Не толькі аператыўна рэагаваць на парушэнні, але і папярэджваць пагрозы

Удасканаленне заканадаўчых актаў у сферы захавання нацыянальнай бяспекі і аховы грамадскага парадку абмяркоўвалася на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што паўтара месяца назад ужо абмяркоўваліся пытанні адпаведнасці заканадаўства існуючай сітуацыі і тое, наколькі яно эфектыўна дазваляе рэагаваць на сучасныя выклікі. “Вывад быў зроблены адназначны: неабходна карэкціроўка па ўсіх напрамках — крымінальнага, працоўнага і іншага заканадаўства”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

“Размова не павінна ісці толькі аб закручванні гаек. Недзе павінна быць і ўзмацненне адказнасці, а недзе, як мы працавалі над іншымі кодэксамі, напрыклад, павінны быць і паслабленні”, — акцэнтаваў увагу беларускі лідар.

Аб’ектыўная аснова для ўдасканалення заканадаўства — запатрабаванне простых грамадзян на захаванне грамадскай бяспекі, захаванне парадку і міру ў краіне, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым патрабаванне прэзідэнта застаецца ня­зменным: заканадаўства павінна не толькі аператыўна рэагаваць на любыя парушэнні, але і папярэджваць магчымыя пагрозы.

Пасля праведзенай раней нарады ў сціслыя тэрміны ў парламенце, Адміністрацыі прэзідэнта, Дзяржаўным сакратарыяце Савета бяспекі і іншых ведамствах падрыхтавана каля дзесяці законапраектаў. Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, у найбліжэйшы час гэтыя дакументы павінны быць не толькі разгледжаны парламентам, але і аператыўна ўведзены ў дзеянне.

У якасці прыкладу аператыўнасці па змяненні заканадаў­ства Аляксандр Лукашэнка прывёў Расійскую Федэрацыю. “На прыкладзе ўбачанага ў канцы мінулага года ў Беларусі яны зрабілі адпаведныя вывады, празрыста, дакладна, выразна прыняўшы пэўныя законы. Гэта не толькі прыклад аператыўнасці, але і па тэматыцы для нас вельмі важна”, — сказаў прэзідэнт. У прыватнасці, ён згадаў аб прыняцці закона па процідзеянні гераізацыі нацызму. “Гэта вельмі важнае для нас пытанне. Яны ў гэтым напрамку зрабілі канкрэтныя крокі. Чаму б не скарыстацца гэтым вопытам так, як яны скарысталіся нашым горкім вопытам?” — заў­важыў беларускі лідар.

“Як дакладваюць нашы спецслужбы, жыць спакойна нам не дадуць. А значыць, трэба быць гатовымі да любых праяўленняў дэструктыўнай актыўнасці — ад заклікаў да незаконных забастовак да маніпулявання свядомасцю людзей пры дапамозе інтэрнэт-тэхналогій, — звярнуў увагу беларускі лідар. — На кожны такі крок у арсенале ў нас павінны быць адэкватныя інструменты рэагавання”.

Перад удзельнікамі нарады — кіраўнікамі ўрада, парламента, судзейскага корпуса і праваахоўных ведамстваў — кіраўнік дзяржавы паставіў шэраг пытанняў. “Якія асноўныя змяненні плануюцца ў крымінальным заканадаўстве? Наколькі сістэмна яно перагледжана? Ці ў поўнай меры забяспечваецца ахова канстытуцыйнага ладу?” — спытаў Аляксандр Лукашэнка.

“Людзі павінны ведаць гэтыя змяненні законаў, азнаёміцца з іх зместам і дакладна зразумець, якія будуць наступствы за невыкананне законаў”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся, якія механізмы прадугледжаны ў частцы барацьбы з экстрэмізмам, ажыццяўлення нацыянальнай бяспекі і аховы грамадскага парадку.

Аляксандра Лукашэнку таксама цікавіла, што зроблена для навядзення парадку ў адвакатуры. “Асноўная задача гэтага прававога інстытута — абарона законных інтарэсаў грамадзян, суб’ектаў гаспадарання. Як яны тут няўхільна выконваюць закон? — абазначыў пытанне прэзідэнт. — Але яшчэ раз падкрэсліваю, без спроб паставіць кагосьці на калені і нахіліць. Вінаваты — адказвай, не вінаваты — ідзі працуй”.

