Не столькі пра мову размова…

- 11:09Мнение

Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы паспрабуем акрэсліць яе глыбінную функцыю: яднанне людзей у народ. І стане зразумелым, чаму жывое гучанне жывой беларускай мовы ў класах, на пазашкольных пляцоўках — адзін з паказчыкаў духоўнага здароўя нацыі.

Іван ЖДАНОВІЧ

Сустракаўся з настаўніцай беларускай мовы на Палессі. Разважалі ў тым ліку і пра значэнне роднай мовы для духоўнага паразумення між людзьмі — не проста ўтылітарнага «абмену інфармацыяй». Гаворка была пра палескі дыялект, і яна сказала: «Прыязджаю дадому ў вёску — з бацькамі гавару толькі па-свойску. Яны разумеюць і мову рускую, і беларускую літаратурную — але ж не зразумеюць мяне, калі я інакш з імі загавару».

«Не зразумеюць мяне…» — адчуваеце тонкасць? Словы бацькі зразумеюць, а вось душу даччыную-родную не змогуць адчуць у поўнай меры. А калі зносіны цяплом не споўнены, калі голы «трафік» інфармацыі («Как дела?» «Хорошо. А у тебя?..») нібы ў робатаў — гэта як праз шыбу цалавацца… Якая без душэўнай цеплыні ўвогуле можа быць пераемнасць традыцый? Якая повязь пакаленняў, роднасць, яднанне, блізкасць… Балючую для многіх сёння сітуацыю ў правальных зносінах з дзецьмі, блізкімі, роднымі фіксуюць гаджэты: «У цяперашні час абанент не можа вам адказаць…». Чаму не разумеем адно аднаго? Каб разумець — душы раскрываць трэба, у тым ліку і чароўным ключыкам роднай мовы. А то ключык заржавеў, то нейкі чып, адказны за душэўныя зносіны з блізкімі, не актывізаваны… Тады бяда: хоць і побач «абанент», але ў рэжыме засушанай воблы… І тут не столькі пра мову размова! У народзе хораша кажуць: сустрэцца — гутаркай сагрэцца. Вось: не гігабайты інфармацыі, не языком памалаціць важна ў зносінах — цеплыня зносін.

Такім чынам, пры дапамозе «свойскай» мовы, якая жыве і па сёння, падмацоўваецца духоўная блізкасць і еднасць людзей. А калі гаворым-пішам пра яднанне нацыі, дык глыбіннае, на ўзроўні душы яднанне вызначаецца так: гавораць на адной мове. У вёсках, ды і не толькі, менавіта роднае, «свойскае» слова жывіць і ўзбагачае стасункі, дае нам глыбіннае (і салодкае!) адчуванне як судакранання сэрцаў, так і паўнаты быцця.

Чаму пішу пра паўнату? Я меў магчымасць адчуць сябе чужым у палоне мовы, абсалютна незразумелай. У Піцеры падсялілі ў інтэрнаце мяне, першакурсніка з Яцкаўшчыны, трэцім у пакой да хлопцаў-студэнтаў з Іарданіі ды Йемена. Збяруцца іх сябры — і ўсе па-арабску. Памятаю, як цяжка быць «не ў сваёй талерцы» альбо «нібыта рыбіна без вады». Тое ж было, калі збіраліся ды экспрэсіўна, горача гаварылі па-свойму чачэнцы. І тут, заўважу, справа не ў мове, а ў тым, што ў чужамоўным асяроддзі адчуваеш псіхэфект нейкага выпадзення з плыні жыцця.

А ўявіце сабе: свет анямеў… Мы і не задумваемся, што ад канкрэтнай мовы зносін шмат чаго залежыць. Хоць кажам, што «спачатку было Слова», ды не агучваем прыхаваны сэнс думкі-формулы бясконцага тварэння свету, не падыходзім да разумення: так было — і так ёсць! Бо калі з’яўляецца чалавек, то яму свет гэты бачыцца новым і юным. А праз мову бацькоў, праз сацыяльныя кантакты, у тым ліку і працоўную дзейнасць мы спасцігаем, які ж ён увогуле ёсць.

Мова — жыцця аснова, ці ж не так! Нядаўна я пісаў тэкст пра ткацтва ў Неглюбскай школе і згадаў хрэстаматыйны верш Уладзіміра Дубоўкі, радкі пра тое, як знітавана з ткацтвам наша ментальнасць і мова: «Родная мова, цудоўная мова! Ты нашых думак уток і аснова!..» І ўся нацыя, наш менталітэт, сістэма каштоўнасцей складваліся і пад уплывам ткацтва. У кроснах нашага быцця аснова — мова! Калі школ на Беларусі яшчэ не было, то школу ткацтва праходзілі ўсе вясковыя дзяўчынкі з маленства — і аж да скону…

«Кожная мова ёсць асобны свет, — сцвярджае псіхалінгвіст, нейрапсіхолаг, нейрафізіёлаг Таццяна Чарнігаўская, дырэктар Інстытута кагнітыўных даследаванняў з Санкт-Пецярбурга. — Мова — не проста сродак для камунікацыі: гэта сродак мыслення, і тое вельмі важна». Таццяна Уладзіміраўна вышэйшую адукацыю атрымала на філфаку (аддзяленне англійскай філалогіі) тагачаснага Ленінградскага ўніверсітэта. І як тая альбо іншая мова ўплывае на псіхіку чалавека, ведае дасканальна. Дарэчы, па яе ініцыятыве на філфаку СПбДУ адкрыта вучэбная спецыялізацыя «Псіхалінгвістыка»…

Да сказанага вучоным пра мову як сродак мыслення дададзім: гэта ж і лад мыслення, «строй мыслей» па-руску. Што ёсць аснова менталітэту кожнага народа. Ёсць беларускі менталітэт, ёсць рускі, а раней быў савецкі, ёсць амерыканскі ці кітайскі, нямецкі, японскі… Менталітэт — якраз «сукупнасць разумовых, эмацыянальных і культурных асаблівасцей, а таксама каштоўнасцей чалавека ці групы». Вучоны развівае думку і акцэнтуе: мова якраз вызначае, ЯК мы думаем, і нашы каштоўнасныя арыенціры таксама.