Будучую прафесію пасля заканчэння сярэдняй школы № 16 Полацка Святлана Рыбачонак выбірала нядоўга. Любімыя цётка — настаўніца гісторыі і бабуля — настаўніца пачатковых класаў у якасці жывога прыкладу, спазнаныя яшчэ ў школьныя гады радасць падзяліцца ведамі, акрыленасць ад першых спроб работы з малодшымі дзецьмі — рашэнне было адназначным: паступаць у Полацкі педагагічны каледж. Але пасля атрымання дыплома аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі давялося задумацца, дзе працягваць вучобу далей. Па-ранейшаму ўладна клікала настаўніцтва, але з’явілася ў маладога спецыяліста і новае, блізкае да педагагічнай спецыяльнасці захапленне — псіхалогія.
— А потым так склалася, што я стала працаваць настаўніцай фізічнай культуры, — усміхаецца Святлана Уладзіміраўна. — І літаральна пасля першых дзён работы нечакана для сябе зразумела: гэта менавіта тое, што шукала. Не проста маё, а маё сэрцам. Падала дакументы ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, паступіла з першай спробы, дайшла да дыплома (да гэтага часу ў мяне ўжо была сям’я і дзве дачкі) — і дадому, у Полацк. Спачатку працавала ў сярэдняй школе № 2, потым — праз адзінаццаць гадоў — вярнулася настаўніцай у родную школу. Сваю работу вельмі люблю. Аднак спартыўныя перамогі навучэнцаў для мяне не самамэта. Галоўнае, каб дзеці паверылі, што яны здольны паказаць першы вынік. У свой час мне даводзілася заваёўваць першыя месцы на спартыўных спаборніцтвах — ведаю гэтыя эмоцыі і хачу, каб мае навучэнцы таксама змаглі іх адчуць. Сітуацыі поспеху, калі мы разам ідзём да перамогі, атрымліваем яе — вось самая высокая ўзнагарода, якая для мяне можа быць. Перамога — гэта добра, калі яна праходзіць праз свядомасць.
Дарэчы, ёсць у таленавітай палачанкі і яшчэ адно вялікае захапленне. Яна піша вершы (некаторыя з іх пакладзены на музыку), прозу. Калісьці, у студэнцкія гады, дзяўчыне прарочылі прафесійную літаратурную будучыню, але школа перамагла. З удзячнасцю Святлана Рыбачонак успамінае гады вучобы ў педкаледжы і свайго трэнера Людмілу Насатовіч. Яна не проста прывіла сваім вучаніцам любоў да валейбола, дапамагла адчуць важкасць пераможнага “золата”. На прыкладзе гэтага выдатнага майстра будучыя настаўніцы вучыліся, як ладзіць з дзецьмі, што зрабіць, каб яны палюбілі не проста від спорту, а ўрокі фізкультуры.
— У трэнерскай прафесіі першачарговая задача — згуртаваць каманду, — расказвае Святлана Уладзіміраўна. — Валейбол — камандны від спорту, псіхалогія тут на першым месцы. І ў рабоце яна вельмі дапамагае. Калі зможаш заслужыць давер і павагу, захапіць прадметам, пераканаць у яго практычнай значнасці, то навучэнцы “адкрыюцца” табе насустрач. Тады на ўроку не трэба ўкладваць у вучняў веды і навыкі. Можна расказаць, паказаць, параіць — і яны цябе пачуюць. Час не стаіць на месцы. Здараецца, ловіш сябе на думцы, што нашы дзеці ўжо дзесьці на паўкроку наперадзе. А я не люблю адставаць. Таму стараюся развівацца далей, у тым ліку і ў кірунку выкарыстання на занятках новых інфармацыйных тэхналогій, эксперыментальных методык. Навучэнцы гэта любяць, іх прываблівае новае.
На занятках Святлана Рыбачонак актыўна выкарыстоўвае ІТ. З іх дапамогай зручна на ўроку не толькі вывучаць ідэальныя тэхнікі пэўнага элемента або руху, але і дапамагчы школьнікам зразумець, як іх выконваць паэтапна. Шырокія магчымасці раскрываюць перад юнымі аматарамі спорту і здаровага ладу жыцця сучасныя мабільныя дадаткі. Па-за ўрокам дзеці часта падыходзяць да настаўніцы з пытаннямі, як удасканаліць пэўны вынік дома і зрабіць гэта правільна, не на шкоду свайму здароўю. На кожным этапе суправаджаць навучэнца складана, патрэбны індывідуальныя праграмы. Зараз яны даступны: Святлана Уладзіміраўна дапамагае ўвесці ў тэлефон антрапаметрычныя даныя, выбраць праграму, па якой дзіця можа працаваць і па якой яму трэба працаваць у залежнасці ад жаданага выніку, а далейшае ў большай ступені залежыць ужо ад самога навучэнца.
Святлана Рыбачонак — пераможца III абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2017” у намінацыі “Музыка. Фізічная культура”.
— Заўсёды верце ў свае сілы, таму што на самай справе вы можаце значна больш, чым у гэты момант думаеце, — шчыра жадае настаўніца сваім вучням і калегам. — Верце, таму што вера робіць сапраўдны цуд.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.