Акрамя таго, прэзідэнт пацікавіўся, што яшчэ неабходна, каб грамадзяне краіны маглі спакойна жыць і працаваць, а дзяржслужачыя, ваенныя — выконваць свой абавязак. “Вось гэтыя ўкіды ў інтэрнэт — персанальныя даныя, пагрозы сем’ям, дзецям — гэта павінна выразацца гарачым жалезам. Гавару адкрытым тэкстам”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Сергяенка адзначыў, што ў мэтах выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы праведзены маштабны перагляд заканадаўства. Прававыя нормы вывучаліся ў праламленні як на падзеі паслявыбарнага перыяду, так і на неабходнасць папярэджання новых магчымых форм дэструктыўнай адказнасці. Гэтая работа вялася па некалькіх напрамках. На пляцоўках Адміністрацыі прэзідэнта і Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі былі створаны дзве рабочыя групы. Першая займалася ўдасканаленнем кодэкса па пытаннях крымінальнай адказнасці, другая каардынавала дзейнасць па карэкціроўцы заканадаўства ў сферы грамадскай бяспекі. Паміж групамі было наладжана пастаяннае ўзаемадзеянне.


Па выніках нарады ў прэзідэнта краіны кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка, Генеральны пракурор Андрэй Швед і іншыя службовы асобы пракаменціравалі шэраг падрыхтаваных заканадаўчых ініцыятыў, якія ў найбліжэйшы час будуць унесены ў парламент і разгледжаны на вясенняй сесіі.

Аб комплексным пераглядзе крымінальнага заканадаўства

Як адзначыў Ігар Сергяенка, праведзены маштабны перагляд заканадаўства. Пры выпрацоўцы тых ці іншых прапаноў дасканала аналізаваліся міжнародны вопыт і актуальныя тэндэнцыі ў тых ці іншых прававых аспектах. Неабходныя змяненні ўжо былі ўнесены ў КоАП і ПВКоАП.

Цяпер завершана работа па комплексным пераглядзе крымінальнага заканадаўства. Пры гэтым размова ідзе не толькі аб узмац­ненні адказнасці па некаторых напрамках, але ў шэрагу выпадкаў, наадварот, адбудзецца дэкрыміналізацыя.

“Гэта вялікі пласт праблем. Прапанаваныя меры накіраваны на тое, каб захаваць грамадскую бяспеку з улікам практыкі апошняга года, — сказаў Ігар Сергяенка. — Шэраг мер накіраваны на ўзмацненне абароны тых супрацоўнікаў, якія арганізоўваюць гэтую бяспеку, — супрацоўнікаў МУС, дзяржапарату, ваеннаслужачых”.

Пры ўдасканаленні заканадаўства перагледжаны шэраг артыку­лаў Крымінальнага кодэкса. У прыватнасці, выключаны асобныя склады, якія цяпер практычна не працуюць або па іх магчыма прыцягненне вінаватых асоб да адміністратыўнай адказнасці.

“З аднаго боку, па асобных складах уведзены новыя артыкулы, якія будуць узмацняць крымінальную адказнасць за парушэнні, у тым ліку законаў аб масавых мерапрыемствах. А па частцы артыкулаў адказнасць будзе змякчацца”, — растлумачыў Ігар Сергяенка.

У ліку заканадаўчых ініцыятыў — прапанова прадаставіць судам права самастойна прымаць рашэнне і прымяняць гібкія падыходы па назначэнні пакарання. “Гэта ў першую чаргу замена тых пакаранняў, дзе прадугледжана пазбаўленне волі, на абмежаванне волі”, — адзначыў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.

Паводле яго слоў, з улікам міжнароднага вопыту прапануецца ўзмацніць адказнасць за ўхіленне ад выплаты падаткаў, увесці паняцці “значны”, “вялікі” і “асабліва вялікі памер”.

Адзін з законапраектаў, які плануецца ўнесці ў парламент, тычыцца недапушчэння рэабілітацыі нацызму. Ігар Сергяенка звярнуў увагу на тое, што падрыхтоўка гэтага дакумента вядзецца з мінулага года. Выкарыстоўваўся пры рабоце над законапраектам і расійскі вопыт. У дакуменце зроблены акцэнт на прафілактычным складніку, каб не дапусціць рэабілітацыі нацызму і ўчынення сур’ёзных злачынстваў у гэтай сферы. З гэтай мэтай агаворваецца шэраг мерапрыемстваў ідэалагічнай накіраванасці.

“У цэлым усе ўдзельнікі нарады падыходы да змянення заканадаўства адобрылі. Выказаны асобныя заўвагі, якія будуць улічаны ў ходзе дапрацоўкі. Кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача, каб усё было ўлічана, зыходзіла ад практыкі і так, каб нашы грамадзяне даведаліся аб гэтым загадзя: аб законах, якія будуць прыняты, якая адказнасць будзе ўводзіцца па тых ці іншых артыкулах”, — падагульніў Ігар Сергяенка.

Аб процідзеянні экстрэмізму

Генеральны пракурор Андрэй Швед расказаў аб ініцыятывах яго ведамства. Частка з іх тычыцца ўзмацнення і канкрэтызацыі адказнасці за экстрэмісцкую дзейнасць. “Мы прааналізавалі вопыт падзей мінулага года, улічылі ў заканадаўстве вопыт іншых краін, у тым ліку Расійскай Федэрацыі, падрыхтавалі адпаведны праект закона”, — расказаў генпракурор.

Паводле яго слоў, у дакуменце канкрэтызуецца паняцце, што такое экстрэмізм. “Гэта любая процізаконная дзейнасць, накіраваная ў тым ліку на тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт нашай дзяржавы, канстытуцыйны лад, грамадскую бяспеку. Удакладнена паняцце экстрэмісцкіх матэрыялаў. Цяпер гэта не толькі інфармацыйная прадукцыя, але і любая атрыбутыка, сімволіка, якая выкарыстоўваецца з гэтай мэтай”, — сказаў Андрэй Швед.

Пашыраны паўнамоцтвы шэрага дзяржаўных органаў, у тым ліку органаў пракуратуры. Прапануецца разам з генпракурорам надзяліць пракурораў абласцей і Мінска правам прыпы­няць д­зейнасць арганізацый, калі ў іх рабоце ёсць прыкметы экстрэмізму, і ініцыіраваць перад судом пытанні аб іх ліквідацыі. Сама працэдура ліквідацыі такіх арганізацый прапануецца ў паскораным парадку.

Міністэрства ўнутраных спраў, КДБ разам з пракуратурай таксама будуць надзелены правам унясення прадпісанняў аб уста­раненні парушэнняў закона, накіраванага на процідзеянне экстрэмізму. У выпадку ігнаравання гэтых прадпісанняў дзей­насць юрыдычных асоб будзе спыняцца.

На МУС прапануецца ўскласці адказнасць за вядзенне банка даных асоб, якія былі выкрыты ў экстрэмізме. Размова ідзе як аб фізічных, так і аб юрыдычных асобах.

“Акрамя таго, у Крымінальны кодэкс унесены адпаведныя карэкціроўкі і папраўкі, накіраваныя на тое, каб тыя асобы, якія ўчыняюць экстрэмісцкія дзеянні, прыцягваліся ў тым ліку да крымінальнай адказнасці. Канкрэтызаваны ўсе віды дзейнасці, якія тым ці іншым чынам садзейнічаюць экстрэмісцкай дзейнасці. Гэта, напрыклад, вярбоўка, абучэнне, падрыхтоўка… Гэта зна­чыць, любая форма дзейнасці, якая звязана з экстрэмізмам, у далейшым будзе падлягаць крымінальна-прававой ацэнцы”, — падкрэсліў Андрэй Швед.

Аб “забастоўках” на прадпрыемствах

Намеснік дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Аляксандр Рахманаў расказаў, што прапануюцца змяненні і ў працоўнае заканадаўства, накіраваныя на недапушчэнне незаконных забастовак. Але ўдакладніў, што калі гаварыць юрыдычнай мовай, то, напэўна, няправільна будзе ўжываць тэрмін “забастоўка”.

“Як вы бачылі, акцыі, якія адбываліся на прадпрыемствах у мінулым годзе, не мелі мэты, якія мае забастоўка, — вырашэнне нейкай працоўнай спрэчкі паміж работнікамі і наймальнікамі. Іх мэта была расхістаць калектыў, дэстабілізаваць работу прад­прыемства, поўнасцю спыніць яго работу, а ў далейшым падзяліць рынкі. Прытым замежныя рынкі, на якіх прадукцыя нашага айчыннага вытворцы карыстаецца даволі высокім попытам”, — растлумачыў намеснік дзяржсакратара.

Аб фэйках і публікацыі асабістых даных

Чакаецца, што ў беларускім заканадаўстве з’явіцца дадатковая адказнасць для аўтараў, якія распаўсюджваюць недакладную інфармацыю — так званыя фэйкі.

Аляксандр Рахманаў адзначыў, што такія навацыі апошнім часам укараняюцца ў заканадаўстве шэрага замежных дзяржаў. Ён падкрэсліў актуальнасць праблемы распаўсюджвання недакладнай інфармацыі пад выглядам дакладнай.

“Вядома ж, у нацыянальным заканадаўстве з’явіцца дадатковая адказнасць для тых людзей, якія займаюцца распаўсюджваннем ілжывай, недакладнай інфармацыі, тым больш выдаючы яе ў якасці дакладнай і праверанай. Па розных напрамках нашага жыцця. Гэта і развіццё краіны, і ваенна-тэхнічны стан, стан рызык і выклікаў для нацыянальнай бяспекі. Гэта і стан спраў у галіне аховы здароўя і гэтак далей”, — растлумачыў ён.

“Даволі вялікую шкоду можа нанесці такая інфармацыя, калі яна накіравана на дыскрэдытацыю дзяржавы, грамадскіх інстытутаў. Зразумела, што мэта адна — распальваць сярод насельніцтва нецярпімасць і незадавальненне, якія ў далейшым выліваюцца ў розныя іншыя акты — злачынствы і негатыў, з якім мы ў тым ліку сутыкаліся ў другім паўгоддзі 2020 года”, — акцэнтаваў увагу намеснік дзяржсакратара.

Акрамя таго, Аляксандр Рахманаў паведаміў, што прадугле­джваецца істотна ўзмацніць пакаранне за публікацыю асабістых даных. Пры гэтым будзе прадугледжана розная адказнасць за збор, распаўсюджванне і выпадкі, калі гэта прывяло да наступ­стваў і ўрону для грамадзян.

Аб барацьбе з гераізацыяй і рэабілітацыяй нацызму

Таксама падрыхтаваны праект закона, накіраваны на проці­дзеянне гераізацыі нацызму. “Мы дэталёва абмеркавалі гэты законапраект (на праведзенай у Прэзідэнта Беларусі нарадзе. — Заўвага БелТА.). Ён на злобу дня”, — расказаў Андрэй Швед.

Паводле слоў генпракурора, прыняцце закона стане сур’ёзным крокам у процідзеянні існуючым негатыўным праяўленням. “Мы сталі адзначаць, у тым ліку ў СМІ, інтэрнэце, такія праяўленні, накіраваныя на тое, каб абяліць нацысцкіх злачынцаў, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны арганізавалі злачынствы супраць беларускага народа, учынілі тут генацыд, — растлумачыў ён. — Акрамя таго, Генпракуратура некалькі месяцаў назад пачала работу, накіраваную на тое, каб вырашыць пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Сёння аб гэтым даложана кіраўніку дзяржавы. Работа гэтая працягваецца сумесна з іншымі дзяржаўнымі органамі, Акадэміяй навук, архівамі. І мы гаворым аб тым, што ў найбліжэйшы час такое пытанне будзе разгледжана”.

У сваю чаргу намеснік дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Аляксандр Рахманаў падкрэсліў, што Вялікая Айчынная вайна закранула кожную сям’ю: “Гэта наш агульны боль, калі мільёны лю­дзей паклалі свае жыцці на алтар Перамогі. А тыя зверствы, якія чыніў вораг на тэрыторыі нашай краіны, сапраўды жахлівыя”.

Паводле яго слоў, акрамя выкладзенага ў законапраекце будзе і дадатковы канкрэтны адказ з боку Беларусі на міжнароднай арэне па адпаведнай тэматыцы. “Мы бескампрамісныя. Мы змагаемся з нацызмам і яго рэабілітацыяй”, — падкрэсліў Аляксандр Рахманаў.

Аб адвакацкай дзейнасці

Як расказаў міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі, падрыхтаваны папраўкі, якія тычацца адвакацкай дзейнасці. Яны накіраваны на ўмацаванне кадравага патэнцыялу адвакатуры, узмацненне прынцыпу законнасці ў іх рабоце і павышэнне якасці і даступнасці іх паслуг.

Прадугледжваецца скасаваць абавязковы трохгадовы стаж па юрыдычнай спецыяльнасці для звароту за стажыроўкай і атрыманнем ліцэнзіі адваката. У той жа час для асоб, якія маюць значны вопыт работы ў судах, праваахоўнай сістэме, органах юстыцыі, прапануецца спрасціць парадак праходжання кваліфікацыйнага экзамену і ўступлення ў адвакатуру.

У ліку заканадаўчых навацый — пашырэнне пераліку катэгорый і пытанняў, па якіх адвакацкія паслугі будуць аказвацца грамадзянам (у першую чаргу маламаёмным) за кошт калегіі адвакатаў.

Паводле слоў міністра, апошнім часам асобныя адвакаты перавышаюць свае паўнамоцтвы, іх дзеянні патрабуюць прынцыповай ацэнкі, і гэта стала прычынай для выпрацоўкі новай нормы. Плануецца скасаваць дысцыплінарныя камісіі і ўскласці абавязак па разглядзе выпадкаў, што патрабуюць адказнасці адвакатаў, на саветы калегіі адвакатаў.

На нарадзе абмяркоўвалася таксама мэтазгоднасць работы адвакатаў у існуючых арганізацыйна-прававых формах — гэта юрыдычныя кансультацыі, адвакацкія бюро і ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці індывідуальна. Размова ішла аб магчымасці заканадаўча замацаваць, што адвакаты, якія ажыццяўляюць дзейнасць індывідуальна, і адвакаты, якія працуюць у адвакацкіх бюро, павінны спецыялізавацца на аказанні паслуг па грамадзянскіх і эканамічных справах. Адвакаты, якія працуюць у юрыдычных кансультацыях, змогуць аказваць адвакацкія паслугі па ўсіх напрамках.

Па матэрыялах БелТА.