Не перайсці небяспечную рысу

- 15:11Сацыяльны ракурс

Яшчэ нядаўна здавалася, што гэтая праблема тычыцца толькі пэўных катэгорый насельніцтва, аднак сёння аб ёй ужо гавораць як аб рэальнай пагрозе для краіны. Прычым, на думку ўдзельнікаў Рэспубліканскага навукова-метыдычнага семінара “Прафілактыка распаўсюджвання і ўжывання наркатычных рэчываў непаўналетнімі”, які быў арганізаваны ўпраўленнем выхаваўчай і ідэалагічнай работы Нацыянальнага інстытута адукацыі, дастойны адказ на новыя выклікі часу можна даць толькі сумеснымі намаганнямі ўсяго нашага грамадства.
За апошнія тры гады ў сферы незаконнага абароту і ўжывання псіхаактыўных рэчываў адбыліся значныя змены. Сінтэтычныя наркотыкі новага пакалення з’яўляліся ва ўсім еўрапейскім рэгіёне з хуткасцю прыкладна два рэчывы ў тыдзень і да канца мінулага года занялі прыкладна 2/3 беларускага наркарынку. Пры гэтым супрацоўнікі праваахоўных органаў адзначаюць, што ў 2014—2015 гадах на тэрыторыі нашай краіны пачасціліся выпадкі вырабу курыльных сумесей, амфітаміну і іншых наркотыкаў у лабараторных умовах.
— Асноўную ролю ў інфармаванні спажыўцоў аб новых наркотыках і магчымасцях іх набыцця адыгрывае інтэрнэт, а электронныя сістэмы разлікаў зрабілі сам працэс куплі-продажу імклівым і абязлічаным, што ставарае пэўныя цяжкасці для нашай работы, — расказаў начальнік 2-га аддзела 1-га ўпраўлення Галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі Міністэрства ўнутраных спраў палкоўнік міліцыі Сяргей Анатольевіч Мялешчык. — Тым не менш на працягу мінулага года ўдалося раскрыць больш за 7 тысяч нарказлачынстваў, канфіскавана каля 400 кілаграмаў нелегальных псіхаактыўных рэчываў, знішчана больш за 150 тон наркаўтрымліваючых раслін.
Даступнасць інфармацыйнай прасторы абумовіла далучэнне да наркаспажывання грамадзян у больш раннім узросце. У выніку ў мінулым годзе адбылося 4-разовае павелічэнне колькасці выяўленых нарказлачынстваў, летась былі адзначаны 464 такія выпадкі. Сёлета, па выніках студзеня — лістапада, зарэгістравана 469 нарказлачынстваў, што на 15,2% перавысіла паказчык за аналагічны перыяд 2014 года. Аднак самае сумнае ў іншым: па стане на пачатак студзеня бягучага года на ўліку ў органах аховы здароўя і ўнутраных спраў знаходзіліся больш за 17 тысяч наркаспажыўцоў. І гэта толькі афіцыйная статыстыка. Як адзначаюць спецыялісты, з улікам нявыяўленых фактаў праблема мае намнога большыя маштабы.
— 28 снежня мінулага года быў прыняты Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 6 “Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў”, які прадугледжвае ўзмацненне адказнасці за нарказлачынствы, — нагадаў Сяргей Мялешчык. — Так, максімальны тэрмін пазбаўлення свабоды за супрацьпраўныя дзеянні, звязаныя з распаўсюджваннем наркотыкаў, павялічаны да 15 гадоў, за незаконны наркаабарот у складзе арганізаванай групы і за выраб наркатычных рэчываў ва ўмовах лабараторый — да 20 гадоў, за незаконны збыт наркотыкаў, які пацягнуў за сабой смерць спажыўца па неасцярожнасці, — да 25 гадоў. Уведзена крымінальная адказнасць за незаконнае перамяшчэнне наркотыкаў праз дзяржаўную мяжу Беларусі ў рамках Мытнага саюза, адміністрацыйная адказнасць за з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане наркатычнага ап’янення і пад уздзеяннем іншых адурманьваючых рэчываў. Узрост наступлення крымінальнай адказнасці за распаўсюджванне наркотыкаў зніжаны з 16 да 14 гадоў.

