Не страшна, бо ўпэўнены ва ўласных сілах

Першыя абітурыенты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі на пытанне “Як вы выбіралі БДУІР?”, нядоўга думаючы, адказалі: “Сэрцам”.

Прыём дакументаў пачаўся а дзявятай гадзіне 12 чэрвеня. Не зважаючы на даволі ранні час, у холе БДУІР было ажыўлена і шматлюдна. Як заўсёды, намаганні абітурыентаў не прайшлі дарэмна: першыя з іх атрымалі памятныя падарункі з рук рэктара Вадзіма Богуша.

— Для тых, хто хоча быць сапраўдным прафесіяналам, у БДУІР створаны ўсе ўмовы. Але рухацца далей можна, толькі калі чалавек настроены на сістэмную працу, — заўважыў Вадзім Анатольевіч. — Трэба разумець, што сучасныя патрабаванні да спецыялістаў вельмі высокія. Ад іх патрабуюцца глыбокія веды як па базавых, так і па спецыяльных прадметах, каб можна было паспяхова працаваць у сумежных галінах.

З новага навучальнага года БДУІР працягне актыўную работу па ўкараненні мадэлі “Універсітэт 3.0”.

— У нас традыцыйна моцны даследчы складнік, — адзначыў прафесар. — Мы плануем далучыць да навуковай дзейнасці яшчэ больш студэнтаў, а таксама развіваць інфраструктуру (у прыватнасці, бізнес-інкубатар, адкрыты ў мінулым годзе), зрабіць упор на новыя механізмы і камерцыялізацыю навуковых ідэй і вынікаў. Да таго ж будзе скарэкціраваны змест адукацыі ў выглядзе спецкурсаў або дадатковых дысцыплін. Сярод іх — прадметы, якія тычацца кіравання інтэлектуальнай уласнасцю, інфармацыйнай бяспекі і г.д. Гэта будзе праца са зваротнай сувяззю: плануецца не толькі разглядаць матэрыял, распрацаваны выкладчыкамі, але і закранаць аспекты, цікавыя студэнтам.

Падчас уступнай кампаніі ў БДУІР дзейнічае аўтаматызаваная сістэма падачы заяў і залічэння, якая дае абітурыенту магчымасць указваць у заяве спецыяльнасці згодна са сваім прыярытэтам. У залежнасці ад заяўленых балаў сістэма прапануе маладым людзям максімальна цікавую і карысную для іх спецыяльнасць. Па словах адказнага сакратара прыёмнай камісіі Васіля Бандарыка, чым больш спецыяльнасцей знаходзіцца ў спісе, тым большы шанс стаць студэнтам БДУІР. Аднак, нягледзячы на гэта, залічэнне адбываецца аўтаматычна, юнакі і дзяўчаты павінны падаваць дакументы ў прыёмную камісію асабіста.

Падача дакументаў заўсёды звязана з хваляваннем і сумненнямі, ці тую спецыяльнасць выбраў. Але зараз у абітурыентаў БДУІР значна больш магчымасцей для таго, каб зрабіць правільны выбар, чым гэта было да ўкаранення згаданай сістэмы.

— БДУІР, на маю думку, самы прэстыжны ўніверсітэт, дзе я магу атрымаць адукацыю па цікавым для мяне кірунку. Хацелася б звязаць жыццё з ІТ, — расказала выпускніца гімназіі № 136 Мінска Ангеліна Богуш. — Таму я падала заяву адразу на тры спецыяльнасці. Зараз не магу думаць пра нешта іншае, акрамя паступлення.

Абітурыент Ілья Дзюбайла скончыў Мінскі дзяржаўны каледж электронікі і збіраецца працягнуць навучанне ў БДУІР па скарочанай праграме навучання. Для гэтага яму давядзецца здаваць уступныя экзамены па спецыяльнасці непасрэдна ва ўніверсітэце.

— Здаваць экзамены зусім не страшна, — паведаміў хлопец. — Да таго ж я ўпэўнены ў сваіх сілах.

Вадзім Анатольевіч параіў абітурыентам вучыцца працаваць сістэмна, быць актыўнымі, не баяцца і суадносіць свае школьныя захапленні з магчымасцямі, якія можна атрымаць ва ўніверсітэце.

— Мы разлічваем, што да нас прыйдуць падрыхтаваныя і матываваныя студэнты, тыя, хто не толькі падрыхтаваўся і добра здаў уступныя экзамены, а ўжо бачыць сябе ў прафесіі, хто хоча і можа вучыцца. Спадзяюся, будучыя студэнты стануць генератарамі новых ідэй, якія мы будзем рэалізоўваць ва ўніверсітэце, — выказаў надзею Вадзім Богуш.

Ірына ІВАШКА.
Фота прадастаўлена прэс-службай БДУІР.