Лёс настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Тарэсы Чаславаўны Гарбінскай ужо больш за трыццаць гадоў звязаны з прыгожым старажытным Заслаўем, што ў Мінскім раёне. Некалі невядомы горад даўно стаў ёй родным, а мясцовая гімназія — любімым месцам працы, дзе штогод здзяйсняюцца мары настаўніцы і яе вучняў.
Тарэса Чаславаўна ўспамінае: яна з дзяцінства была цвёрда ўпэўнена, што стане менавіта настаўніцай. У школе працавала яе цётка. Пасля прафесію педагога выбрала старэйшая сястра. Да таго ж дзяўчынка з захапленнем глядзела на сваіх настаўнікаў і марыла ў будучыні стаць падобнай да іх. Напэўна, таму і з прадметам вызначылася не адразу. Калі вучылася ў пачатковай школе, хацела быць настаўніцай малодшых класаў. Пазней у яе жыцці з’явілася любімая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Зоя Іосіфаўна Хшчановіч і ўзнікла жаданне пайсці па яе шляху. Скончыўшы школу, ужо з упэўненасцю падала дакументы на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (у той час імя Леніна).
Першы працоўны год прайшоў на малой радзіме — у Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці. Пасля сям’я (у той час у Тарэсы Чаславаўны з мужам было двое малых дзяцей) пераехала ў Заслаўе.
— Пяць гадоў я працавала ў сярэдняй школе № 2, — прыгадвае Т.Ч.Гарбінская. — Затым перайшла ў новую ўстанову адукацыі, якая толькі адкрылася, — сярэднюю школу № 3 (зараз гэта ўжо гімназія). Сёлета тут для мяне пачаўся дваццаць шосты навучальны год. Я вельмі люблю сваю работу, установу і калектыў, з якімі так даўно непарыўна звязана маё жыццё. Вялікае шчасце, калі ўсё складваецца менавіта так!
Ва ўсіх сферах жыцця Тарэса Чаславаўна кіруецца адным простым правілам: калі трэба нешта рабіць, то трэба рабіць гэта добра. Думаю, гэтай устаноўкай тлумачацца і поспехі яе вучняў, і павага з боку дзяцей, бацькоў і калег. Сама Тарэса Чаславаўна з усмешкай адзначае, што зараз, калі яна вучыць дзяцей сваіх былых вучняў, ёй ужо не трэба заваёўваць аўтарытэт, ён пераходзіць ад аднаго пакалення да другога. Аднак на ўласным вопыце настаўніца пераканалася, як складана даводзіцца навічкам, колькі вопыту і мудрасці трэба мець, каб правільна, прафесійна не толькі выкладаць свой прадмет, але і весці дзяцей па жыцці.
— Спачатку, калі я толькі пераехала ў Заслаўе і перайшла з невялікай сельскай школы ў гарадскую, дзе ў класах значна больш дзяцей, было вельмі складана, — успамінае Т.Ч.Гарбінская. — У такія моманты асабліва патрэбна падтрымка. Пераадолець усе цяжкасці і не апусціць рукі ў адчаі я змагла дзякуючы не толькі ўласным намаганням, але і неабыякавым вопытным калегам. Асаблівую дапамогу мне аказаў намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Іван Федасеевіч Янгаль.
Сёння ўжо вопытная Тарэса Чаславаўна аказвае падтрымку маладым настаўнікам. Ёй радасна бачыць, як у педагагічную сям’ю гімназіі гарманічна ўліліся яе былыя вучні, якія сталі для яе калегамі. Мінулым летам Т.Ч.Гарбінская як класны кіраўнік выпусціла ў дарослае жыццё свой пяты клас. З першых яе слоў пра выпускнікоў адчуваюцца сардэчная цеплыня і гордасць. Сувязь з былымі выхаванцамі падтрымліваецца праз гады. Поспехі вучняў, цяперашніх і былых, — галоўнае дасягненне для Тарэсы Чаславаўны.
