Не проста працаваць, а шчыраваць!

У трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах на Віцебшчыне прынялі ўдзел больш за 1000 навучэнцаў. Юных знаўцаў гісторыі, грамадазнаўства, беларускай мовы і літаратуры прымала Орша, рускай мовы і літаратуры — Полацк, матэматыкі, біялогіі, астраноміі, фізікі, інфарматыкі, хіміі, геаграфіі, працоўнага навучання і замежных моў — Віцебск.

На працягу некалькіх гадоў па выніках алімпіяды ў лік лепшых уваходзіць гімназія № 2 Віцебска. Сёлета на абласным этапе яе прадстаўнікі атрымалі 48 дыпломаў па 12 вучэбных прадметах, прычым 16 — І катэгорыі. Гэта падвойны рэкорд сярод устаноў адукацыі рэгіёна — як па колькасці заваяваных дыпломаў, так і па колькасці прадметаў, па якіх гімназісты сталі пераможцамі.

— Алімпіяда па вучэбных прадметах — асаблівае вымярэнне адукацыйнай прасторы, дзе выразна праяўляюцца вынікі сумеснай работы педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў, — адзначыў дырэктар гімназіі Канстанцін Кісялёў. — Трэба бачыць, з якім захапленнем і наколькі творча нашы настаўнікі і вучні рыхтуюцца да гэтага спаборніцтва. Важна, што яно праходзіць ва ўмовах дастойнай канкурэнцыі. Многія ўдзельнікі дэманструюць вельмі высокі ўзровень валодання прадметам — тым больш цікава і прыемна з такімі сапернікамі змагацца за лідарства.

На абласным этапе алімпіяды па беларускай мове і літаратуры сёлета вялі рэй дзяўчаты. Дарэчы, геаграфія перамог нашых алімпіяднікаў традыцыйна не абмяжоўваецца вядучымі ўстановамі адукацыі абласнога цэнтра: уладальніцамі дыпломаў І ступені сталі Паліна Сляпцова (Полацкая дзяржаўная гімназія № 1 імя Францыска Скарыны), Вольга Нікіценка, Ванда Асіпенка і Аліна Данілава (усе трое — прадстаўніцы гімназіі № 2 Віцебска), Віялета Ускова (сярэдняя школа № 16 Полацка), Наталля Салодкая (Глыбоцкая раённая гімназія), Ірына Паўлава (сярэдняя школа № 5 Пастаў) і Антаніна Емяльянчык (гімназія № 2 Наваполацка). Трэба сказаць, што па выніках заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры каманда Віцебшчыны некалькі гадоў утрымлівае лідарства, у чым немалая заслуга не толькі таленавітых настаўнікаў і навучэнцаў, але і прадстаўнікоў Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, ВДУ імя П.М.Машэрава, кіраўніцтва школ і гімназій, органаў кіравання адукацыяй. Лепшым пацвярджэннем гэтага будуць словы метадыста ВАІРА Рымы Бабашка: “Мы разам шчыра робім вялікую справу. І яна таго вартая”.
— Удзельнічаю ў алімпіядзе ўжо ў трэці раз і лічу, што мне вельмі пашчасціла з выбарам прадмета, — упэўнена адзінаццацікласніца Антаніна Емяльянчык. — Алімпіяда па беларускай мове, як мне падаецца, адметная. Тут пануе асаблівая атмасфера. Безумоўна, спаборніцтва, імкненне да асабістай перамогі — мэта кожнага, але разам з тым — насамрэч, гэта нават больш каштоўна — ты адчуваеш сябе ўдзельнікам каманды аднадумцаў і жывой часцінкай нашай мовы, культуры.

— Традыцыйна навучэнцы нашай гімназіі вызначаліся паглыбленым веданнем замежных моў, — расказала настаўніца беларускай мовы і літаратуры кіраўнік каманды гімназіі № 2 Віцебска Вольга Каламійцава. — Але зараз на высокім узроўні прадстаўлены таксама і матэматыка, біялогія, хімія, інфарматыка, руская, беларуская мова — іншымі словамі, практычна ўсе вучэбныя прадметы. Канечне, мы задаволены выступленнем на абласным этапе алімпіяды: тры дыпломы І ступені і адзін — ІІ ступені. Кожная перамога — вынік вялікай работы, якая праводзілася і на ўроках, і па-за межамі ўрокаў. Нават 31 снежня сустракаліся. Хаця ў маіх алімпіяднікаў ёсць спецыяльны выраз: “Працуюць усе, а мы шчыравалі”. Гэта значыць, працавалі амаль на мяжы нашых магчымасцей. Наперадзе нас чакае заключны этап алімпіяды. Будзем рыхтавацца.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.