Не пад прымусам, а з радасцю

Як пашырыць сферу выкарыстання беларускай мовы ў дзіцячых садах? Як папулярызаваць яе сярод дзяцей, бацькоў, педагогаў? Гэтыя пытанні сталі асноўнымі падчас чарговага пасяджэння рэспубліканскага Савета кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі.

Месцам сустрэчы членаў савета стаў Быхаўскі раён Магілёўскай вобласці. На працягу двух дзён загадчыкі дашкольных навучальных устаноў знаёміліся з вопытам папулярызацыі роднай мовы ў дзіцячых садах Прыдняпроўскага краю, абмяркоўвалі надзённыя тэмы па арганізацыі дзейнасці ў бягучым навучальным годзе.

Па словах намесніка начальніка Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі — начальніка ўпраўлення дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Альбіны Давідовіч, педагагічным калектывам трэба імкнуцца да забеспячэння даступнасці навучання, бяспечных і здароўезберагальных умоў ва ўстановах, удасканалення якасці адукацыйнага працэсу.

— Сёння па краіне ахоп дашкольнай адукацыяй дзяцей ва ўзросце пяці гадоў стапрацэнтны. Ва ўзросце ад трох да шасці гадоў — звыш 95 працэнтаў. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў сярод краін СНД і Еўропы, — расказала Альбіна Леанідаўна.

Між тым актуальнай застаецца праблема забяспечанасці дзяцей месцамі ў дашкольных установах крокавай даступнасці. Яна вырашаецца будаўніцтвам новых дзіцячых садоў, а таксама ўкараненнем новых форм навучання. Паўсюдна павялічваецца колькасць сезонных пляцовак, прагулачных, вячэрніх, адаптацыйных груп, мацярынскіх школ, сямейных дзіцячых садоў.

Сёння доля беларускамоўных груп у дзіцячых садах краіны складае звыш 14 працэнтаў. У рускамоўных групах прадугледжаны гадзіны па развіцці маўлення на роднай мове. Міністэрства адукацыі рэкамендавала ўпраўленням па адукацыі на месцах пры пастаноўцы на ўлік дзяцей, якіх бацькі плануюць аддаць у дзіцячыя сады, адзначаць, на якой мове тыя хацелі б, каб іх дзіця атрымлівала адукацыю. Адметна, што напружанасці з выхавальнікамі, гатовымі працаваць у беларускамоўных групах, амаль няма.

Як заўважыў пасля прывітальных слоў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў, у Магілёўскай вобласці зараз дзейнічае 481 дашкольная ўстанова і паўсюдна прымаюцца меры па папулярызацыі беларускамоўнасці.

— Адукацыйны працэс на беларускай мове ажыццяўляюць 155 дашкольных устаноў, ці 245 груп, з агульнай колькасцю звыш трох тысяч выхаванцаў. У асноўным гэтыя навучальныя ўстановы размешчаны ў сельскай мясцовасці. Аднак мы прымаем неабходныя меры для пашырэння сеткі беларускамоўных устаноў у гарадах. Сёлета адкрыта па адной беларускамоўнай групе ў яслях-садзе “Расінка” Асіповіч і яслях-садзе № 79 Магілёва. Асаблівая ўвага зараз удзяляецца павышэнню прафесійнага ўзроўню педагогаў па пытаннях лінгвістычнага і маўленчага развіцця выхаванцаў ва ўмовах двухмоўя, адметнасцей нацыянальна-культурнага фону, развіцця краіны на сучасным этапе, — паведаміла галоўны спецыяліст адпаведнага структурнага падраздзялення галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Людміла Багноўская.

У кожным раёне Магілёўшчыны вядзецца актыўная работа па папулярызацыі беларускай мовы, далучэнні дзяцей да нацыянальных традыцый. Напрыклад, у Касцюковічах гэта робяць праз супрацоўніцтва з установамі культуры.

— Мы цесна ўзаемадзейнічаем з дзіцячай бібліятэкай, краязнаўчым музеем, Домам рамёстваў, школай мастацтваў, музычнай школай. Так, супрацоўнікі раённых музеяў сумесна з выхавальнікамі займаюцца фарміраваннем у дашкольнікаў пачуццяў нацыянальнай прыналежнасці, павагі да сваёй Айчыны, любові да малой радзімы, далучэннем да этнакультурнай спадчыны. У рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці навучэнцаў у рамках арганізацыі і дзейнасці рэгіянальных віртуальных музеяў” педагогі ясляў-сада № 2 райцэнтра стварылі рэгіянальны віртуальны музей, зместам якога з’яўляюцца аўтарскія наглядна-дыдактычныя матэрыялы, — расказала калегам метадыст Касцюковіцкага РВМК Валянціна Дзянісава.

