Не позна выбраць, сем разоў адмераўшы

- 8:46Псіхалогія +

Успамінаючы дзяцінства, кожны з нас адзначыць, што змяніў прыхільнасць да некалькіх відаў прафесій: ад вадзіцеля, які перавозіць цыркавых жывёл, да касманаўта, ад міліцыянера да банкіра ці ад мараплаўца да педагога. Мы развіваліся, пазнавалі сябе лепш, мянялі перавагі. Для старшакласнікаў жарты скончыліся, і яны робяць сур’ёзны выбар: кім быць, куды ісці вучыцца далей? Ніхто не прыме за маладых людзей правільныя рашэнні. Ім неабходна самім працаваць, узважваючы, аналізуючы, вывучаючы і ўжываючыся ў ролі прафесіянала. У адзіноце, без дапамогі зацікаўленых дарослых старшакласнікі не застануцца. Дапамагчы памочнікам (псіхолагам, класным кіраўнікам, бацькам) — наша задача. Давайце разам сем разоў мераць, узважваць, асэнсоўваць, звяртаючыся да вопыту прафесіяналаў у гэтай галіне і проста жыццёвага.

Дыялог з чытачом

Нават калі асноўны выбар вашых падапечных юнакоў і дзяўчат ужо зроблены, ёсць яшчэ час яго выверыць. Парайце вучням прыгледзецца, назіраючы, ці вывучыць якасці свайго характару. Разважыць, ці кла­дзецца ён на выбраную прафесію або супярэчыць ёй. Скарыстайцеся методыкай выяўлення стрыжнёвых рыс характару і самаацэнкі.

Інструкцыя. З прапанаваных у анкеце 40 слоў выберыце па дваццаць і складзіце з іх два рады: у першы выпішыце тыя словы, якія, на вашу думку, характарызуюць станоўчыя рысы вашага ідэалу, у другі — тыя, якімі, на вашу думку, не павінен валодаць ідэал. Потым у першым радзе адзначце рысы, якія ўласцівы вам, а ў другім — тыя, якіх, на ваш погляд, не маеце.

Заданне: акуратнасць, бестурботнасць, успрымальнасць, гордасць, грубасць, жыццярадаснасць, клапатлівасць, сарамлівасць, зайздроснасць, злапамятнасць, шчырасць, вытанчанасць, капрызнасць, легкавернасць, марудлівасць, летуценнасць, настойлівасць, пяшчотнасць, нязмушанасць, нервовасць, нерашучасць, нястрыманасць, прывабнасць, крыўдлівасць, асцярожнасць, спагадлівасць, ­педантычнасць, рухавасць, развязнасць, разважнасць, рашучасць, самазабыццё, стрыманасць, спачуванне, сарамяжлі­васць, цярплівасць, баязлівасць, захопленасць, упартасць, храбрасць.

Апрацоўка вынікаў. Падлічыце колькасць рыс у першым і другім радах, складзіце іх і падзяліце на 40 (агульная колькасць рыс, якія разглядаюцца).

Калі вынік 0—0,4 — вы недаацэньваеце сябе, у вас павышаная самакрытычнасць.

0,41—0,6 — самаацэнка адэкватная, вы не пераацэньваеце сябе і дастаткова самакрытычныя.

0,61—1,0 — вы пераацэньваеце сябе, ставіцеся да сябе некрытычна.

Методыка “На раздарожжы”

Мэта: вывучыць прафесійныя намеры старшакласнікаў.

Інструкцыя. Уважліва прачытайце і адкажыце на наступныя пытанні:

1. Чым вы думаеце заняцца пасля заканчэння школы? (Неабходнае падкрэсліць.)

А. Працягнуць навучанне ва УВА. (Якой?)

Б. Паступіць у СПТВ, тэхнікум, сярэдняе спецыяльнае вучылішча.

В. Пайсці працаваць на вытворчасць. (Якую?)

Г. Сумяшчаць работу (якую?) з навучаннем (якім?).

Д. Не ведаю, чым буду займацца.

2. Якой прафесіі, спецыяльнасці вы хацелі б пры­свяціць сябе?