 Рэкамендацыі педагогу ў выпадку падазрэння, што падлетак ужывае наркотыкі
Пры першым кантакце мэтазгодна пазбягаць рэпрэсіўнай і асуджальнай тактыкі, па магчымасці трэба пераканаць дзіця ў неабходнасці звароту па медыцынскую дапамогу, расказаць аб варыянтах ананімнага лячэння, дзейнасці спецыялізаваных грамадскіх арганізацый.
* Любая прапанова аб дапамозе падлетку павінна быць карэктнай і пажадана неназойлівай.
* Падчас работы з падлеткам, які ўжывае псіхаактыўныя рэчывы, неабходна дакладна ведаць сітуацыю ў яго сям’і, магчымасці бацькоў уплываць на паводзіны свайго дзіцяці, мікрасацыяльную абстаноўку па месцы жыхарства.

Адначасова прымаюцца іншыя меры, у прыватнасці, наладжаны больш строгі кантроль за паштовымі пераводамі і экспрэс-дастаўкамі, прадугледжана абавязковая ідэнтыфікацыя ўладальнікаў электронных кашалькоў, абмяжоўваецца доступ да інтэрнэт-рэсурсаў з пранаркатычным кантэнтам. Па ініцыятыве Міністэрства ўнутраных спраў ужо прыняты рашэнні аб спыненні дзейнасці 28 інтэрнэт-магазінаў і 13 сайтаў, праз якія распаўсюджваліся псіхаактыўныя рэчывы.
— Пакуль можна гаварыць толькі аб першых выніках, тым не менш трэба адзначыць, што яны станоўчыя, — працягнуў Сяргей Мялешчык. — У Беларусі зменшылася колькасць асоб, якім была неабходна тэрміновая медыцынская дапамога ў сувязі з перадазіроўкай, на 40% знізілася смяротнасць з прычыны атручэння наркарэчывамі, і, на нашу думку, гэтыя тэндэнцыі працягнуцца. Аднак праблема наркаманіі застанецца, і асабліва актуальнай яна будзе для непаўналетніх.
На працягу гэтага года тэмпы росту падлеткавай нарказлачыннасці паступова замаруджваюцца. Але гаварыць аб прынцыповым паляпшэнні сітуацыі па-ранейшаму не выпадае. За сёлетнія студзень — лістапад у крымінальных дзеяннях, звязаных з наркотыкамі, узялі ўдзел 320 непаўналетніх грамадзян краіны, 98 з іх былі затрыманы за збыт (для параўнання: за студзень — лістапад мінулага года — 63). Дарэчы, аналіз паказаў, што прыкладна трэцяя частка падлеткаў, якія былі задзейнічаны ў абароце наркотыкаў, раней ужо прыцягваліся да адказнасці за ўжыванне псіхаактыўных рэчываў. А каля 40% ад агульнай колькасці падлеткаў — удзельнікаў нарказлачынстваў знаходзіліся на ўліку ў інспекцыях па справах непаўналетніх.
— Для супрацьдзеяння распаўсюджванню наркаманіі важным з’яўляецца ранняе выяўленне спажыўцоў, — адзначае старшы інспектар па асаблівых даручэннях аддзела арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх упраўлення прафілактыкі Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі Міністэрства ўнутраных спраў падпалкоўнік міліцыі Дзяніс Уладзіміравіч Галаванаў. — Таму ў лістападзе мінулага года міністэрствамі ўнутраных спраў, адукацыі і аховы здароўя быў распрацаваны комплекс мерапрыемстваў па папярэджванні ўжывання алкаголю і наркатычных рэчываў сярод школьнікаў і моладзі, які прадугледжвае правядзенне супрацоўнікамі міліцыі ва ўстановах адукацыі тэматычных бацькоўскіх сходаў, а таксама вучэбных семінараў для педагогаў і бацькоў па тактыцы выяўлення падлеткаў, якія знаходзяцца ў стане наркатычнага ап’янення ці ўжываюць наркотыкі.
Для дэманстрацыі ва ўстановах адукацыі вырабляюцца прафілактычныя відэафільмы і інфармацыйныя лістоўкі, сумесна з Міністэрствам адукацыі вызначаны пералік матэрыялаў, рэкамендаваных да размяшчэння на стэндах “Куток прававых ведаў”. Пры падтрымцы рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі ствараюцца і дзейнічаюць антынаркатычныя маладзёжныя студэнцкія атрады. Да таго ж сталі традыцыйнымі прафілактычныя мерапрыемствы і акцыя “СТОП-СПАЙС”, у рамках якой ідзе растлумачальная работа з бацькамі аб магчымасцях абмежавання доступу іх дзяцей з дамашніх камп’ютараў і мабільных тэлефонаў да інтэрнэт-сайтаў шляхам пісьмовага звароту да правайдараў.
— З мэтай павышэння эфектыўнасці работы з непаўналетнімі Міністэрствам унутраных спраў сумесна з міністэрствамі адукацыі і аховы здароўя, Генпракуратурай, аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам падрыхтаваны і накіраваны на разгляд Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прапановы па змяненнях і дапаўненнях у Закон “Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх”, — паведаміў Дзяніс Галаванаў. — Прыняцце законапраекта дазволіць сістэматызаваць дзейнасць суб’ектаў прафілактыкі праз карэкціроўку парадку індывідуальнай работы з непаўналетнімі і канкрэтызаваць падставы для яе правядзення. У выніку асноўная ўвага будзе сканцэнтравана на падлетках, схільных да найбольш сур’ёзных правапарушэнняў.
Прычын, па якіх падлетак пачынае ўжываць наркотыкі, можа быць шмат, напрыклад, праблемы ў сям’і ці ў навучальнай установе, спробы нейтралізаваць адмоўныя эмоцыі, імкненне прадэманстраваць сваю “даросласць”, жаданне адпавядаць звычкам групы аднагодкаў, простая цікавасць. Што ж да наступстваў, то яны бываюць аднолькавымі: раўнадушша да сябе і сваёй будучыні, страта сацыяльных сувязей, рызыка стаць на крымінальны шлях, верагоднасць захворванняў на ВІЧ і гепатыт, аслабленне імунітэту і ўсіх функцый арганізма, смерць — у тым ліку з прычыны перадазіроўкі ці самагубства.
— Заўсёды неабходна памятаць: нават аднаразовы прыём наркотыку вядзе да таго, што без псіхаактыўнага рэчыва ўжо не можа функцыянаваць наш мозг, і аднаго разу бывае дастаткова, каб сфарміравалася цяжкая хвароба, — падкрэсліла вядучы навуковы супрацоўнік навуковага аддзела псіхічных і паводзінскіх расстройстваў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя кандыдат медыцынскіх навук Інеса Віктараўна Грыгор’ева. — Пры гэтым спажыўцам наркотыкаў патрабуецца працяглае лячэнне, і займацца ім павінны толькі прафесіяналы. Бацькам ці сваякам падлетка ні ў якім разе нельга думаць, што яны змогуць справіцца з праблемай самастойна.
Вынікі лячэння залежаць ад шэрагу фактараў, але не ў апошнюю чаргу — ад часу пачатку аказання спецыялізаванай медыцынскай дапамогі. Адпаведна, нялішне ведаць прыметы ўжывання наркотыкаў. Гэта пачырваненне скуры і бялкоў вачэй, звужэнне ці, наадварот, расшырэнне зрэнак, адсутны позірк, сухасць валасоў і ацяканне рук, сутуласць паставы, расцягнутае і невыразнае маўленне, замаруджаныя і нязграбныя рухі пры адсутнасці паху алкаголю, пастаянны кашаль, павышанае слёзавыдзяленне, хрыплы голас.
Таксама бацькам і настаўнікам неабходна звяртаць увагу на ўскосныя прыметы наркаспажывання. Гаворка аб зніжэнні інтарэсу падлетка да вучобы і звычайных захапленняў, эмацыянальна халодных адносінах да навакольных і скрытнасці, нематываванай раздражнёнасці і эпізодах агрэсіі, якія змяняюцца перыядамі ненатуральнай дабрадушнасці, млоснасці і рвоце, рэзкіх скачках апетыту. Павінна насцярожваць, калі падлетак часта і без тлумачэнняў сыходзіць з дому, калі з’яўляецца кампанія з асоб старэйшага ўзросту, калі ў непаўналетняга ёсць наяўныя грашовыя сродкі невядомага паходжання, калі праяўляецца імкненне пазычыць грошы ці адабраць іх у больш слабых, павышаны інтарэс да дзяцей з забяспечаных сем’яў. Сярод небяспечных ускосных прымет і наяўнасць слядоў ад ін’екцый на руках, знаходжанне шпрыцаў, іголак, невялікіх бутэлечак ад лекаў, пакецікаў з цэлафану ці фольгі.
— Для пацвярджэння схільнасці да ўжывання наркотыкаў ёсць шмат варыянтаў, скажам, некалькі гадоў назад быў распрацаваны апытальнік “Рызыка хімічнай залежнасці”, — адзначыла дацэнт кафедры псіхалогіі і педагагічнага майстэрства Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Вікторыя Аляксандраўна Хрыптовіч. — Аднак у дадзеным выпадку нельга скідваць з рахунку і такія метады выяўлення, як назіранне і гутарка з дзецьмі класнага кіраўніка ці псіхолага навучальнай установы. Пры гэтым галоўныя задачы ў плане прафілактыкі — папулярызацыя здаровага ладу жыцця, фарміраванне жыццёвых навыкаў, сацыяльных і прафесійных кампетэнцый, дзякуючы чаму ў дзяцей і падлеткаў выпрацоўваюцца асабістыя негатыўныя адносіны да псіхаактыўных рэчываў.
Як падкрэсліла метадыст упраўлення выхаваўчай і ідэалагічнай работы Нацыянальнага інстытута адукацыі Тамара Пятроўна Елісеева, распрацавана праграмна-метадычнае забеспячэнне выхавання культуры здаровага ладу жыцця ў школе, прафілактыкі ўжывання псіхаактыўных рэчываў, падрыхтаваны вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў “Мы — самі” для вучняў 5—8, “Культура здаровага ладу жыцця” для вучняў 9 (10) і “Падрыхтоўка валанцёраў да рэалізацыі падыходаў “роўны навучае роўнага” для вучняў 9 (10, 11) класаў. І, дарэчы, укараненне апошняга падыходу ў практыку ў наш час мае асаблівае значэнне.
— Не сакрэт, што з-за натуральных забарон доўгага сядзення за камп’ютарам, гульняў з запалкамі ці прыходаў дадому ў позні час у значнай часткі падлеткаў вобраз дарослага чалавека асацыіруецца са словам “нельга”, — заўважыла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 208 Мінска Вольга Леанідаўна Паршына. — Таму падлеткі крыху аддаляюцца ад сваіх бацькоў і ўспрымаюць іх гутаркі аб негатыўных наступствах ужывання наркотыкаў і неабходнасці весці здаровы лад жыцця з пэўнай доляй скепсісу.
Аддаленню спрыяе і тая акалічнасць, што цяперашнія бацькі і дзеці маюць розны сацыяльны вопыт, асабліва ў плане карыстання сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі. Вось чаму сённяшні школьнік у першую чаргу прыслухоўваецца да сваіх аднагодкаў, і гэтым трэба карыстацца. У рамках рэалізацыі праекта “роўны навучае роўнага” вядзецца падрыхтоўка падлеткаў-валанцёраў, якія затым праводзяць прафілактычныя заняткі ў групах равеснікаў.
— Тэма распаўсюджвання псіхаактыўных рэчываў застаецца вострай для ўсяго свету, і, на жаль, гэтая бяда не абмінула нашу краіну, — адзначыла намеснік дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі па навукова-даследчай рабоце доктар педагагічных навук Людміла Андрэеўна Худэнка. — Таму для вырашэння праблемы неабходна задзейнічаць усе рэсурсы і рабіць асноўную стаўку на прафілактыку. Аднак пры гэтым нельга забываць, што кожнае дзіця індывідуальнае і ўнікальнае. І што кожнае дзіця заўсёды патрабуе асаблівага падыходу.

Сяргей ГРЫБ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.