Па яе словах, вялікае значэнне па далучэнні выхаванцаў да беларускасці мае супрацоўніцтва з музычнай школай і сельскім Домам культуры. У дашкольных установах тут праводзяць сумесныя фальклорныя святы, кірмашы, тэатралізаваныя паказы. Падчас такіх мерапрыемстваў дзеці ўзбагачаюцца ведамі аб народных традыцыях і абрадах, гісторыі Беларусі.

А вось у Шклоўскім раёне, акрамя далучэння малых да родных вытокаў, арганізавана сістэмная работа па фарміраванні ў дзяцей уяўленняў аб прафесіях сельскай гаспадаркі.

— Праца на зямлі — гэта ганарова. Менавіта таму мы ўдзяляем шмат увагі рабоце па знаёмстве дзяцей з адпаведнымі прафесіямі. Выкарыстоўваем у асноўным метад праектавання. Так, у яслях-садзе № 10 аграгарадка Гавяды рэалізоўваецца доўгатэрміновы адукацыйны праект “Каб ад хлеба асалоду атрымаць — трэба шмат папрацаваць”. Яго мэта — фарміраванне ў дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту ўяўленняў пра работу іх бацькоў, сялянскую працу наогул, яе каштоўнасці і сацыяльную значнасць. Складзены педагогамі перспектыўны план работы быў рэалізаваны праз экскурсіі на малочную ферму, мехдвор, збожжасховішча, ферму, у поле. Дзеці пашырылі веды аб працы даярак, жывёлаводаў, пазнаёміліся з работай камбайнераў, механізатараў, вадзіцеляў, слесараў-рамонтнікаў і з іншымі прафесіямі, — расказала метадыст Шклоўскага РВМК Лілія Савіцкая.

Працягваецца гэтая дзейнасць у агульнаадукацыйных установах. У шклоўскіх школах функцыянуюць пяць профільных агракласаў, мясцовыя выпускнікі актыўна паступаюць у сельскагаспадарчыя УВА, а пасля вяртаюцца на на малую радзіму.

Каб родная мова не была для дзяцей экзотыкай, сістэму работы па яе ўжыванні, укараненні і распаўсюджванні ў дашкольных установах наладзілі ў Быхаўскім раёне. Разам з выхавальнікамі дзеці наведваюць бібліятэкі, музеі, падарожнічаюць па гістарычных мясцінах. Падчас такіх мерапрыемстваў хлопчыкі і дзяўчынкі знаёмяцца з асноўнымі гістарычнымі падзеямі, мастацтвам краіны, народнымі святамі, дасягненнямі беларускага народа, славутымі землякамі. Вельмі пазнавальнымі для дзяцей з’яўляюцца сустрэчы з пісьменнікам, выдатнікам друку, заслужаным журналістам Беларускага Саюза журналістаў Мікалаем Уладзіміравічам Леўчанкам.

Дарэчы, дзейнасць па папулярызацыі роднай мовы некаторых быхаўскіх дашкольных устаноў была прэзентавана ўдзельнікам савета наглядна. Педагагічны калектыў ясляў-сада № 5 “Буслік” прадэманстраваў калегам вопыт работы па развіцці беларускага маўлення ў дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У Баркалабаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе прадставілі вынікі ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі і культуры, акцэнтавалі ўвагу прысутных на важнасці духоўна-маральнага выхавання падрастаючага пакалення на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа. А вось у яслях-садзе “Журавінка” райцэнтра гасцям паказалі віртуальны музей, створаны ў рамках інавацыйнага рэспубліканскага праекта.

Падчас падвядзення вынікаў сустрэчы гаварылі пра тое, што родную мову нельга вывучыць пад прымусам. Яна павінна ўвайсці ў сэрца і думкі дзяцей непрыметна, лёгка. А для гэтага неабходна спалучаць формы работы, якія падштурхоўвалі б дзяцей да свядомага жадання запомніць новае беларускае слова ці яскравы паэтычны радок і падзяліцца радасцю свайго адкрыцця.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Сяргея ЛЕЎЧАНКІ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *