Не рэформа, але вялікія перамены

У Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы кіраўнікі, навуковыя супрацоўнікі і выкладчыкі ўніверсітэтаў абмеркавалі перспектывы развіцця вышэйшай адукацыі.

XII Міжнародная навукова-метадычная канферэнцыя “Вышэйшая школа: праблемы і перспектывы” традыцыйна сабрала прадстаўнікоў універсітэтаў для зацікаўленага дыялогу і зверкі пазіцый па найбольш актуальных пытаннях. Са змястоўным дакладам аб тым, у якім напрамку будзе развівацца вышэйшая школа, выступіў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў.
Напачатку міністр адзначыў праблемы, якія наспелі ў вышэйшай школе і патрабуюць тэрміновага вырашэння. У прыватнасці, гэта зніжэнне якасці вышэйшай адукацыі з прычыны яе масавасці; адсутнасць эфектыўных механізмаў узаемасувязі ўніверсітэтаў з прадпрыемствамі і рынкам працы ў цэлым; эканамічна затратная і неэфектыўная мадэль магістарскай падрыхтоўкі; адсутнасць рэальнай пераемнасці паміж узроўнямі вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі; празмернае драбленне спецыяльнасцей і кваліфікацый і інш. Міхаіл Жураўкоў заявіў, што ў Міністэрства адукацыі ёсць стратэгія пераадолення згаданых праблем і сістэмнай мадэрнізацыі вышэйшай школы. Пэўны імпульс развіццю айчыннай вышэйшай школы павінна надаць уступленне нашай краіны ў Балонскі працэс. Дарожная карта Беларусі мае на ўвазе ўвядзенне шматступеньчатай сiстэмы вышэйшай адукацыі, пераход да вымярэння працаёмкасці адукацыйнага працэсу ў заліковых адзінках, укараненне незалежнай працэдуры забеспячэння якасці адукацыі, развіццё і пашырэнне акадэмічнай мабільнасці студэнтаў i выкладчыкаў, пераход да дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сістэме кіравання вышэйшай школай і многае іншае.
Міхаіл Жураўкоў заўважыў, што для інтэграцыі Беларусі ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі неабходна прывесці нацыянальную сістэму спецыяльнасцей і кваліфікацый у адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі. Гэта значыць, што замест Дзяржаўнага класіфікатара, які дзейнічае зараз, павінен з’явіцца прынцыпова новы дакумент, зразумелы як работадаўцам, так і абітурыентам. Цяперашнюю структуру спецыяльнасцей і спецыялізацый міністр назваў занадта дэталізаванай і нягнуткай, а працэдуру адкрыцця новых спецыяльнасцей — залішне бюракратызаванай.

Ігар Цітовіч, прарэктар РІВШ:
“Прапанаваная мадэль трохступеньчатай сістэмы вышэйшай адукацыі будзе накіравана на забеспячэнне пераемнасці па вертыкалі, альтэрнатыўнасці па гарызанталі, дынамічнасці і гібкасці падрыхтоўкі спецыялістаў і адначасова яе фундаментальнасці і ўніверсальнасці”.

“Усё гэта не дазваляе аператыўна рэагаваць на патрэбы грамадства і эканомікі, і таму наспела патрэба перагледзець дзеючы класіфікатар, — адзначыў міністр. — Мы прапаноўваем адмовіцца ад градацыі спецыяльнасцей па напрамках і спецыялізацыях і кампенсаваць гэта пашырэннем універсітэцкага кампанента адукацыйных праграм (50% на першай ступені і да 70% на другой). Гэта дазволіць універсітэтам самастойна фарміраваць гнуткія адукацыйныя праграмы і праводзіць навучанне па профілях спецыяльнасцей, што зробіць іх мабільнымі на рынку адукацыйных паслуг”.
Міхаіл Жураўкоў заўважыў, што сістэмная мадэрнізацыя вышэйшай школы патрабуе істотных змяненняў у дзеючай нарматыўнай прававой базе. Міністэрства адукацыі падрыхтавала свае прапановы на гэты конт, і праект закона аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс аб адукацыі Рэспублікі Беларусь зараз знаходзіцца ва ўрадзе. Міністр агучыў некаторыя канцэптуальныя палажэнні згаданага дакумента ў кантэксце вышэйшай адукацыі.
У прыватнасці, у заканадаўстве ўпершыню згадваецца так званая трохступеньчатая сістэма вышэйшай адукацыі. Маецца на ўвазе прывядзенне дзеючай у нас структуры вышэйшай адукацыі ў адпаведнасць са структурай, прынятай у Еўропе. А там яна трохступеньчатая і ўключае ў сябе бакалаўрыят, магістратуру і аспірантуру. Кожная ступень вышэйшай адукацыі самастойная, мае завершаны цыкл навучання і рыхтуе выпускніка да пэўных відаў прафесійнай ці навуковай дзейнасці.
“Зараз у нас аспірантура лічыцца пасляўніверсітэцкай ступенню адукацыі, а мы прапаноўваем разглядаць яе як трэцюю ступень вышэйшай адукацыі, — заўважыў міністр. — На наш погляд, навучанне ў аспірантуры як на трэцяй ступені вышэйшай адукацыі з абавязковай здачай экзаменаў і залікаў дазволіць павысіць узровень падрыхтоўкі выпускнікоў для таго, каб яны маглі выкладаць ва ўніверсітэтах. Разам з тым абавязковай будзе і кваліфікацыйная работа па выпуску з аспірантуры — напісанне дысертацыі з яе наступнай абаронай і зацвярджэннем Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй”.
Гэтыя прапановы Міністэрства адукацыі зараз актыўна абмяркоўваюцца рознымі зацікаўленымі структурамі. У хуткім часе даведаемся, ці падтрымае іх урад і ці знойдуць яны адлюстраванне ў абноўленым Кодэксе аб адукацыі.
Зрэшты, Міхаіл Жураўкоў адзначыў, што ўключэнне аспірантуры як трэцяй ступені вышэйшай адукацыі запатрабуе ўнясення вялікай колькасці змяненняў не толькі ў Кодэкс, але і ў многія іншыя дакументы, напрыклад, у Закон аб навуковай дзейнасці. “Адпаведная работа расцягнецца на некалькі гадоў, — заўважыў міністр, — таму сённяшніх аспірантаў гэта дакладна не закране. Аспірантура стане трэцяй ступенню вышэйшай адукацыі не раней, чым праз 4—5 гадоў”.