— Радасна, што ўсе вучні з майго апошняга выпуску сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў, — расказвае Т.Ч.Гарбінская. — У класе было пяць медалістаў. Агульны сярэдні бал склаў 9,6. Адна з маіх вучаніц паступіла на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры і замежнай мовы філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Мне, безумоўна, вельмі прыемна, што яна выбрала далейшае вывучэнне маіх прадметаў.
Сярод выпускніц мінулага года — пераможца абласнога этапу прадметнай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры Паліна Ламінская. Тарэса Чаславаўна адзначае, што гэтая вучаніца спрабавала сябе ў многіх кірунках. З цікавасцю займалася даследчай дзейнасцю, затым рыхтавалася і спрабавала свае сілы ў прадметнай алімпіядзе. Акрамя гэтага, захапілася спортам і стала чэмпіёнкай свету па тайскім боксе. Сёлета ж Паліна, як і марыла, паступіла на факультэт міжкультурных камунікацый Беларускага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Для настаўніцы вельмі важна, што ў вучняў здзяйсняюцца мары. Яна раіць усім гімназістам вельмі сур’ёзна падыходзіць да выбару будучай прафесіі, каб у перспектыве ў іх, як і ў яе, з’явілася любімая работа. Нездарма кажуць: па-сапраўднаму шчаслівы чалавек хоча зрабіць шчаслівымі і іншых!
Для Тарэсы Чаславаўны вельмі важна прывіць сваім вучням любоў і паважлівыя адносіны да роднай мовы і літаратуры. У любой справе самая моцная зброя — уласны прыклад. Таму настаўніца не толькі на ўроках, але і ў штодзённым жыцці гаворыць выключна па-беларуску. Для яе пытання выбару ніколі не стаяла: заўсёды гаварыла на беларускай мове, з гадамі ўсё больш адточваючы яе. Слухаючы Тарэсу Чаславаўну, яшчэ раз пераконваешся: беларуская мова — адна з самых мілагучных!
Многія гімназісты не могуць застацца абыякавымі і не зацікавіцца прадметамі, якія выкладае настаўніца. Адна з вучаніц — Вольга Сігаева — была пераможцай рэспубліканскага этапу прадметнай алімпіяды, гімназістам неаднаразова ўдавалася паспяхова выступіць на абласным этапе. Большасць выпускнікоў з класаў, у якіх выкладала Тарэса Чаславаўна, рэгулярна выбіраюць і паспяхова здаюць беларускую мову на цэнтралізаваным тэсціраванні.
— На мой погляд, самае галоўнае, каб з часам у настаўніка склалася свая сістэма работы, — тлумачыць Т.Ч.Гарбінская. — Мне важна, каб вучні былі зацікаўленыя, актыўныя. Калі дзецям цікава, то яны ўкладваюць душу ў тое, што робяць. Таму стараюся пастаянна прыдумваць нешта новае, здзіўляць. Важна навучыць дзяцей працаваць, прывіць ім разуменне: каб атрымаць добры вынік, трэба прыкласці адпаведныя намаганні.
Для вучняў сваіх класаў Тарэса Чаславаўна рэгулярна ладзіла разнастайныя экскурсіі, вандроўкі, паездкі ў тэатр. Заўсёды хацела, каб дзеці, дзякуючы такім мерапрыемствам, больш зблізіліся, каб гімназічнае жыццё запомнілася ім цікавымі, яркімі падзеямі і цёплымі адносінамі.
Для Тарэсы Чаславаўны настаўнік даўно ўжо не прафесія, а лад жыцця. Дома вечарамі, а бывае, і па начах яна прыдумвае новыя цікавыя фішкі для ўрокаў ці разважае, як лепш пагаварыць з Дзімам ці Ягорам, у якіх узнікла нейкая праблема. Гады яна даўно дзеліць не на каляндарныя, а на навучальныя. Так і бягуць дні, напоўненыя цікавымі зносінамі з вучнямі, калегамі, цяплом роднага дома і гімназіі.
Таццяна ШЫМКО.