Не на словах, а на справе

- 15:30Год гістарычнай памяці

Мікалай Сяргеевіч БАРЫСЕНКА — чалавек добра вядомы не толькі на Магілёўшчыне. Педагог, краязнавец, пошукавік, гісторык, пісьменнік, заснавальнік і нязменны кіраўнік абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба “Віккру”…

— Гісторыяй і края­знаўствам усур’ёз захапіўся ў маладосці, якая была звязана з морам. У складзе экіпажаў розных суднаў абышоў дзясяткі краін. Вось тады і з’явілася цікавасць да гісторыі роднага краю. Падчас вучобы на гістфаку БДУ практычна ўсе курсавыя работы пісаў па Магілёўшчыне. Асабліва зацікавіўся мінулым, калі пачаў працаваць у магілёўскай спецшколе, а потым загадчыкам аддзела ў абласным цэнтры турыз­му, краязнаўства і экскурсій. Менавіта тады сумесна з аднадумцамі, гісторыкамі-краязнаўцамі і быў створаны спачатку пошукавы атрад, а затым клуб “Віккру”, — паведаміў М.С.Барысенка.

Краязнаўства — тэма неабсяжная, таму ўдзельнікі клуба вырашылі сканцэнтравацца на вывучэнні невядомых ці малавядомых падзей перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Назва тлумачыцца так: “Віккру” — скарачэнне лацінскага выразу Victoria cruenta — “перамога, заваяваная крывёй”.

“Пошукавая дзейнасць дае рэальную магчымасць адчуць датычнасць да сапраўднай, яшчэ такой жывой і блізкай, гісторыі”.

— Такая назва найлепшым чынам адпавядае нашай рабоце. Вялікая Айчынная вайна прынесла трагедыю ў мільёны беларускіх сем’яў. Таму ў першую чаргу мы займаемся пошукам невядомых пахаванняў, устанаўленнем лёсу і ўвекавечаннем памяці загінуўшых байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі. Для мяне гэта яшчэ і сямейны інтарэс. Дзядуля Дзяніс партызаніў у Чавускім раё­не, а шасцёра яго родных братоў ваявалі на франтах. Пяцёра з іх да гэтага часу лічацца прапаўшымі без вестак, — расказаў Мікалай Сяргеевіч.

Сёння ў клуб “Віккру” ўвахо­дзяць 128 чалавек розных прафесій і ўзростаў. Большасць з іх — маладыя людзі. Акрамя асноўнага складу, педагогі-пошукавікі ў аб’яднаннях па інтарэсах патрыятычнай накіраванасці навучаюць будучую змену. Зараз у склад 24 пошукавых атрадаў уваходзяць больш за 200 навучэнцаў устаноў адукацыі ў 10 раёнах вобласці. За гады дзейнасці клуба ў архівах выяўлены імёны 26,5 тысячы салдат і камандзіраў. Падчас раскопак сумесна з 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым

батальёнам падняты і ўрачыста перапахаваны астанкі 1499 чалавек, з іх па медальёнах, узнагародах і асабістых рэчах устаноўлены імёны 107 воінаў.

Сярод найбольш вядомых спраў магілёўскіх пошукавікаў — устанаўленне лёсу экіпажаў пяці савецкіх самалётаў, якія прапалі без вестак на тэрыторыі вобласці, ініцыятыва па прысваенні магілёўскім вуліцам імёнаў герояў абароны горада — Мікалая Цярохіна, Рыгора Залатавустаўскага, Якава Слепакурава. Па прапанове штаба клуба і пры дзяржаўным фінансаванні ўсталявана 35 помнікаў і мемарыяльных знакаў.

Па меркаванні М.С.Барысенкі, сёння асабліва важна актыўна далучаць да пошукавай дзейнасці падрастаючае пакаленне, бо гэта адна з найважнейшых форм патрыятычнага выхавання. “З зыходам з жыцця кожнага ветэрана губляецца часцінка памяці аб ваенных падзеях. Моладзь, якая вырасла ў мірны час, ведае вайну па фільмах і кнігах, а таму ўспрымае Перамогу ў ёй як штосьці належнае. Важна не даць маладому пакаленню забыць тых, хто аддаў свае жыцці за нас. Мы павінны памя­таць самі і нагадваць маладым, што гісторыя магла скласціся інакш, павінны тлумачыць увесь драматызм, трагедыю і гераізм тых далёкіх гадоў. Наву­чыць памятаць! Сёння гэта ключавая задача і сям’і, і школы”.

На думку М.С.Барысенкі, з пункту гледжання патрыятычнага выхавання дзейнасць пошукавых фарміраванняў складана пераацаніць. Яна дае магчы­масць выхаваць і грамадзяніна, і патрыёта, і абаронцу Радзімы, і чалавека, які бу­дзе ве­даць гісторыю сваёй краіны. Прычым не на словах, а на справе.

“Навучыць памятаць! Сёння гэта ключавая задача і сям’і, і школы”.

— Пошукавая дзейнасць дае рэальную магчымасць адчуць датычнасць да сапраўднай, яшчэ такой жывой і блізкай, гісторыі. Гэта адбываецца ў той момант, калі малады чалавек прыязджае на месцы, дзе для нашых дзядоў, баць­коў і братоў назаўсёды застыў час, дзе яны працягваюць весці свой апошні бой… У выхаваўчай рабоце педагогам трэба больш арыентавацца на далучэнне моладзі да канкрэтных, карысных для грамадства і дзяржавы спраў. Малады чалавек павінен адчу­ваць, што яго праца сапраўды патрэбная людзям. Гэта можа быць дзей­насць на любым з урокаў, але асноўны ўпор варта рабіць на факультатывы, шосты школьны дзень, аб’яднанні па інтарэсах. Не менш значны аспект — асоба педагога. Настаўнік павінен умець павесці вучняў за сабой, быць для іх прыкладам, — адзначыў М.С. Барысенка.

На ніве гісторыі і краязнаўства Мікалай Сяргеевіч плённа працуе ўжо 30 гадоў. За гэты час ім былі напісаны 25 навукова-папулярных кніг па ваеннай гісторыі Магілёўшчыны і Беларусі, зборнікі экскурсій, метадычныя дапаможнікі. За значны ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі і ўшанаванне памяці абаронцаў Айчыны “Віккру” сёлета быў узнагароджаны прэміяй “За духоўнае адраджэнне”. Сам М.С.Барысенка адзначаны медалём і ордэнам Францыска Скарыны.

У найбліжэйшых планах Мікалая Сяргеевіча працяг пошукавай і краязнаўчай работы ўжо на новым узроўні — сумесна з Абласным цэнтрам творчасці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва М.С.Барысенкі.