Адметна, што на перадачы аспірантуры ў кампетэнцыю Міністэрства адукацыі настойвае і Вышэйшая атэстацыйная камісія. Старшыня ВАК Генадзь Пальчык заявіў, што на сённяшні дзень Беларусь — адзіная на постсавецкай прасторы краіна, дзе пасляўніверсітэцкая адукацыя адносіцца не да Міністэрства адукацыі, а ажно да чатырох структур. Гэта ўласна Міністэрства адукацыі, Нацыянальная акадэмія навук, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях і Вышэйшая атэстацыйная камісія, якая нават зацвярджае праграмы-мінімум (пачынаючы медыцынскімі і заканчваючы будаўнічымі), пры тым што гэтую работу відавочна павінны рабіць адпаведныя вучэбна-метадычныя аб’яднанні.

Генадзь Пальчык, старшыня ВАК:
“Мы маем намер дэлегаваць універсітэтам паўнамоцтва прысвойваць сваім заслужаным навукоўцам званні прафесараў”.

“Вышэйшая атэстацыйная камісія першая падняла гэтае пытанне, мы абмеркавалі яго з усімі зацікаўленымі бакамі і прынялі рашэнне аб тым, што сістэма пасляўніверсітэцкай адукацыі (адпаведна, і фінансаванне, у тым ліку ўжо і на 2016 год) павінна разумна перайсці ў Міністэрства адукацыі, — сказаў Генадзь Пальчык. — Гэта дазволіць больш эфектыўна арганізаваць яе дзейнасць у кантэксце пераемнасці “бакалаўрыят — магістратура — аспірантура”.
Старшыня ВАК заўважыў, што на гэты час у рабоце аспірантуры ёсць праблемы. Так, мае месца неабгрунтаванае завышэнне кантрольных лічбаў прыёму ў аспірантуру, фармалізаваны падыход да набору аспірантаў і зацвярджэння навуковых кіраўнікоў, неактуальнасць тэм даследаванняў, адсутнасць эфектыўнага кантролю за ходам выканання дысертацыйнага даследавання.
“Не сакрэт, што калі мы маем праблемы з наборам першакурснікаў на першай ступені, то падобныя праблемы ёсць і пры фарміраванні аспірантуры, — заўважыў Генадзь Пальчык. — Але аспірантура павінна абапірацца найперш на якасць, а не на выдзеленыя месцы. Безумоўна, нельга гаварыць аб скарачэнні фінансавання аспірантуры, але падыход да набору павінен быць дыферэнцыраваны. Лепш узяць замест 100 чалавек 50, але няхай гэта будуць высокападрыхтаваныя маладыя людзі па патрэбных краіне спецыяльнасцях. А вызваленыя грошы можна пусціць на павышэнне стыпендый і аплату работы навуковых кіраўнікоў і навуковых кансультантаў”.

Міхаіл Жураўкоў, міністр адукацыі:
“Выклікае заклапочанасць адасобленасць некаторых універсітэтаў, якія не дастаткова забяспечаны кваліфікаваным прафесарска-выкладчыцкім складам і не ўцягнуты ў практыку сучасных навуковых даследаванняў. Для іх магчымасць падрыхтоўкі магістрантаў і аспірантаў будзе абмежаваная”.

Адсутнасць дзейснага кантролю за працэсам работы і выкананнем індывідуальнага плана аспірантаў прыводзіць да таго, што на выхадзе нярэдка з’яўляюцца вельмі слабыя работы. Генадзь Пальчык паведаміў, што зараз рыхтуецца новы сайт Вышэйшай атэстацыйнай камісіі, і там можна будзе паказаць, па якой прычыне ВАК адхіляе тую ці іншую работу. “Калі мы гэта зробім, то сорамна будзе не толькі многім саіскальнікам, але і іх кіраўнікам, арганізацыям, якія гэта прапусцілі”, — адзначыў Г.Пальчык.
Вельмі важныя ініцыятывы Вышэйшай атэстацыйнай камісіі звязаны са змякчэннем фармальных падыходаў да навукоўцаў, якія маюць высокія дасягненні, але не адпавядаюць некаторым патрабаванням. Напрыклад, чалавек абараніў доктарскую дысертацыю, але ў яго няма манаграфіі, вучэбных дапаможнікаў, няма дастатковай колькасці вучняў. Пры гэтым ён даволі аўтарытэтны і заслужаны чалавек. Генадзь Пальчык сказаў, што калі вучоны савет прыме рашэнне аб прысуджэнні такому чалавеку звання прафесара канкрэтнага ўніверсітэта, то Вышэйшая атэстацыйная камісія гатова пайсці насустрач і выдаць яму рэгістрацыйны дыплом.
Таксама можа быць кандыдат навук, які па той ці іншай прычыне не напісаў доктарскую работу, але мае і вучняў, і дапаможнікі. Ён паважаны чалавек. І яму таксама можа быць прысвоена званне прафесара канкрэтнага ўніверсітэта.
Генадзь Пальчык заўважыў, што гэта пакуль што ў планах, але Вышэйшая атэстацыйная камісія гатова дэлегаваць універсітэтам паўнамоцтва прысвойваць сваім заслужаным навукоўцам званні прафесараў.

Міністр адукацыі назваў яшчэ шэраг стратэгічных задач, якія стаяць перад вышэйшай школай. У прыватнасці, гэта сеткавая форма рэалізацыі адукацыйных праграм, якая павінна аб’яднаць патэнцыял розных універсітэтаў, навуковых і вытворчых арганізацый з мэтай павышэння якасці падрыхтоўкі спецыялістаў.
“Універсітэты будуць мець магчымасць накіроўваць сваіх студэнтаў на 1—2 семестры ў іншыя ўніверсітэты, каб яны змаглі паслухаць лекцыі вядучых спецыялістаў і прафесараў, — патлумачыў міністр. — Такая падрыхтоўка павінна быць цалкам залічана студэнту пасля яго вяртання ў родны ўніверсітэт. Безумоўна, яна нацэлена перш за ўсё на магістратуру”.
“Сеткавыя формы навучання могуць даць неабходныя кампаненты для эфектыўнай, высакаякаснай рэалізацыі адукацыйных праграм па адпаведных спецыяльнасцях, — дадаў прарэктар РІВШ Ігар Цітовіч. — Гэта могуць быць холдынгі, кансорцыумы, карпарацыі… Форма не важная, важны змест і скіраванасць на дасягненне пазітыўнага выніку. Для вышэйшай школы гэта сур’ёзны выклік, але, з другога боку, гэта рэальная магчымасць зрушыць сістэму ў бок інтэграцыі з навуковай і вытворчай сферай, развіваць такія структуры, як даследчы ўніверсітэт, прадпрымальніцкі ўніверсітэт, навукова- вытворчыя і адукацыйныя холдынгі”.
Перспектыўным напрамкам развіцця вышэйшай школы з’яўляецца кластарная мадэль. Яна мае на ўвазе фарміраванне адукацыйных кластараў аднаго ўзроўню адукацыі па прынцыпе спецыялізацыі, а таксама стварэнне адукацыйных комплексаў, якія аб’ядноўваюць установы розных узроўняў адукацыі — прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай. У якасці эксперыментальнай мадэлі разглядаецца канцэпцыя развіцця педагагічнай адукацыі на 2015—2020 гады.

Ігар Цітовіч, прарэктар РІВШ:
“Дэталёвая рэгламентацыя вышэйшай адукацыі, зафіксаваная ў адукацыйных стандартах і вучэбна-праграмнай дакументацыі, стрымлівае развіццё нацыянальнай вышэйшай школы. У абноўленым Кодэксе аб адукацыі прадугледжваецца варыятыўнасць рэалізацыі адукацыйных праграм”.

Вельмі важна, што ў абноўленым Кодэксе аб адукацыі дыстанцыйнае навучанне вызначана як самастойная форма атрымання адукацыі. Гэта павінна развязаць універсітэтам рукі і дазволіць ім аказваць сучасныя адукацыйныя паслугі як беларускім студэнтам, так і замежнікам.
Калі змяненні і дапаўненні, прапанаваныя Міністэрствам адукацыі ў Кодэкс аб адукацыі Рэспублікі Беларусь, будуць прыняты, то вышэйшую школу чакаюць вялікія і вельмі цікавыя перамены. У нас з’явіцца рэальны шанс звярнуць вышэйшую школу ў бок пазітыўных змен, зрабіць яе больш сучаснай, больш прывабнай, больш гнуткай і чуйнай да патрэб рынку, грамадства і саміх студэнтаў.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.