Не шукайце праўды ў віне

“Многа віна — мала розуму”. Фраза не мая, так калісьці гаварыў Леанарда да Вінчы. Колькі стагоддзяў прайшло, а выказванне застаецца праўдзівым. Як і словы французскага публіцыста ХІХ стагоддзя Анры Жазефа Ляона Бадрыралара “Алкаголь — пастаўшчык людзей для турмаў”. На жаль, так яно і ёсць — статыстыка па цяжкіх злачынствах Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі каторы раз пацвярджае гэта. Праўда, адначасова статыстыка сведчыць, што пастаянная прафілактычная работа дае свой плён.

— Паказчыкі захваральнасці на алкагалізм зніжаюцца, — расказаў на сустрэчы з журналістамі ў прэс-цэнтры сталічнага Дома прэсы псіхіятр-нарколаг арганізацыйна-метадычнага кансультацыйнага аддзела Мінскага абласнога клінічнага цэнтра “Псіхіятрыя-наркалогія” Іван Іванавіч Канаразаў. — Але праблема застаецца актуальнай, бо ўзровень ужывання алкаголю на душу насельніцтва высокі.

Па даных нацыянальнай статыстыкі, дарэчы, ужыванне алкаголю ў 2016 годзе складала 8,8 літра на душу насельніцтва. Статыстыка Сусветнай арганізацыі аховы здароўя дае за гэты перыяд зусім іншую лічбу — больш за 16 літраў. Але ў любым выпадку беларусы пакінулі першае месца па ўжыванні алкаголю ў свеце. Пры гэтым лічыцца, што ўжыванне больш чым 8 літраў алкаголю на чалавека перавышае парог, пры якім няма сур’ёзнай пагрозы ні здароўю грамадства, ні яго асобных членаў. Беларусам, канечне, ёсць над чым працаваць.

— Па аператыўных даных наркалагічных службаў, захваральнасць на алкагалізм у параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам знізілася на 645 чалавек, — заўважыў І.І.Канаразаў. — Колькасць асоб, якія знаходзяцца на дыспансерным уліку, знізілася на 3612 чалавек. Пад прафілактычным медыцынскім наглядам цяпер знаходзяцца прыкладна на 1,5 тысячы чалавек менш, чым гэта было па выніках 5 месяцаў 2017 года. Пад гэтым наглядам знаходзяцца людзі, якія занадта многа ўжываюць алкаголю, але ў іх пакуль не сфарміравалася залежнасць. Праўда, павялічылася колькасць тых, хто трапляе ў прыёмныя аддзяленні ў стане алкагольнага ап’янення (на 800 чалавек) і тых, хто шпіталізаваны (крыху больш, чым на 600 чалавек). Магчыма, гэта звязана з раннім пачаткам лета, людзі так адпачываюць.

Між іншым, як падкрэсліў спецыяліст, на партале Міністэрства аховы здароўя “Здаровыя людзі” заўсёды можна адшукаць інфармацыю па любых пытаннях, звязаных і з прафілактыкай, і з іншымі аспектамі падтрымання здароўя.

Таксама шырока вядома і тое, што 1 долар, інвесціраваны ў прапаганду здаровага ладу жыцця, дае 12,82 долара эканоміі за кошт павелічэння працягласці жыцця, павышэння працаздольнасці людзей і г.д. Тая ж сума, укладзеная ў прафілактыку злоўжывання алкаголем, дае аддачу ў 9,13 долара, тытунём — 7,43. Карацей, прафілактыка нясе карысць з усіх пунктаў гледжання.

І таму невыпадкова Міністэрствы аховы здароўя разам з некаторымі іншымі ведамствамі, у тым ліку Міністэрствам адукацыі, рыхтуе праект змяненняў і дапаўненняў у Дзяржаўную праграму “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” на 2016—2020 гады. А патрэба такая ёсць у тым ліку для ўдасканалення прафілактычнай работы, распрацоўваецца дадатковы комплекс мер па прафілактыцы залішняга ўжывання алкаголю.