3. Якія патрабаванні, на вашу думку, гэтая прафесія прад’яўляе да чалавека.

А. Неабходныя веды, уменні, навыкі.

Б. Неабходныя агульныя якасці асобы.

В. Ці патрабуе гэтая прафесія спецыяльных якасцей асобы? (Адзначце якіх.)

4. Якія патрабаванні прад’яўляе выбраная вамі прафесія да здароўя чалавека? Як вы ацэньваеце вашу прыдатнасць па стане здароўя да гэтай прафесіі?

5. Як вы ўяўляеце ўмовы работы па выбранай вамі прафесіі?

6. Як вы рыхтуеце сябе да выбранай прафесіі?

А. Ці працуеце над развіццём ведаў, уменняў і навыкаў, неабходных для гэтай прафесіі?

Б. Як вы выхоўваеце ў сабе агульныя станоўчыя якасці (працавітасць, самастойнасць у працы, настойлівасць і г.д.)?

В. Як развіваеце спецыяльныя якасці, неабходныя для выканання функцый па выбранай прафесіі?

7. Ці правяраеце вы развіццё прафесійна важных якасцей у сябе? (Неабходнае падкрэсліць.)

А. У школе на ўроках.

Б. У гуртках.

В. У пазашкольных установах.

Г. Самастойна дома.

Д. Не правяраў (ла).

8. Ці ведаеце вы, дзе можна атрымаць падрыхтоўку да выбранай вамі прафесіі?

9. Што вы чыталі пра выбраную прафесію? (Неабходнае падкрэсліць і адзначыць назвы.)

А. У мастацкай літаратуры.

Б. У навукова-папулярнай.

В. У спецыяльнай.

10. Ці гутарылі вы па сваёй ініцыятыве пра выбраную вамі прафесію і з кім? (Неабходнае падкрэсліць.)

А. З настаўнікамі.

Б. З бацькамі.

В. Са сваякамі.

Г. З сябрамі-равеснікамі.

Д. Са старэйшымі сябрамі, якія ведаюць гэтую прафесію.

Е. Ні з кім не гутарыў (ла).

11. Ці ведаеце вы, што да выбранай вамі прафесіі ёсць блізкія, роднасныя ёй, якімі вы маглі б авалодаць? Калі ведаеце, то якія гэта прафесіі?

12. Калі вы выбралі прафесію? Ці адбываліся змены ў вашым выбары? Па якіх прычынах вы мянялі выбар?

13. Калі вы да гэтай пары не выбралі прафесію, то па якіх прычынах?

14. Ці канчатковае ваша рашэнне пра выбар прафесіі?

15. Хто аказаў на вас найбольшы ўплыў пры выбары прафесіі?

А. Бацькі.

Б. Настаўнікі.

В. Работнікі вытворчасці.

Г. Сябры.

Д. Хто яшчэ?

16. Якія матывы вашага выбару? (Неабходнае падкрэсліць.)

А. Хачу прынесці карысць грамадству.

Б. Гэтая прафесія высока шануецца сярод людзей.

В. Задавольвае зарплата.

Г. Цікавая і змястоўная работа.

Д. Работа, якая адпавядае маім магчымасцям. (Пранумаруйце гэтыя пункты ў парадку значнасці для вас.)

17. Выкажыце сваё меркаванне па пытанні: “Каб быць добрым спецыялістам, трэба” (неабходнае падкрэсліць):

А. Папрацаваць на вытворчасці.

Б. Вучыцца ў ПТВ.

В. Вучыцца ў тэхнікуме.

Г. Вучыцца ва УВА.

Д. Паспрабаваць сябе ў выбранай прафесіі.

18. Якую інфармацыю (матэрыялы) і па якіх прафесіях вы хацелі б мець у сваёй школе (кабінеце праф­арыентацыі, бібліятэцы)?

19. Якія экскурсіі на вытворчасць вам больш за ўсё спадабаліся?

20. Калі вы працуеце ў камандзе, то ці лёгка вам падпарадкоўваць свае інтарэсы і планы агульным задумам? Што вам больш падабаецца: быць выканаўцам, арганізатарам? (Неабходнае падкрэсліць.)

21. У якіх прадметных гуртках вы займаецеся? У якіх хацелі б займацца (у школе і па-за школай)?

22. У якіх факультатыўных занятках вы ўдзельнічаеце ці жадалі б удзельнічаць?

23. Якой галіной ведаў і ўменняў вы захапляецеся? (Неабходнае падкрэсліць.)

А. Аб прыродзе.

Б. Аб навуцы.

В. Аб мастацтве.

Г. Аб тэхніцы.

Д. Аб чалавеку.

Апрацоўка і інтэрпрэтацыя даных

Якасны аналіз адказаў пакажа:

  • агульныя жыццёвыя планы навучэнцаў (пытанні 1, 16, 17),
  • захапленні і прафесійныя намеры (пытанні 2, 11, 12, 13, 20, 21, 22, 23),
  • веды пра выбраную прафесію (пытанні 3, 4, 5, 14),
  • ацэнку навучэнцаў сваёй прыдатнасці да яе (пытанні 4, 7),
  • работу педагогаў і старшакласнікаў па прафесійным самавызначэнні (пытанні 6, 8, 9, 10, 15, 18, 19).

Безумоўна, сярод вучняў прыметны нашы будучыя калегі — дзеці, якія выбралі прафесію педагога. Дапаможам ім упэўніцца ў цвёрдасці сваіх намераў, усвядоміць правільнасць намечанага жыццёвага шляху.

Анкета для старшакласнікаў, якія выбралі прафесію настаўніка.

1. Калі ў вас узнікла жаданне стаць настаўнікам?

у 1—4 класах; у 5—7 класах; у 7—8 класах; у 10—11 класах.

2. Жаданне стаць настаўнікам абудзілі ў вас:

бацькі; настаўнікі; сябры; сваякі; літаратура; кіно; тэатр; грамадская работа?

3. Якая работа, у якой вы ўдзельнічалі, паспрыяла вашай падрыхтоўцы да выбару прафесіі настаўніка?

Шэфская работа; асветніцкая работа; заняткі з вучнямі, якія адстаюць; работа кансультантам па вучэбным прадмеце; выступленне на ўроках з дакладамі; правядзенне ўрока ў школе.

4. Што вас прывабіла ў дзейнасці вашых настаўнікаў?

Выдатнае веданне прадмета; уменне добра і цікава даваць веды; уменне арганізоўваць выхаваўчую работу; уменне наладжваць узаемаадносіны з дзецьмі; шырокі кругагляд; энергічнасць.

5. Што вас засмучала ў дзейнасці вашых настаўнікаў?

Адсутнасць любові да прадмета; сумнае выкла­данне матэрыялу, які вывучаўся; няўменне арганізаваць выхаваўчую работу; вузкасць інтарэсаў; неаб’ектыўнасць у ацэнцы ведаў.

Што яшчэ?

6. Што вы цэніце ў прафесіі настаўніка?

Магчымасць быць карысным людзям; магчы­масць займацца любімай справай; магчымасць ву­чыць іншых; магчымасць кіраваць людзьмі; магчымасць праяў­ляць свае здольнасці; магчымасць самаўдасканальвацца; зносіны з дзецьмі, моладдзю; зносіны з шырокім колам людзей; творчы характар педагагічнай працы; значнасць прафесіі педагога для грамадства; добрая заработная плата; працяглы летні адпачынак.

Што яшчэ?

“Прафесіяй можна лічыць толькі тое, што ты робіш пастянна ці рэгулярна, на ўзроўні не ніжэйшым за стандарты, устаноўленыя лепшымі прафесіяналамі”. Няхай гэтыя словы вялікага прафесіянала псіхолага і псіхатэрапеўта, майстра сваёй правы, які прысвяціў ёй жыццё, Уладзіміра Леві паслужаць стымулам для абдумвання жыццёвага шляху старшакласнікамі, выпускнікамі і зацікаўленымі ў іх лёсе дарослымі. Жадаем юнакам і дзяўчатам нашай краіны жыцця цікавага, паспяховага, яркага ў любімай прафесіі ў асяроддзі аднадумцаў.

Святлана РАДЗЬКОВА.