Не прапусціце трэці этап РТ

- 14:49Абітурыент, Адукацыйная прастора

Ужо зусім хутка сёлетніх абітурыентаў чакае іх першы сур’ёзны экзамен, ад вынікаў якога будзе залежаць выбар прафесіі і навучальнай установы. Для таго каб іспыт прайшоў больш удала, варта паспрабаваць свае сілы на рэпетыцыйным тэсціраванні, трэці этап якога стартаваў 1 сакавіка і прадоўжыцца па 30 красавіка.

Нагадаем, рэпетыцыйнае тэсціраванне можна прайсці па 15 вучэбных прадметах, папярэдне зарэгістраваўшыся на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. Удзел у рэпетыцыйным тэсціраванні дазваляе абітурыентам азнаёміцца з тэматыкай тэставых заданняў, праверыць узровень уласных ведаў, набыць навыкі запаўнення бланкаў і псіхалагічна падрыхтавацца да будучых выпрабаванняў. Апрацоўка адказаў і падлік вынікаў ажыццяўляюцца па тэхналогіі ЦТ. Пасля завяршэння кожнага этапу абітурыенты могуць атрымаць рашэнні тэставых заданняў для правядзення работы над памылкамі. Традыцыйна пляцоўкі пробнага тэсціравання — УВА. Але не толькі яны праводзяць РТ. Поўны спіс навучальных устаноў, якія прымаюць удзельнікаў тэсціравання, размешчаны на сайце РІКВ. Адна з іх — Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка.

“Мы праводзім тэсціраванне другі год, і ў нас яно праходзіць даволі ўдала з амаль поўнай аўдыторыяй. Сёлета мы паспрабавалі павялічыць колькасць дзён рэпетыцыйнага тэсціравання: у мінулым годзе гэта быў толькі чацвер, а ў гэтым дадалі яшчэ і сераду.Старт трэцяму этапу РТ у нашым універсітэце быў дадзены 9 сакавіка і прадоўжыцца ён да 28 красавіка, — паведаміла загадчыца сектара “Планета БДПУ” ЦДА “Альтэрнатыва” Надзея Сяргееўна Жукава. — Кожную сераду і чацвер РТ у нас праходзіць каля 120 чалавек, бо мы праводзім яго ў дзве змены: з 9.30 да 13.20 па фізіцы, матэматыцы і хіміі, а з 13.30 і да 15.20—15.30 па беларускай, рускай, англійскай, кітайскай, іспанскай, французскай мовах, а таксама па біялогіі, грамадазнаўстве, гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі і геаграфіі”.

Дарэчы, у час рэпетыцыйнага тэсціравання будучыя абітурыенты часцей за ўсё пытаюцца, калі можна атрымаць вынікі тэсціравання, ці будуць тыя ж заданні на ЦТ, чаму толькі два варыянты РТ і г.д. Не менш важнае пытанне, як псіхалагічна настроіцца на тэсціраванне. Надзея Сяргееўна гаворыць, што, каб разрадзіць атмасферу, яны як арганізатары спрабуюць пажартаваць з будучымі абітурыентамі: “Асабліва вылучаюцца тыя, хто ўпершыню прыйшоў на РТ, яны моцна хвалююцца,у іх нават рукі дрыжаць. Мы спрабуем іх супакоіць, гаворачы, што гэта толькі рэпетыцыя. Увогуле, стараемся настройваць абітурыентаў на пазітыў, раім напярэдадні як РТ, так і ЦТ абавязкова выспацца, каб прыйсці на экзамен у добрым настроі і з яснай галавой”.

Па словах загадчыцы сектара “Планета БДПУ” ЦДА “Альтэрнатыва”, найбольш папулярнымі прадметамі рэпетыцыйнага тэсціравання застаюцца руская мова, матэматыка, біялогія і хімія. “Так, на першым этапе РТ па рускай мове да нас прыйшло больш за 400 чалавек, на другім — звыш 500. Трэці этап РТ заўсёды найбольш папулярны сярод старшакласнікаў. Дарэчы, таму мы і вырашылі ўвесці дадатковы дзень у сераду, — адзначыла яна. — Патлумачу, усе прадметы пішуцца ў адной аўдыторыі. Напрыклад, 10 сакавіка ў лідарах была біялогія — на яе прыйшло 27 чалавек, рускую мову пісалі 16 чалавек, беларускую толькі 3, гісторыю Беларусі — 11 чалавек і па адным здавалі грамадазнаўства, сусветную гісторыю і геаграфію. Зыходзячы з вопыту, сярэдні час для выканання тэставых заданняў — 40—60 мінут. Ёсць і тыя, хто любіць пасядзець да апошняга. Абсалютным жа рэкардсменам на другім этапе РТ стала дзяўчына, якая пісала геаграфію, яна ўжо праз 15 мінут пасля пачатку тэсціравання паклала бланк, сказаўшы, што пытанні былі дастаткова лёгкімі”.

Наколькі складанымі заданні аказаліся на трэцім этапе РТ, я запыталася ў тых, хто выходзіў з аўдыторыі. Адной з першых справілася з тэстам навучэнка сталічнай сярэдняй школы № 155 Віялета Шакель, якая збіраецца паступаць у медыцынскі ўніверсітэт: “Я прыйшла на РТ праверыць свае веды. Заданні былі нескладанымі. Магчыма, таму, што я хаджу на дадатковыя курсы па біялогіі”.

Рэпетыцыйнае тэсціраванне па рускай мове здавала адзінаццацікласніца сярэдняй школы № 219 Мінска Аляксандра Васіленка, якая марыць стаць праграмістам. Яна прыйшла праверыць свае веды ўжо чацвёрты раз: “Карысць РТ у тым, што ты пачынаеш разумець, як праходзіць такі экзамен, а заадно высвятляеш, дзе яшчэ засталіся прабелы. Раю ўсім узмоцнена рыхтавацца, ніколі не ленавацца, верыць у свае сілы і не хвалявацца”.

А вось мінчанка Настасся Даманская ўжо сама працуе выкладчыцай і рыхтуе дзяцей да ЦТ па гісторыі Беларусі: “Я пастаянна праходжу РТ, бо мне трэба быць у курсе ўсяго, што там адбываецца. А таксама штогод здаю ЦТ разам са сваімі вучнямі. На трэцім этапе РТ мне вельмі спадабаліся пытанні, таму што яны сфармуляваны больш цікава ў параўнанні з іншымі этапамі, і тэмы ўзяты тыя, якія раней менш закраналіся. Увогуле, раю ўсім абавязкова хадзіць на РТ, прычым нават можна па два разы на кожны этап, каб прайсці два варыянты”.

УВАГА, абітурыент-2023! У наступным годзе РТ у БДПУ імя Максіма Танка будзе размеркавана па днях тыдня. “Мы вырашылі крыху змяніць фармат нашай работы, у нас ужо будуць прадметы размеркаваны па днях. Плануецца, што мовы будзе прапанавана пісаць у панядзелак і аўторак, фізіку і матэматыку — у сераду, чацвер плануем адвесці пад хімію і біялогію, а пятніцу — пад гісторыю, сусветную гісторыю, геаграфію і грамадазнаўства. Адпаведна і колькасць месцаў таксама павялічыцца”, — праінфармавала Н.С.Жукава. 

Дарэчы, ужо зараз абітурыенты 2023 года на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў тмогуць прайсці пробнае тэсціраванне па адзіным экзамене, які ўводзіцца ў Беларусі ў наступным годзе для выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, гімназій і ліцэяў. Нагадаем, такі экзамен аб’яднае выпускныя іспыты і ЦТ па рускай (беларускай) мове і матэматыцы. Здаваць яго выпускнікі школ будуць у фармаце ЦТ.

Акрамя таго, прайсці пробнае тэсціраванне можна і ў рэжыме анлайн. Для гэтага неабходна стварыць уліковы запіс на сайце РІКВ і аформіць заяўку. Таксама можна прайсці бясплатна дыстанцыйнае тэсціраванне. Вынік адлюструецца адразу пасля завяршэння тэста. Пры выбары вочнай формы праверкі ведаў балы пасля апрацоўкі з’явяцца на сайце. Для зручнасці можна падключыць SMS-паслугу і атрымаць вынікі тэста на тэлефон.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.