— Ёсць прамая сувязь паміж злоўжываннем алкаголем і здзяйсненнем злачынстваў, — падкрэсліў Алег Георгіевіч Каразей, начальнік упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС. — Па статыстыцы, на 1 чэрвеня амаль з 34 тысяч злачынстваў больш за 6 тысяч здзейснены ў стане ап’янення. Гэта пры тым, што, напрыклад, эканамічныя злачынствы і не прадугледжваюць ап’янення, а вось злачынствы супраць жыцця і здароўя больш чым у 80% якраз і здзяйсняюцца пад уздзеяннем алкаголю. Часта ў ранішняй зводцы мы бачым адну і тую ж карціну: пілі разам, пасварыліся з-за глупства, адзін забіў, другі забіты. Што тычыцца такіх злачынстваў, як крадзяжы, то і тут статыстыка адназначная: кожны другі крадзеж здзяйсняюць п’яныя грамадзяне.

Радуе, што сёлета на 7% скарацілася і злачыннасць наогул, і злачыннасць у стане алкагольнага ап’янення. Прафілактыка дазваляе паўплываць на ўзровень злачыннасці, але гэта, на жаль, пакуль не адносіцца да злачынстваў супраць жыцця і здароўя: з пачатку года адбылося 120 забойстваў і 300 прычыненняў цяжкіх цялесных пашкоджанняў (на ўзроўні мінулага года). Усё ў адпаведнасці са статыстыкай: 80% і тых, і іншых злачынстваў здзейснены грамадзянамі “пад градусам”.

Не надта здае пазіцыі і нелегальны абарот алкаголю: сёлета ўжо канфіскавана больш за 220 тысяч літраў самагону, каля 50 тысяч літраў фальсіфікаваных напіткаў. У выніку атручэння алкаголем загінулі каля 600 чалавек, прычым толькі 50 з іх — з-за атручэння сурагатамі, іншыя проста перапілі. І, як кожны год, гінуць людзі, якія адпачываюць на вадаёмах, распіваючы алкаголь. Варта нагадаць, што распіццё алкагольных і слабаалкагольных напіткаў, знаходжанне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення, стане, які ганьбіць чалавечую годнасць і грамадскую мараль, з’яўляецца парушэннем Кодэкса аб адміністратыўнай адказнасці і караецца штрафам. У выпадку паўторнага здзяйснення правапарушэння на працягу года магчымы адміністратыўны арышт.

Што ж рабіць далей? Прадстаўнік МУС упэўнены, што адной з самых эфектыўных мер з’яўляецца абмежаванне рэалізацыі алкаголю за кошт выдзялення спецыяльных месцаў яго продажу — у асобных аддзелах, каб міма бутэлек са спіртным не праходзіў кожны пакупнік. Другая мера — абмежаванне фізічнай даступнасці алкагольных напіткаў. А.Г.Каразей прывёў такія даныя: у нас 1 магазін, які рэалізоўвае алкаголь, прыходзіцца на 600 чалавек, у скандынаўскіх краінах —1 на 5—6 тысяч, у Ісландыі — на 15 тысяч чалавек. Тое ж тычыцца і часу рэалізацыі алкаголю — яно патрабуе абмежаванняў хаця б да 11 гадзін вечара.

Канечне, можна спасылацца на тое, што, колькі не ўводзь абмежаванні, іх абнуліць нелегальны гандаль. Але сусветны вопыт дае абгрунтаваны адказ: злоўжыванне алкаголем усё роўна знізіцца.

Што тычыцца праблемы “непаўналетнія і алкаголь”, то І.І.Канаразаў падкрэсліў, што пастанова Савета Міністраў № 487 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку комплекснай рэабілітацыі непаўналетніх, ужыванне якімі наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных і іншых адурманьваючых рэчываў, ужыванне алкагольных, слабаалкагольных напіткаў або піва ўстаноўлена ў адпаведнасці з заканадаўствам” дзейнічае практычна год і за эты час даказала сваю эфектыўнасць. Ва ўсялякім разе, з пункту гледжання ўрачоў-нарколагаў, комплексная рэабілітацыя непаўналетніх — гэта работа на новым узроўні, дзейсны сродак пры актыўным удзеле бацькоў, канечне. Наркалагічнае лячэнне часцей за ўсё і не патрэбна, важныя выхаваўчыя меры.

У сваю чаргу А.Г.Каразей заўважыў, што нядаўнія выпускныя вечары ў школах прайшлі спакойна, ніякіх злачынстваў не адбылося. Былі адзначаны толькі адзінкавыя выпадкі продажу алкаголю, што было забаронена, але не падлеткам, а дарослым людзям.

Марына ХІДДЖАЗ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *