, каб дапамагчы ўрачам.

У бальніцы Аляксандр Лукашэнка наведаў аддзяленні рэанімацыі і анестэзіялогіі, траўматалогіі і ангіяграфіі. Прэзідэнту расказалі аб лячэнні пацыентаў, аснашчэнні сучасным медабсталяваннем. Кіраўнік дзяржавы таксама азнаёміўся з лячэннем пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй. Ён пабываў у “чырвонай зоне” аддзялення рэанімацыі і пульманалогіі.

У час наведвання гарадской бальніцы Прэзідэнт запатрабаваў ад Міністэрства аховы здароўя выпрацаваць рашэнне праблемы працоўнай міграцыі медыцынскіх кадраў. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў цэлым па краіне, напрыклад, не хапае анестэзіёлагаў. Некаторыя спецыялісты, атрымаўшы бясплатную адукацыю ў Беларусі, выязджаюць працаваць за мяжу, а гэта даволі рэдкая спецыяль­насць. На погляд Прэзідэнта, трэба знайсці рашэнне праблемы:

— Прыйшоў ва ўніверсітэт вучыцца — прыйшоў, скончыў. Мы цябе рыхтавалі — напрыклад, адпрацуй 10 гадоў. Потым хочаш кудысьці паехаць — аплаці нам кошт таго, што мы цябе вучылі, і едзь. Або няхай тыя заплацяць, куды ты паедзеш. Тады паехаў і паехаў — прыйшлі маладыя, новыя… Нам трэба паставіць усе кропкі над “і”.

Урачы павінны стаць лакаматывам па зарплатах сярод бюджэтнікаў, за імі будзе падцягнута зарплата і настаўнікаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі таксама заявіў у час наведвання Оршы.

За кошт кавідных надбавак удалося павысіць заработную плату медперсаналу. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, на такім жа ўзроўні яе трэба заха­ваць і пасля пандэміі.

— Урачы пойдуць у нас у бюджэтнай сферы як лакаматыў па зарплаце, будзем і настаўнікаў падцягваць. Не можа быць краіны без урача і настаўніка. Гэта наша сапраўдная інтэлігенцыя, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Не трэба палацы будаваць. Мы іх пабудавалі ўжо. Таму трэба ўсё аптымальна выкарыстоўваць, па-гаспадарску. Трэба лічыць грошы, нават у ахове здароўя.

Па матэрыялах БелТА
падрыхтавала Кацярына РУМЯНЦАВА.