“Не” шаблоннасці і ўраўнілаўцы

- 16:27Якасць адукацыі

Вадзім Мар’янавіч Сакалоўскі пайшоў у педагогіку па прыкладзе сваёй маці, якая ўсё жыццё працавала ў школе настаўніцай малодшых класаў. Павага і цікавасць да сферы адукацыі, прага да ведаў і жаданне дзяліцца імі перадаліся яму, відаць, на генетычным узроўні. Чацвёрты год малады педагог выкладае гісторыю ў гімназіі Ліды, што на Гродзеншчыне.

Вадзіма ў дзяцінстве часта можна было ўбачыць за кнігай. Для яго гэта быў адзін з самых любімых заняткаў. Асабліва падабалася чытаць энцыклапедыі, з якіх удавалася пачарпнуць шмат новых, цікавых фактаў. Менавіта з гэтай крыніцы ён атрымаў першыя веды па гісторыі, якая выклікала асаблівую цікавасць і ў выніку вызначыла далейшы лёс.

Успаміны аб школьных гадах непарыўна звязаны з удзелам у алімпіядах. Вадзіму інтэлектуальныя спаборніцтвы вельмі падабаліся. Спачатку ён спрабаваў свае сілы ў алімпіядным руху па геаграфіі, пасля па гісторыі. Выступаў годна, але хацелася лепшых вынікаў, і з часам гэтая мара ажыццявілася. Вадзім паступіў у ліцэй

№ 1 Ліды ў 10 клас з гістарычным ухілам, дзе працягнуў узмоцнена займацца любімым прадметам пад кіраўніцтвам настаўніка Іосіфа Іосіфавіча Залескага. Вадзім Мар’янавіч з асаблівай удзячнасцю гаворыць пра гэты перыяд свайго жыцця. Атрыманыя ў ліцэі трывалыя веды дапамаглі выйсці на новы ўзровень і стаць пераможцам рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па гісторыі ў 10 і 11 класах. Дзякуючы гэтаму без уступных экзаменаў ён паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсі­тэта. З цікавасцю адкрываў для сябе таямніцы гісторыі, каб пасля несці святло ведаў дзецям.

— Я праходзіў практыку ў юрыдычным каледжы БДУ і адной са сталічных школ, — расказвае В.М.Сакалоўскі. — Прыкладна ведаў, чаго чакаць. Я ж з дзяцінства бачыў, як мама рыхтавалася да ўрокаў, чуў яе аповеды аб школьным жыцці. Але адна справа слухаць, і зусім іншая — самому стаць “за штурвал”. Мой першы самастойны вопыт дапамог настроіцца на далейшую работу і зрабіць для сябе пэўныя вывады на будучыню. Зразумеў, што важна не толькі даваць веды, але і прадастаўляць вучням магчымасць здабываць іх самастойна. А яшчэ варта пазбягаць шаблоннасці пры правядзенні вучэбных заняткаў. Ні ў якім разе нельга дапускаць ураўнілаўкі ні ў чым. Усе дзеці розныя, і ўсім хочацца адчуваць разуменне і падтрымку.

Пасля заканчэння ўніверсітэта малады чалавек вярнуўся ў родную Ліду, куды быў размеркаваны настаўнікам гісторыі гімназіі № 1. У першы ж працоўны год стаў яшчэ і класным кіраўніком. Сёння Вадзім Мар’янавіч з усмешкай прыгадвае, з якім хваляваннем ішоў 1 верасня на святочную лінейку. Неабходна было “акліматызавацца”, справіцца з новай сітуацыяй і ўсімі задачамі, якія яна прынесла. Малады настаўнік зрабіў гэта даволі ўдала. Ён упэўнены, што ўсё склалася паспяхова дзякуючы яго камунікабельнасці і гатоўнасці да перамен у сваім жыцці. Да таго ж, працоўны калектыў з першага дня цёпла прыняў яго, пры неабходнасці заўсёды аказваў падтрымку і дапамогу.

Вадзіму Мар’янавічу падабаецца працаваць з дзецьмі. Тым больш што, як аказалася, гімназісты дапытлівая і актыўныя. Варта толькі накіраваць іх дзейнасць у правільнае рэчышча. Педагог стараецца гаварыць з вучнямі на іх мове, прычым у кожным класе яна розная, адзінага варыянта няма. Найбольш патрабавальна ставіцца да старшакласнікаў, якім варта ўзмоцнена працаваць, каб найбольш паспяхова скончыць гімназію і стаць студэнтамі выбраных УВА. Нярэдка яны звяртаюцца да маладога настаўніка па параду, асабліва калі для паступлення патрэбна гісторыя.

Каб зацікавіць сваім прадметам, педагог стараецца на кожны ўрок прыдумаць нешта новае. Аднак хутка прыйшло разуменне: нават добра падрыхтаваныя заняткі могуць не задацца, калі настаўнік псіхалагічна не настроіцца на іх. У кожным класе свая сітуацыя, свая рэакцыя вучняў. Таму на ўроку заўсёды ёсць месца творчасці, непрадказальнасці і экспромту. Вадзім Мар’янавіч адчувае задавальненне, калі ўсё складваецца добра і ў выніку вядзецца напружаная, цікавая работа. Стараецца, каб урокі атрымліваліся цэласнымі і веды ў дзяцей складваліся ў адзіную карціну.

— Аддаю перавагу формам і метадам, якія спрыяюць актыўнай пазнавальнай дзейнасці вучняў на ўроку, — дзеліцца сваім вопытам В.М.Сакалоўскі. — Разам з вучнямі мы прадумваем і складаем схемы і табліцы, якія дапамагаюць ім лепш зразумець і запомніць матэрыял. Каб падтрымліваць увагу вучняў на працягу ўсяго ўрока, рыхтую даволі шмат нагляднасці. Ніколі не абмяжоўваюся матэрыялам, які ёсць у падручніку, а рыхтую і дадатковы.

Адной з “фішак” на ўроках Вадзіма Мар’янавіча сталі кластар-тэхналогіі. Яны дапамагаюць з розных бакоў падысці да разглядаемага пытання ці паняцця, максімальна яго раскрыць. Кластар дазваляе вучням праявіць індывідуальныя асаблівасці ва ўспрыманні і асэнсаванні вучэбнай інфармацыі, аддзяліць у ёй галоўнае ад другараднага і зрабіць уласныя вывады.

З першага года работы ў гімназіі Вадзім Мар’янавіч з цікавасцю заняўся даследчай дзейнасцю з вучнямі. Захапіў іх краязнаўствам, вывучэннем архітэктуры Ліды ў розныя гістарычныя перыяды. Парадавалі першыя дасягненні ў гэтым кірунку. Так, у гэтым навучальным годзе вучань 10 класа Аляксей Рамановіч годна выступіў на абласной канферэнцыі даследчых работ “Крышталёвая арфа”. Зараз В.М.Сакалоўскі кіруе даследчай дзейнасцю вучняў у рамках секцыі “Гісторыя” навуковага таварыства вучняў гімназіі “Афіна”.

— Раю вучням не ўпускаць шанс яшчэ ў школе паспрабаваць свае сілы ў даследчай дзейнасці, — акцэнтуе ўвагу педагог. — Гэта не толькі цікава, але і вельмі карысна. Пасля будзе лягчэй рыхтаваць курсавыя і дыпломныя. Ды і вопыт абароны сваіх работ каштоўны. Увогуле адно з маіх жыццёвых правіл, якое імкнуся прывіць дзецям, — ніколі не ўпус­каць магчымасці зрабіць крок наперад, атры­маць новыя веды ці карысныя навыкі. Як кажуць, за плячамі не насіць, а ў жыцці яны абавязкова спатрэбяцца і дапамогуць адчуваць сябе больш упэўнена і выйсці на новы ўзровень.

Не менш цікава маладому педагогу было займацца падрыхтоўкай гімназістаў да прадметных алімпіяд, у якіх у свой час ён удзельнічаў сам. Безумоўна, у гэтай справе дапамагае ўласны вопыт. У мінулым навучальным годзе вучань Аляксей Рамановіч заваяваў дыплом ІІІ ступені на раённым этапе рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі. Вынік парадаваў. Аднак Вадзім Мар’янавіч спадзяецца, што гэта толькі пачатак і яго навучэнцам у будучыні атрымаецца дасягнуць нашмат большых высот. Для гэтых і іншых перамог ён будзе прыкладваць усе намаганні. Больш за ўсё яму падабаецца бачыць усмешкі на тварах сваіх вучняў, калі яны дабіваюцца поспехаў ці робяць крок наперад у сваім развіцці.

Таццяна ШЫМКО.