Не спыняцца на дасягнутым

- 10:32Людзі адукацыі

У педагогіку прыходзяць па-рознаму: адны  — па прыкладзе любімых настаўнікаў, другія — па закліку душы, трэція — выпадкова. Наталля Аляксееўна Катлярчук выбрала прафесію дзякуючы любімай настаўніцы, у школе апынулася выпадкова, а засталася ў ёй па закліку душы.

— Маё дзяцінства прайшло ў ваенным гарадку пад Лідай, які знаходзіўся пасярод лесу, — расказвае настаўніца. — З малых гадоў любіла гуляць па лесе, збі­раць ягады і грыбы, назіраць за птушкамі, слухаць іх спевы. З цягам часу любоў да прыроды толькі павялічвалася, стаўшы ў рэшце рэшт хобі. У школе захаплялася хіміяй, якую выкладала Святлана Фёдараўна Купцова, адна з любімых настаўніц. Таму, калі надышоў час выбіраць будучую прафесію, не раздумваючы, паступіла на біялагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны.

У 2002 годзе сям’я Катлярчук пераехала ў Баранавічы. Першым рабочым месцам маладога педагога стаў эколага-біялагічны цэнтр, дзе яна працавала кіраўніком гурт­ка “Займальная дэндралогія”. Спачатку, прызнаецца Наталля Аляксееўна, было вельмі цяжка, але дружны калектыў установы на чале з дырэктарам Наталляй Мікалаеўнай Талстой усяляк падтрымліваў і дапамагаў. Праз год педагогу даверылі кіраваць секцыяй у аранжарэі. Там Н.А.Катлярчук праводзіла ўвесь вольны час, займаючыся развядзеннем пакаёвых раслін. У 2005 годзе запрасілі ў сярэднюю школу № 16, дзе яна сёння выкладае хімію.

— Калі вучылася ва ўніверсітэце, планавала працаваць у якой-небудзь лабараторыі, але толькі не ў школе, — гаворыць Наталля Аляксееўна. — Але лёс звязаў з педагогікай, пра што зусім не шкадую. З кожным годам становіцца працаваць усё цікавей. Прыемна, што па маіх слядах пайшла і старэйшая дачка, якая скончыла той жа ўніверсітэт і сёння працуе настаўніцай хіміі ў адной са школ Баранавіч. Больш за ўсё ў рабоце падабаюцца зносіны з дзецьмі. Люблю перадаваць веды іншым. Не толькі вучу хіміі, але і вучу вучыцца ўвогуле.

На думку Н.А.Катлярчук, сучасны настаўнік павінен валодаць шырокім кругаглядам, творча падыходзіць да работы, цікава і дасканала выкладаць вучэбны матэрыял, пастаянна самаўдасканальвацца, быць прыкладам для вучняў.

— Вялікую ўвагу ўдзяляю павышэнню матывацыі да прадмета, — адзначае педагог. — Хімія — навука эксперыментальная. А хто з нас не любіць эксперыменты? У школьныя гады я была частым госцем у лабаранцкай кабінета хіміі. Усё разглядала і распытвала, дапамагала лабарантцы рыхтаваць практычныя работы, мыць прабіркі і інш. Таму і сваім вучням дазваляю самастойна праводзіць доследы падчас практычных работ. У рамках школьнай дэкады прыродазнаўства арганізоўваю конкурс “Пасвячэнне ў хімікі”, паказваю займальныя доследы, складаю пазнавальныя крыжаванкі, вяду прафарыентацыйныя гутаркі. 

У сваёй рабоце Н.А.Катлярчук часта звяртаецца да інфармацыйных тэхналогій, з дапамогай якіх ладзіць відэадоследы. Прапаноўвае дзецям вучыць адно аднаго. Вучні, якія хутчэй і лепш засвоілі матэрыял, працуюць у парах з аднакласнікамі. Акрамя таго, настаўніца выкарыстоўвае часткова пошукавы і даследчы метады, а таксама метад актыўнай ацэнкі.

— Веды, якія дзеці здабываюць самі, застаюцца ў іх на доўгія гады, — заўважае Наталля Аляксееўна. — Вылучаю найбольш паспяховых вучняў і далучаю іх да навукова-даследчай дзейнасці, якой займаюся з 2010 года. Нягле­дзячы на маю любоў да хіміі, усе даследчыя работы маюць біялагічную накіраванасць. Чаму? Справа ў тым, што ў біялогіі вельмі шырокі дыяпазон аб’ектаў для даследаванняў, якія не патрабуюць спецыяльнага абсталявання і рэактываў. Куды цяжэй знайсці дзяцей, гатовых цэлымі днямі хадзіць са мной па лугах, лясах і балотах, даследуючы навакольны свет. На шчасце, такія дзеці яшчэ сустракаюцца.

Н.А.Катлярчук прызнаецца, што першая даследчая работа не стала выніковай. Тады педагог пачала шукаць новыя падыходы, наведваць семінары, чытаць спецыяльную літаратуру. Другая вучнёўская работа была адзначана на гарадской навукова-практычнай канферэнцыі пахвальным водгукам. Пасля гэтага Наталля Аляксееўна паставіла мэту заняць на канферэнцыі 1-е месца. Удалося. Затым узнікла новая мэта. І яна была паспяхова дасягнута. На працягу апошніх 5 гадоў выхаванцы настаўніцы займаюць толькі 1-я месцы ў Абласным эколага-біялагічным конкурсе навуковых работ. У розныя гады Юрый Несцяровіч, Кацярына Ляўковіч і Паліна Харламава станавіліся пераможцамі рэспубліканскіх канферэнцый і конкурсаў, па выніках якіх з’яўляюцца стыпендыятамі спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі. Вучні ўдзельнічалі таксама ў міжнародных канферэнцыях, дзе былі адзначаны дыпломамі І і ІІ ступені. На рахунку выхаванцаў Н.А.Катлярчук — 25 дыпломаў, атрыманых за апошнія 6 гадоў.

Наталля Аляксееўна плануе і далей працаваць гэтак жа натхнёна, мэтанакіравана і вынікова, ставячы перад сабой і вучнямі амбіцыйныя мэты. І гэта нядзіўна, калі ўлічыць, што педагагічным крэда настаўніцы з’яўляюцца словы “Ісці наперад, не спыняцца на дасягнутым”.

Н.А.Катлярчук — член абласной творчай групы настаўнікаў хіміі, актыўная ўдзельніца абласных і рэспубліканскіх семінараў, дзе ахвотна дзеліцца эфектыўным вопытам з калегамі. Так, у мінулым навучальным годзе яна азнаёміла іх з уласнай мадэллю арганізацыі даследчай дзейнасці вучняў, правяла панарамны ўрок. Плённая праца Наталлі Аляксееўны адзначана граматамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Міністэрства адукацыі Беларусі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.