Не побач, а разам з вучнямі

- 10:33Людзі адукацыі

Для карэннай расіянкі Алены Барысаўны Хілюта Беларусь стала другім домам, дзе больш за тры дзесяцігоддзі яна прысвяціла педагагічнай рабоце.

Здаецца, звычайная біяграфія. Нарадзілася і вырасла Алена Барысаўна ў Вялікім Ноўгарадзе, які славіцца сваёй гісторыяй. Пасля заканчэння школы паступіла ў Наўгародскі дзяржаўны педагагічны інстытут на факультэт замежных моў. Чаму выбрала такую cпецыяльнасць? Твар Алены Барысаўны прасвятляецца, і яна з задавальненнем дзеліцца асабістым:

— На мой выбар паўплывалі, безумоўна, мае школьныя педагогі. Спачатку Вера Мікалаеўна Шмігельская — мая любімая настаўніца. Вельмі часта бывае, што любоў да прадмета пачынаецца менавіта з сімпатыі да педагога. Вера Мікалаеўна любіла дзяцей, сама была вельмі цікавым чалавекам, і гэта заахвоціла вывучаць прадмет старанна. Потым ёй на змену прыйшла іншая настаўніца — Ларыса Пятроўна Духава. Спачатку яна не спадабалася вучням, а потым стала для мяне настаўніцай нумар 1. За чалавечнасць, прафесіяналізм палюбілі яе дзеці, і адсюль было жаданне стаць падобнай на яе. Нават на ўступных экзаменах па рускай мове я выбрала вольную тэму, дзе пісала пра сваю любімую настаўніцу.

Пасля заканчэння інстытута разам з мужам — дарэчы, таксама настаўнікам замежных моў — працавала па размеркаванні ў Наўгародскай вобласці спачатку выхавальніцай групы прадоўжанага дня, потым 8 гадоў выкладала нямецкую мову. Але жаданне мужа вярнуцца на радзіму ў Беларусь перамагло. У 1987 годзе сям’я пераехала ў Вялікую Бераставіцу, і з гэтага часу Алена Барысаўна выкладае тут англійскую мову.

Справядлівая і шчырая, Алена Барысаўна не толькі матывуе вучняў вывучаць свой прадмет, але і вучыць быць сабой, правільна ставіць жыццёвыя мэты і ісці да іх, пераадольваючы жыццёвыя выпрабаванні. Настаўніца ў сваёй дзейнасці з поспехам прымяняе праектную тэхналогію і тэхналогію асобасна арыентаванага падыходу. Калі вучні ба­чаць шчырасць педагога, адчуваюць, што ён не побач, а разам з імі, то з задавальненнем далучаюцца да работы. Урокі Алены Барысаўны — гэта непасрэдны жывы дыялог з чалавекам высокай культуры і эрудыцыі. Быць рознабакова развітой асобай дапамагае і захапленне педагога па-за работай. Вельмі любіць Алена Барысаўна падарожнічаць: наведала Італію, Аўстрыю, Фінляндыю, Чэхію.

— У час падарожжа не адпачываеш, але потым год жывеш успамінамі, станоўчым эмацыянальным зарадам. Кожны год наведваю Вялікі Ноўгарад, дзе засталася жыць сястра і сваякі, люб­лю падарожнічаць па Расіі, — расказвае Алена Барысаўна.

Маючы працоўны стаж больш за 40 гадоў, педагог выразна бачыць, як змянілася сучасная школа.

— Не ўяўляю сябе ў іншай сферы, — гаворыць настаўніца. — У нашай рабоце ёсць многа плюсоў: заўсёды адчуваеш сябе маладой, чэрпаючы ад маладых духоўную моц і жыццёвы аптымізм, можна ўбачыць вынікі сваёй дзейнасці.

Вучні Алены Барысаўны неаднаразова станавіліся пераможцамі і прызёрамі алімпіяд, а потым на цэнтралізаваным тэсціраванні паказвалі бліскучыя вынікі. Яшчэ зусім нядаўна Уладзіслаў Канецкі здаў ЦТ па англійскай мове на 100 балаў. Да гэтага Улад радаваў прызавымі месцамі на другім этапе рэспубліканскай алімпіяды, за ­ўдзел у трэцім этапе ўзнагаро­джаны граматай упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама.

Не забываюць пра любімую настаўніцу і былыя вапускнікі. Напрыклад, Наталля Бутава, якая цяпер жыве ў Англіі, падтрымлівае сувязь з Аленай  Барысаўнай, прысылае для вучняў літаратуру на англійскай мове, настольныя гульні, канцтавары.

Многа гадоў выкладаючы прадмет на павышаным узроўні, Алена Барысаўна ахвотна дзеліцца вопытам з маладымі педагогамі раёна, а таксама студэнтамі-практыкантамі педустаноў. Вылучаецца педагог і актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Многа гадоў была старшынёй прафкама, кіраўніком школьных метадычных аб’яднанняў. За сваю працу не раз узнагароджвалася ганаровымі граматамі ўпраўлення адукацыі. 

Ірына ЦЮШКЕВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вялікабераставіцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці.