Унікальная прастора

- 10:08Выхаванне, Выхаваўчая работа

Музей — не проста месца правядзення экскурсій. Гэта прастора для рэальнага далучэння да вопыту і ведаў мінулых пакаленняў.

У нашай школе гэта добра разумеюць, таму і быў створаны гістарычна-краязнаўчы музей “Спадчына”, які ў 2017 годзе атрымаў званне народнага. Арганізацыя пошукава-даследчай і турыстычна-краязнаўчай дзейнасці пачалася ў далёкія 1950-я гады і звязана з імёнамі Розы Майсееўны Гаўрылюк і яе калег. Па ініцыятыве Фёдара Лаўрэнцьевіча Крайніка (дырэктара школы, камандзіра партызанскага атрада імя А.Суворава брыгады імя А.Неўскага) менавіта Роза Майсееўна ўзначаліла рух чырвоных следапытаў, дзякуючы дзейнасці якіх у 1958 годзе безыменная магіла атрымала новы выгляд. Вынікам пошукаў вучняў і настаўнікаў стала ўстанаўленне 159 прозвішчаў, занесеных на мемарыяльныя дошкі, размешчаных на помніку. Была наладжана перапіска са сваякамі загінуўшых.

Праходзяць гады… Справу чырвоных следапытаў працягваюць іх дзеці і ўнукі. У 2012 годзе знойдзены сваякі радавога Д.Т.Бордака. Унук загінуўшага прыехаў з сям’ёй з Краснадарскага краю ў маі 2012 года. Яны наведалі наш аграгарадок, пабывалі ў школе і на магіле продка. У 2013 годзе знойдзены сваякі гвардыі старшага сяржанта Ф.П.Яфімава, з якімі вядзецца перапіска. Дзякуючы намаганням вучняў і мастацтвазнаўца школы Ю.Ю.Стукачовай, знойдзены сваякі А.В.Дзянісава. Хвалюючая сустрэча вучняў і педагогаў Путрышкаўскай сярэдняй школы са сваякамі героя вайны адбылася 24 сакавіка 2019 года напярэдадні Дня Перамогі.

Вучні вывучаюць архіўныя матэрыялы, збіраюць успаміны старажылаў, вывучаюць перапіску савета музея са сваякамі загінуўшых воінаў. Дарэчы, падтрыманне сувязі і сустрэчы са сваякамі загінуўшых сталі традыцыяй у нашай установе адукацыі. Каля брацкай магілы праходзяць урачыстыя сустрэчы, сталі традыцыйнымі правядзенне піянерскіх збораў, прыём у члены БРПА і БРСМ.

Цяпер вядзецца рэканструкцыя музея “Спадчына”. У зале, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне, аснову экспазіцыі “Імёнаў герояў — ніколі не забудзем” склалі фотаздымкі салдат, пахаваных у брацкай магіле аграгарадка Путрышкі. Асаблівае месца адводзіцца асобам А.С.Альшанава і А.К.Тарханава. Саветам музея распрацавана экскурсія “Іх імёнамі названы вуліцы аграгарадка Путрышкі”. У выніку карпатлівай работы ў архівах распрацавана карта “Гета і спаленыя вёскі на тэрыторыі Гродзенскага раёна”.

Асаблівая ўвага ў даследаваннях удзяляецца найважнейшаму этапу аперацыі “Баграціён” — вызваленню Гродна. Пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі і кіраўніка музея М.С.Валынца была напісана навуковая работа “Вызваленне вёскі Путрышкі ў кантэксце баёў за вызваленне правабярэжнага Гродна ў ліпені 1944 года”.

Неад’емнай часткай работы музея з’яўляецца правядзенне ўрокаў гісторыі, беларускай літаратуры, тэматычных прадметных тыдняў, класных, інфармацыйных гадзін, сустрэч з ветэранамі вайны і працы, выпускнікамі школы (у тым ліку і з чырвонымі следапытамі).

Карына СКЕРСЬ,
педагог-арганізатар Путрышкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.